9 ліпеня ў межах тыдня беларускай культуры ў Вільні, у Рускім драматычным тэатры Літвы горадзенскія акторы, якія пратэставалі і былі звольненыя праз сваю грамадзянскую пазыцыю, разам з літоўскім рэжысэрам Андрусам Дар'ялам паставілі спэктакль «Трэцяя зьмена» паводле п’есы беларускага драматурга Паўла Пражко.
Акторы і рэжысэр падзяліліся ўражаньнямі пасьля прэм’еры і расказалі, чаму гісторыя пра піянэрскі лягер так нагадвае цяперашнюю Беларусь і што будзе са спэктаклем далей.
«Трэцяя зьмена» — гісторыя пра піянэрскі лягер, прымусовы парадак і разбурэньне ілюзій. Для звычайнага гледача, які не пагружаны ў кантэкст падзеяў Беларусі, спэктакль можа падацца сьмешным і абсурдным, у той час як для саміх беларусаў — гэта рэальнае жыцьцё, лічыць актор Віталь Лявонаў.
«Пражко бярэ вобраз лягера, а адсылка да Беларусі, што вось тут адбываецца дурдом і кашмар. І звычайны глядач, які не разумее, што робіцца ў Беларусі, ён сядзіць і такі: "Га, прыкольна, поўны абсурд". А для беларусаў гэта адразу адсылка да падзей, пачынаючы з 2005».
«Я казаў артыстам: "Вы заўсёды сваё падкладайце. Ня важна, што сытуацыя ў лягеры, але вы ж ведаеце, што цяпер адбываецца, што ў нас дзеці быццам гуляюцца, зрываюць майткі, пры гэтым жартуюць, сьмяюцца, бʼюцца, але гэта ўжо не гульня". Я задаволены і я ўбачыў, што гэта вельмі страшны спэктакль. Чамусьці мы рэпэтавалі яго даволі лёгка, хоць часам спыняліся і нейкія сурʼёзныя рэчы абмяркоўвалі», — дадае рэжысэр Андрус Дарʼяла.
Рэжысэр кажа, што твор і спэктакль завязаны таксама на тым, што Савецкі Саюз — гэта вялікая геапалітычная катастрофа, калі людзей з рознай культурай, традыцыямі, верай, ладам жыцьця аб’ядноўваюць у адзін народ.
«Вось і атрымліваецца: калгас, ГУЛАГ, піянэрскі лягер. Нават я — літовец, які нарадзіўся ў Сыбіры ў ссылцы, — ня думаў пра сваю гісторыю пакуль ня стаў падрастаць, потым пачынаеш разумець, як цяжка адтуль [з СССР — РС] выходзяць. Літва практычна першая выйшла, і што мы маем? Быў мірны пратэст, людзі мірна выходзілі, але столькі ахвяр, параненых, забітых, усіх ведаем па імёнах. Калі Украіна з гэтага выходзіла, мы мелі 15000 трупаў. А Беларусь, якая зусім побач? Чаму ўсім так страшна? Чаму ня хочацца варухнуцца? Але ўсё роўна так далей не працягнецца. Сьвет ужо зусім іншы, свабодны, дзеці па-іншаму думаюць, няма межаў, няма ніякіх дратоў, немагчыма адгарадзіцца. Вядома, гэтыя лягеры таксама павінны быць разбураны».
«Калі я бяру сваю калегу і б’ю галавой аб сцэну, я пачынаю разумець, што яны [АМАПаўкі — РС] адчуваюць»
У пастаноўцы паказана шмат момантаў уплыву людзей адно на аднаго — як сыстэма зь дзяцінства гвалтам прымушае падпарадкоўвацца і быць паслухмяным. Але некаторыя спрабуюць супрацьстаяць. Так, напрыклад, герой Віталя Лявонава — адзіны зь дзяцей, хто чытаў кнігі, і праз гэта ў яго здараецца канфлікт з усімі.
«Лёша — самы старэйшы, але спрабуе падпарадкоўвацца ўсім правілам, быць такім жа, як і астатнія. Але паколькі ён чытае кнігі, ён разумее, што тут адбываецца поўны кавардак і напрыканцы спэктакля кажа: «Ну ўсё, хопіць, так больш ня можам жыць», — распавядае Віталь Лявонаў.
Актор кажа, што да параўнаньня сытуацыі ў п’есе з Беларусьсю трупа прыходзіла паступова, у адрозьненьне ад гледача, якога адразу з галавой акунулі ў такую атмасфэру.
«Падчас рэпэтыцый Андрус нас рыхтаваў: маўляў, гэта лягер, у якім будзе выхоўвацца АМАП, АМАП для АМАПу, уявіце сабе, што на працягу 27 гадоў гэта адбываецца штогод».
Віталь заўважае, што і назва п’есы ўжо адсылае нас да супраціву, бо трэцяя зьмена — самая апошняя, у ёй зьбіраюцца самыя старэйшыя і дасьведчаныя, і тут адбываецца канфлікт падлеткаў са старэйшым пакаленьнем.
«Тое ж самае, што ў Беларусі на працягу 27 гадоў, вырастае новае пакаленьне, яно бачыць, што мянты, АМАП, нейкія кіраўнікі пастаянна прыходзяць і кажуць: "Трэба зрабіць вось так". Сьпіраль гэтых пакаленьняў накручваецца і людзі самі не ўсьведамляюць, што яны робяць. Атрымліваецца толькі адзін Лёша кажа: "Ну давайце памяняем што-небудзь урэшце". Нас жа вучылі гэтаму ўсяму. Як рабіць "цёмную", вучылі? Вучылі. Гуляць у бутэлечку вучылі? Вучылі. Гномікаў мы таксама выклікалі. Усё падробленае, і толькі адзін Лёша разумее, што ўсё гэта дэкарацыі, гэтага не існуе, нас падманваюць».
Некаторыя акторы пераўвасаблялі ў сваіх героях вобразы з рэальнага жыцьця. Гэтак зрабіла Натальля Лявонава са сваёй «Таняй», якую прысьвяціла дзьвюм маладым АМАПаўкам, што ў Горадні моцна зьбілі пажылую кабету.
«Я вельмі хачу, каб такіх жанчын больш не было, каб нашыя дзеці жылі шчасьліва, каб яны бачылі сьвет і больш у такія ўмовы не траплялі. Мне было вельмі складана і цікава адначасова з гэтым вобразам. Калі я бяру сваю калегу і б’ю галавой аб сцэну, я пачынаю разумець, што яны [АМАПаўкі — РС] адчуваюць, гэта такі агрэсіўны драйв», — апавядае Натальля.
Акторка прызнаецца, што спачатку ненавідзела сваю гераіню.
«Потым я падумала, што неабходна, каб людзі бачылі, што ёсьць такія дзяўчаты, яны не ва ўсім вінаватыя, а гэта сыстэма. Яны ніколі ня бачылі іншага жыцьця, яны адчувалі драйв, што яны могуць камандаваць. Мы павінны паказваць такім дзяўчатам іншае жыцьцё, каб яны такімі не былі».
Адзін з запамінальных вобразаў, якія таксама нагадваюць сытуацыю ў Беларусі — Няня. Фактычна адну асобу загралі Валянціна Харытонава і Сяргей Курыленка.
«Мой пэрсанаж, як сымбаль лёсу, вырашае: жыць ці памерці, быць шчасьлівым або няшчасным, рабом ці царом. У Сяргея Уладзіміравіча вобраз АМАПаўца, такой дэманічнай, разбуральнай сілы. Калі ж сытуацыя нейкая адбываецца паміж дабром і злом, зьяўляецца лёс і вырашае. Гэты пэрсанаж дае чалавеку, якога яшчэ не на сьмерць зьбілі, сілы для таго, каб адчуць сябе новым, яшчэ мацнейшым», — кажа Валянціна Харытонава.
«Мы ўсё зробім, я толькі прашу даверу»
«Трэцюю зьмену» паставілі ўсяго за два тыдні.
«Я вельмі баяўся, — прызнаецца рэжысэр. — У мяне ў галаве было ўсё прыдумана і недзе ў сярэдзіне чэрвеня я напісаў усім, маўляў, мы пасьпеем, будзем дзень і ноч працаваць, але ўсё зробім, я толькі прашу даверу. Я ім дужа ўдзячны, што яны так самааддана працавалі! Увогуле ўсё было пад пытаньнем. Віталь нагу вельмі моцна пашкодзіў, але ён ачуняў! Проста цуд нейкі, бо такі вывіх хутка не праходзіць. Я яму кажу: «Віталя, я хачу, каб ты граў, адмяняць мы не можам. Калі трэба, я сам выйду, але гэта няправільна, я хачу, каб твае вочы былі».
Акторка Натальля Лявонава таксама кажа, што было складана рэпэтаваць у такім рытме.
«Але ж наш рэжысэр Андрус і яго жонка мастак спэктакля неяк нас заразілі гэтым матэрыялам. Нам так прыемна было працаваць, бо мы даўно не гралі. Было цікава разьбірацца ў такіх складаных і адначасова прымітыўных вобразах. Яны як жывёліны — інстынкт самазахаваньня і больш ніякіх пачуцьцяў».
«Рэвалюцыя працягваецца, што б там ні казалі»
Рэжысэр плянуе граць спэктакль надалей і, магчыма, паказаць яго беларускім гледачам хаця б у онлайн-фармаце, цяпер разглядаюцца дамовы аб аўтарскіх правах. Андрус кажа, што вельмі важны кантэкст, у якім граецца п’еса, яе гучаньне ў Беларусі.
Увогуле рэжысэр шмат гаворыць аб нашай краіне і зьменах, якія, на яго думку, адбудуцца хутка.
«Праўда ў тым, што павінны зьмяняцца пакаленьні, людзі павінны прыгожа старэць. Хутка гэта ўсё адбываецца і якраз роля культуры — вельмі важная. Вы замест гэтых ток-шоу, гэтага Азаронка (мне яго аднойчы паказалі, і я ня вытрымаў), пакажыце кіно добрае. У Беларусі вельмі шмат зьнята было. Тэатар пакажыце таксама, я па сваім досьведзе ведаю некалькі дзясяткаў значных п’ес. А музыкі вашыя? Ну гэта ж хараство! Усё роўна цяпер зусім іншая Беларусь. І наколькі гэта прыгожа. Прыйдзе час, будзе ўсплёск мастацтва. Колькі гэтай пяшчоты ня выказанай ні ў кіно, ні ў тэатры. Гэтая пячатка [пратэстаў — РС] застанецца, і народ будзе іншы, але ўжо з досьведам. А рэвалюцыя працягваецца, што б там ні казалі».