На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае кіраўнік беларускага праекту брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня. Ён камэнтуе дадзеныя апытаньня, праведзенага ў Беларусі ў ліпені сёлета.
Астапеня
- Не зьмянілася стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі.
- Як не хацела прыблізна палова беларусаў, каб ён быў прэзыдэнтам, столькі ж і цяпер ня хочуць таго ж.
- Як беларусы ў большасьці не давяралі дзяржаўным органам, так і не давяраюць.
- Толькі войску давярае траціна апытаных.
- Каток рэпрэсіяў вымушае беларусаў рабіцца больш паслухмянымі, часьцей думаць пра эміграцыю.
- Цяпер рэпрэсіі робяцца больш мэтанакіраванымі, кропкавымі, а не такімі «дывановымі», якімі былі летась у разгар пратэстаў.
- Тады «кашмарылі» ўсю Новую Баравую.
- Паколькі зараз рэпрэсіі адрасныя, то для вялікай часткі грамадзтва ўсё нібыта канчаецца.
- Толькі 39% беларусаў кажуць, што адчуваюць сябе ў бясьпецы.
- Але гэта больш, чым раней, калі так адказвалі 32%.
- Крыху мяняецца эканамічная сытуацыя, менш людзей мяркуе, што краіну чакае сур’ёзны эканамічны крызіс.
- 40% гарадзкіх жыхароў задумваюцца пра эміграцыю.
- У нашых апытаньнях людзі ўсё часьцей ухіляюцца ад адказаў.
- Назіраецца сумесь страху і апатыі, і людзі пазьбягаюць палітыкі.
- Не мяняецца сьпіс найбольш папулярных палітыкаў: гэта Віктар Бабарыка, Аляксандар Лукашэнка, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская.
- Назіраецца пэўнае, хоць і невялікае, зьніжэньне папулярнасьці Бабарыкі.
- Прычына — адсутнасьць яго ў інфармацыйнай прасторы.
- Судовы працэс над ім і прысуд якраз ня сталі фактарам зьніжэньня рэйтынгу Бабарыкі.
- Нават прыхільнікі Лукашэнкі ў большасьці ня вераць, што Бабарыка насамрэч злодзей і карупцыянэр.
- Усе ўсьведамляюць, што ён сядзіць за палітыку. Проста прыхільнікі Лукашэнкі лічаць, што гэта і правільна.
- За Бабарыку прыкладна траціна, у Лукашэнкі нешта падобнае.
- Раней Латушка быў больш папулярны, чым Ціханоўская, цяпер яны памяняліся месцамі.
- Паводле адказаў на пытаньні аб галасаваньні ў гіпатэтычным другім туры прэзыдэнцкіх выбараў і Бабарыка, і Латушка перамагалі б Лукашэнку ў прапорцыі 2:1.
- Паводле дасьледаваньня, і Ціханоўская выйгравала б у Лукашэнкі ў другім туры.
- «Калектыўнага Лукашэнкі» ў Беларусі няма.
- Прыхільнікі Лукашэнкі значнай часткай проста ня ведаюць іншых прадстаўнікоў сыстэмы.
- Макей, Галоўчанка, Каранік больш вядомыя праціўнікам сыстэмы, чым яе прыхільнікам.
- У выбарцы вылучаюцца тры групы, адрозныя паводле палітычных поглядаў: «ядро пратэсту» (36%) — «нэўтралы» (36%) — «бастыён Лукашэнкі» (28%).
- Структура беларускага грамадзтва, прапорцыі паводле гэтага падзелу, не мяняюцца зь першага апытаньня Chatham House увосень летась.
- «Нэўтралы» лічаць, што час Лукашэнкі сышоў, што гвалт адносна пратэстаў — гэта няправільна, што выбары былі сфальсыфікаваныя.
- Але гэтыя людзі зьвязаныя з культурнай спадчынай гэтага рэжыму, зь некаторымі яго каштоўнаснымі ўстаноўкамі.
- «Нэўтралам» чырвона-зялёны сьцяг бліжэйшы, чым бчб-сьцяг.
- Пры гэтым для іх чз-сьцяг — гэта ня сьцяг, які АМАП ставіў на аўтазакі.
- Для іх гэты сьцяг — гэта частка іх ідэнтычнасьці, частка іх радзімы.
- Гэтая група прыхільна ставіцца да Расеі, значна больш прыхільна, чым ядро пратэсту.
- Для іх Расея — гэта сваё.
- Доля тых, хто хоча, каб Беларусь заставалася ў АДКБ, зьменшылася з 63% да 50%.
- Расея губляе беларускі пратэставы электарат, яго стаўленьне да Расеі пагаршаецца.
- Прыклад — Сяргей Ціханоўскі. Некалькі год таму ён езьдзіў да сяброў у Крым праз Расею, за што і трапіў на ўкраінскі сайт «Міратворац».
- А цяпер ён крытычна ставіцца да Крамля і яго палітыкі.
- Мы пыталіся ў людзей, зьяўляюцца яны праціўнікамі ці прыхільнікамі існай улады. Праціўнікамі сябе назвалі 61% апытаных, прыхільнікамі — 39%.
- Але мы задавалі пытаньне: а ці падзяляе большасьць вашае стаўленьне да ўлады?
- Сярод прыхільнікаў улады 67% лічаць, што большасьць беларусаў падтрымлівае ўладу.
- А сярод праціўнікаў улады 71% лічаць, што большасьць беларусаў — супраць улады.
- Паводле нашых вынікаў, за Ціханоўскую галасавала каля 50%.
- Але мы задавалі і пытаньне — колькі, на ваш погляд, набрала Ціханоўская: каля 50%, значна больш за 50%, значна менш за 50%?
- Цікава, што варыянт «каля 50%» пазначыў толькі кожны пяты.
- Астатнія выбралі крайнія варыянты — ці што яна перамагла трыюмфальна, ці што прайграла з трэскам.
- Гэтыя дзьве групы і спажываюць інфармацыю па-рознаму.
- Прыхільнікі ўлады спажываюць кантэнт, які вырабляецца дзяржаўнай тэлевізіяй.
- Прыхільнікі пратэсту спажываюць інфармацыю, якая зьяўляецца на Tut.by, Радыё Свабода, Белсаце, «Нашай Ніве».
- Кожная з гэтых групаў жыве ў сваім сьвеце. Яны вельмі салідарныя ўнутры, і для іх чальцоў важная гэтая групавая еднасьць.
- І пры гэтым яны ня хочуць разьбірацца ў аргумэнтах другой групы і нават ведаць іх.
- Гэтыя групы, «рэха-камэры», вельмі таксычныя адны для другіх.
- Частка «нэўтралаў» проста выпадае з палітыкі, яны пра яе нічога ня ведаюць і ня хочуць ведаць.
- Але частка «нэўтралаў» кантактуе з абодвума «полюсамі», могуць весьці размовы з аднымі і з другімі.
- І менавіта «нэўтралы» задаюць норму.
- Яны не прымаюць гвалт, яны лічаць, што Лукашэнка мусіць сысьці.
- І хоць пратэсты даўно скончыліся, менавіта з пазыцыі «нэўтралаў» вынікае, што нічога яшчэ ня скончылася.