Раней «Газпром» апублікаваў паведамленьне, што ў чацьвёртым квартале транзыт газу празь Беларусь будзе істотна скарочаны. Гэта тлумачылася новым падыходам Польшчы да закупак: ад леташняга траўня польскі аператар Gaz-System праводзіць аўкцыёны на пастаўкі газу, піша сайт Тelegraf.by.
Сёлета 1 кастрычніка мінулі гадавыя абавязаньні «Газпрома» на пастаўку газаправодам Ямал — Эўропа 78 млн кубамэтраў штодзень (крыху больш за 7 млрд кубамэтраў за квартал). Такім чынам, расейскі манапаліст ня стаў фіксаваць пляны пастаўкі ў Польшчу ў чацьвёртым квартале на ранейшым узроўні, патлумачыўшы, што на гэты пэрыяд няма кантракту на прапампоўку.
Значнае скарачэньне аб’ёмаў транзыту азначае, што ў некалькі разоў будзе меншы і прыбытак Беларусі ад транзыту. Колькі з гэтага мае беларускі бюджэт, сказаць складана, бо афіцыйна дадзеныя не агучваліся.
Намеры на 2021 год публічна не агучваліся, але нават з улікам новых падыходаў да транзыту з боку Польшчы недаатрыманая выгада можа вымяряцца дзясяткамі мільёнаў даляраў.
Раней аналітык інфармацыйна-аналітычнага агенцтва RUPEC Аляксандар Сабко адзначаў, што польска-беларускі кірунак заўсёды быў таньнейшы, бо там карацейшы маршрут і досыць нізкая цана транзыту — 7 даляраў за тысячу кубамэтраў (праз Украіну амаль 35 даляраў).
Летась у «Газпроме» заявілі, што хочуць захаваць аб’ёму транзыту празь Беларусь на ўзроўні 2019-га. Тады быў плян пераправіць амаль 40 млрд кубамэтраў.
Зрэшты, расейскія аналітыкі лічаць сцэнар адмовы ад беларускага калідору малаімаверным, паколькі скарачэньне транзыту азначае прастой магутнасьцяў, якія і так належаць «Газпрому» пасьля продажу «Белтрансгазу».
У 2021 годзе кошт кубамэтру газу на сусьветным рынку рэкордна вырас да 1567 даляраў за тысячу кубамэтраў, бо ў эўрапейскіх сховішчах не хапае запасаў паліва з прычыны нізкай тэмпэратуры зімой мінулага году і гарачыні летам.