Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эпоха дыктатуры скончылася ў палітыцы і ў мастацтве». Галоўны дырыжор Чарнуха-Воліч расказаў пра звальненьне з опэрнага тэатру


Вячаслаў Чарнуха-Воліч
Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Галоўны дырыжор Адэскага нацыянальнага тэатру опэры і балету Вячаслаў Чарнуха-Воліч расказаў Свабодзе Premium, чаму ў жніўні 2020-га яму давялося сысьці з пасады галоўнага дырыжора беларускай опэры праз два дні пасьля прызначэньня.

Музыка тлумачыць, чаму лічыць найбольш актуальным творам для Беларусі «Дзікае паляваньне караля Стаха», і сьцьвярджае, што як дырыжор у сучасным сьвеце ня можа быць дыктатарам, так і ў палітыцы — гэта мінулая эпоха.

Глядзіце размову на відэа цалкам

«У адказ прагучала, што мяне звольняць гэтак жа, як звольнілі Паўла Латушку»

— Давайце вернемся ў жнівень 2020 году, калі вас прызначылі на пасаду галоўнага дырыжора Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі і праз два дні звольнілі. Тады не было ўцямных тлумачэньняў, была спасылка на перанесены ковід, але меркавалася, што гэта было зьвязана з падтрымкай купалаўцаў. Што адбылося?

Вячаслаў Чарнуха-Воліч
Вячаслаў Чарнуха-Воліч

— Я зрабіў некалькі запісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Адну ў падтрымку Віктара Бабарыкі, калі яго зьняволілі, і потым некалькі пастоў пасьля выбараў — супраць гвалту, беззаконьня і ў падтрымку купалаўцаў і Паўла Латушкі. Мне патлумачылі, што лепей зрабіць, у выніку я напісаў просьбу пра звальненьне ў сувязі з каранавіруснай хваробай, якая ў той час была ў моцнай фазе.

Тады я задаў толькі адно пытаньне. Казаў, што падставаў мяне звольніць няма ніякіх, бо гэтыя запісы былі, калі я яшчэ не працаваў на гэтай пасадзе, што гэта мая асабістая думка, грамадзянская пазыцыя, і я не парушыў ніводнага закону. У адказ прагучала, што мяне звольняць гэтак жа, як звольнілі Паўла Латушку. Мне стала ўсё зразумела, і я вырашыў для сябе, што лепей разысьціся такім чынам, чым спрачацца з гэтай машынай, якая катком праходзіцца па лёсе тысяч і тысяч беларусаў.

Ніякага жалю з гэтай нагоды не было. Жаль быў за краіну. Зразумела было, што гэта дабром ня скончыцца, будзе працягвацца, што гэта толькі пачатак барацьбы за свой лёс, за свабоду, за права мець сваю думку наконт асабістага і грамадзкага жыцьця, і трывога за будучыню краіны.

— Як вы вярнуліся ў Адэсу, дзе перад прызначэньнем былі галоўным дырыжорам тэатру опэры і балету?

— Калі я завяршаў свой першы сэзон у Адэскай опэры, то дамовіліся з дырэктаркай тэатру Надзеяй Бабіч, што мы працягнем нашыя дачыненьні, можа зьменім толькі афіцыйныя адносіны. Можа, яны будуць кантрактныя... Калі разьвітваліся, Надзея Бабіч сказала: «Жадаю, каб у вас усё было добра, але калі ўзьнікнуць нейкія праблемы, я заўсёды вас прыму ў Адэсе на той пасадзе, якую вы пакідаеце». Ніхто ня думаў, што так і здарыцца праз такі кароткі час. Я патэлефанаваў у Адэсу, і мне адказалі, што тэатар мяне чакае. У мяне быў надзейны тыл, і гэта спрыяла ўпэўненасьці ў будучыні.

«Тэатар — маленькі адбітак, маленькі шыфр краіны»

— Што цяпер адбываецца ў Вялікім тэатры Беларусі? Шмат артыстаў і музыкаў былі вымушаныя зьехаць ці былі звольненыя праз падтрымку мірнага пратэсту. Што страціў тэатар?

Вячаслаў Чарнуха-Воліч
Вячаслаў Чарнуха-Воліч

— Я падтрымліваю сувязь з калегамі. Тэатар — маленькі адбітак, маленькі шыфр краіны. У тэатры шмат розных думак, людзі ўсе розныя, адны на адным баку, другія — на другім. Вельмі шмат людзей лічыць, што трэба працягваць сьпяваць, танцаваць, граць у аркестры і ня ўмешвацца ні ў якія справы. Рознагалосьсе мае быць і сёньня.

На жаль, самыя адказныя і адметныя людзі, якія думаюць ня толькі пра сябе, але і пра будучыню, пра лёс краіны, тэатру, беларускай культуры, страцілі сваю працу ў першую чаргу. Ня буду пералічваць імёны, яны шырока вядомыя. Пяцёх вядомых асобаў звольнілі ўвосень, зараз працэс працягваецца. Усіх, хто мае сваю думку, кіраўніцтва тэатру па адным спрабуе выціснуць рознымі спосабамі, зь якіх самы просты — завяршэньне кантакту.

Такім чынам страціў працу Ўладзімер Пятроў, выдатны сьпявак і сапраўдны грамадзянін, народны артыст Беларусі, голас якога — візытоўка краіны. Ён на працягу больш як двух дзесяцігодзьдзяў быў ва ўсіх прэм’ерных складах, на ўсіх адметных канцэртах ці на гастролях. Гэты сьпявак вельмі гучна выказаў сваю пазыцыю і быў проста звольнены пасьля заканчэньня кантракту. Так па адным звальняюць з аркестру, з хору... Гэта страты, якія немагчыма аднавіць хутка. Пройдзе час, і зьявяцца новыя зоркі і новыя імёны. Але ж мы жывём сёньня, і мастацкі ўзровень, які мела нацыянальная опэра, будзе ісьці на спад.

«Прароцкай стала аповесьць Караткевіча „Дзікае паляваньне караля Стаха“»

— Калісьці я рабіла інтэрвію з опэрнай сямʼёй — прымай Марыінскага тэатру Марынай Шагуч і дырыжорам і кантрабасістам Аляксандрам Хайндравам, і я запытала іх, якія опэрныя арыі маглі б ускосна характарызаваць такіх палітыкаў, як Лукашэнка, Пуцін, Трамп і Саакашвілі? Лукашэнку яны прапанавалі «Ни сна, ни отдыха измученной душе» Гадунова, для Пуціна арыі не знайшлося, Саакашвілі — Фігара, і Трамп — Фальстаф. А якія опэрныя арыі, на ваш погляд, найбольш пасуюць як Лукашэнку, так і розным героям беларускай рэвалюцыі?

— Гістарычныя постаці мы ведаем зь літаратуры і з музычных твораў. Я думаю, што Марыя Калесьнікава — сёньня Жанна дʼАрк. Час дае грамадзтву новых людзей. І большасьць зь іх цяпер у вязьніцы. Ёсьць дзьве вельмі вядомыя опэры ў Мусаргскага — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына», у якіх шмат пэрсанажаў, якіх можна «падкласьці» пад сёньняшні стан ня толькі беларускага, але і расейскага грамадзтва. А для нас неверагоднай і гістарычна праўдзівай, прароцкай стала аповесьць Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха». Там нашыя героі, наш мэнталітэт, спробы вырвацца з гэтага дзікунства... І бачыце, як нас гэта дагэтуль вельмі моцна трымае, на жаль. Але ж ёсьць надзея.

— У Адэсе знайшлі часовы ці, магчыма, сталы прытулак многія беларусы, якія былі вымушаныя зьехаць з краіны. Ці ў кантакце вы са старой і новай беларускай дыяспарай?

— Кантактую зь землякамі. Выходзілі разам на акцыі салідарнасьці. Ня толькі ў Адэсе, але і ў Кіеве, і ў Львове беларусаў шмат, яны спрабуюць зьмяніць свой векавы код маўклівасьці. Я бачу, што маладое пакаленьне беларусаў хоча быць нацыяй і робіць крокі дзеля гэтага.

— Калісьці дырыжор Віталь Алексяёнак у інтэрвію Свабодзе казаў, што час дырыжораў-дыктатараў сышоў. Ці згодныя вы?

Вячаслаў Чарнуха-Воліч
Вячаслаў Чарнуха-Воліч

— Эпоха дыктатуры даўно скончылася ня толькі ў палітыцы, але і ў мастацтве. Сёньня кіраваць ці культурай, ці грамадзтвам немагчыма тымі мэтадамі і сродкамі, якімі было магчыма кіраваць у сярэдзіне 20-га стагодзьдзя. Сьвет стаў зусім іншы. Тое, што мы назіраем у Беларусі сёньня, гэта нонсэнс для 21 стагодзьдзя, і гэта ставіць нашу краіну ў адзін шэраг з самымі страшнымі, самымі адсталымі зьявамі ў сусьветным грамадзтве. І дырыжор сёньня працуе зусім па-іншаму.

Вячаслаў Чарнуха-Воліч скончыў Беларускую акадэмію музыкі і магістратуру акадэміі. У 1993-м стаў дырыжорам Беларускага дзяржаўнага тэатру музычнай камэдыі. У 1995–2019 гадах — дырыжор Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі. Апошні год, з 2019-га — галоўны дырыжор Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету.

Аўтар шматлікіх творчых праграм і праектаў Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі, у тым ліку «Ноч опэры ў Мірскім замку», «Маладыя таленты Беларусі», «Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG