Эўракамісія назвала прычынай росту цэн попыт на энэргарэсурсы. Паводле зьвестак ведамства, ён дасягнуў максымуму за апошнія 25 гадоў.
Францыя, Гішпанія, Чэхія, Грэцыя і Румынія прапанавалі расьсьледаваць прычыны рэкорднага росту цэн на газ у Эўропе. Міністры фінансаў гэтых краін прапанавалі стварыць агульны інструмэнтар для краін Эўразьвязу, каб рэагаваць на скачкі цэн на энэргарэсурсы. Краіны ЭЗ павінны каардынаваць закупкі газу, каб узмацніць свае перамоўныя інтарэсы, гаворыцца ў заяве міністраў.
Цана газу ў Эўропе пачала расьці летам. Адной з прычын для скачка экспэрты называюць халодную зіму 2020 году і анамальную сьпякоту летам.
Эўрапейскія сховішчы фіксуюць дэфіцыт запасаў паліва. Да пачатку ацяпляльнага сэзону ў Эўропе 1 кастрычніка яны аказаліся запоўненыя прыкладна на 70 працэнтаў — гэта мінімум з 2011 году. Летась сховішчы былі запоўненыя амаль на 95 адсоткаў.
Расейскае выданьне РБК паведамляла, што на цэнах адбіліся вынікі аўкцыёнаў у справе браніраваньня дадатковых магутнасьцяў для транзыту газу праз Украіну на верасень. На іх былі выстаўленыя магутнасьці да 15 мільёнаў кубамэтраў у суткі, але «Газпрам» выкупіў крыху больш за чатыры адсоткі аб’ёму. На аўкцыёне 20 верасьня дадатковыя магутнасьці кампанія браніраваць ня стала.
Гэта дало падставы Эўрапарлямэнту западозрыць расейскую газавую манаполію «Газпрам» у сьвядомым ціску на рынак. Расейскі канцэрн у адказ заявіў, што імкнецца нарасьціць аб’ём паставак. Масква сьцьвярджае, што цэны будуць збалянсаваныя пасьля запуску газаправоду «Паўночны паток — 2».