Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Больш за палову беларускіх гараджанаў хочуць, каб Лукашэнка сышоў да канца 2021 году. Вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House

Больш за палову беларускіх гараджанаў хочуць, каб Лукашэнка сышоў да канца 2021 году. Вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House з 20 да 30 красавіка 2021 правёў апытаньне 937 беларускіх гараджанаў.

Апытаньне праводзілася онлайн (мэтад CAWI).

Паводле дасьледчыкаў, выбарка адпавядае структуры гарадзкога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная паводле полу, узросту, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.

Апытаньне праведзенае ў межах праекту «Беларуская ініцыятыва» (кіраўнік — Рыгор Астапеня), які рэалізуе Chatham House.

Гэта чацьвёртае падобнае дасьледаваньне за апошні год, папярэднія праводзіліся ў верасьні і лістападзе 2020 году, а таксама ў студзені 2021 году.

Прапануем вам галоўныя вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House. Пазьней на нашым сайце — інтэрвію з Рыгорам Астапенем.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Пратэсты

  • Колькасьць людзей, станоўча настроеных да пратэстаў, павольна скарачаецца.
  • Большасьць апытаных (72%) падтрымліваюць справядлівае расьсьледаваньне ўжываньня сілы супраць пратэстоўцаў, і толькі 12% выступаюць супраць расьсьледаваньня (невялікае павелічэньне ў параўнаньні з 8% у верасьні 2020 году).
  • Іншыя патрабаваньні пратэсту, такія як правядзеньне новых справядлівых выбараў, вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьне ўжываньня сілы, падтрымліваюць 64% апытаных.
  • Найменш папулярным пратэставым патрабаваньнем зьяўляецца адстаўка Лукашэнкі, якую падтрымліваюць 48% і не падтрымліваюць 25%.

Грамадзкія настроі

  • Больш за палову апытаных не адчуваюць сябе ў бясьпецы ў сваёй краіне.
  • 62% чакаюць сур’ёзнага эканамічнага крызісу ў самай найбліжэйшай будучыні.
  • Кожны другі рэспандэнт лічыць, што Беларусь дрэнна спраўляецца з пандэміяй каранавірусу, у той час як толькі чвэрць лічыць, што яна спраўляецца добра.
  • Большасьць апытаных мяркуе, што ўлады мусяць пачаць перамовы з апанэнтамі і вызваліць усіх палітвязьняў.
  • Больш за 90% насельніцтва перакананыя, што абвінавачваньні ў адрас Віктара Бабарыкі несправядлівыя: нават многія прыхільнікі Лукашэнкі падзяляюць гэты пункт гуледжаньня.
  • Амаль палова насельніцтва лічыць Лукашэнку галоўнай перашкодай для палітычнай стабільнасьці і эканамічнага разьвіцьця і ўпэўненая, што ён не клапоціцца аб незалежнасьці і нясе пагрозу для яе.
  • Больш за палову беларусаў-гараджанаў лічаць, што Лукашэнка павінен пакінуць пасаду неадкладна або да канца 2021 году, 27% лічаць, што ён павінен сысьці, калі скончыцца ягоны тэрмін паўнамоцтваў ў 2025 годзе. Меркаваньне пра тое, што Лукашэнка павінен кіраваць яшчэ адзін тэрмін, які пачынаецца ў 2025 годзе, падтрымліваюць толькі 10% рэспандэнтаў.
  • Аднак чаканьні наконт адстаўкі Лукашэнкі ня вельмі аптымістычныя: толькі 26% лічаць, што ён пакіне сваю пасаду сёлета. Кожны трэці думае, што ён сыдзе ў 2025 годзе, яшчэ 19% лічаць, што ён застанецца на гэтай пасадзе на наступны тэрмін.
  • Калі Лукашэнка ня сыдзе, людзі чакаюць росту эміграцыі і беспрацоўя, працягу рэпрэсіяў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, падзеньня валютных курсаў і ўзмацненьня залежнасьці ад Расеі.

Палітычныя перавагі

  • Пасьля Лукашэнкі самымі вядомымі палітычнымі фігурамі сярод беларускі гараджанаў зьяўляюцца прадстаўнікі пратэсту: Ціханоўская, Бабарыка, Калеснікава, Цапкала і Латушка.
  • У цэлым апытаныя значна лепш знаёмыя зь лідэрамі пратэсту, чым з дзяржаўнымі чыноўнікамі. Прыхільнікі Лукашэнкі ведаюць вышэйшых прадстаўнікоў улады (Галоўчанку, Макея, Качанаву, Караева) горш, чым іх апанэнтаў.
  • Віктар Бабарыка — самы папулярны кандыдат у прэзыдэнты сярод гарадзкіх жыхароў Беларусі: 34% лічаць, што ён быў бы годным прэзыдэнтам, 25% — найбольш годным.
  • Лукашэнка займае другое месца пасьля Бабарыкі, яго лічаць найбольш годным прэзыдэнтам краіны 23% рэспандэнтаў. У той жа час больш за палову гарадзкіх беларусаў кажуць, што ніколі не прагаласавалі б за Лукашэнку.
  • Незалежным СМІ, прафсаюзам і праваабарончым арганізацыям давяраюць значна больш, чым дзяржаўным СМІ, міліцыі і органам дзяржбясьпекі.
  • Рэкордна нізкі давер сярод усіх дзяржаўных і грамадзскіх інстытутаў — да Цэнтральнай выбарчай камісіі (14%) і да дзяржаўных СМІ (15%).

Геапалітычны выбар

  • Найбольш пазытыўна рэспандэнты ставяцца да Расеі: траціна — вельмі добра, 46% — хутчэй добра.
  • Нягледзячы на прапагандысцкія намаганьні, Украіну, Літву, Польшчу і краіны ЭЗ агулам па-ранейшаму ўспрымаюцца ў цэлым станоўча больш за 60% апытаных, пры гэтым менш за 20% ставяцца да іх адмоўна.
  • ЗША 24% беларусаў-гараджанаў успрымаюць нэгатыўна і толькі 53% — станоўча.
  • Беларусы адчуваюць шчыльную блізкасьць з расейцамі паводле духу, мэнталітэту і культуры, і ў крыху меншай ступені з украінцамі. Сярод іншых суседзяў адчуваецца большая блізкасьць з палякамі, чым зь літоўцамі.
  • 58% апытаных лічаць, што Расея павінна заставацца нэўтральнай адносна беларускага палітычнага канфлікту. Астатнія амаль пароўну падзяліліся паміж тымі, хто лічыць, што Расея мусіць падтрымаць пратэсты (19%), і тымі, хто лічыць, што Расея павінная падтрымаць Лукашэнку (23%).
  • 40% рэспандэнтаў зьмянілі сваё стаўленьне да расейскага кіраўніцтва пасьля таго, як яно падтрымала Лукашэнка ў палітычным крызісе ў Беларусі, 73% упэўненыя, што Расея зьяўляецца яго адзіным апірышчам. Адначасна толькі 31% апытаных лічыць, што дзеяньні Расеі накіраваныя на падтрымку беларускага народу.
  • Стаўленьне да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна хутчэй пазытыўнае (56%), чым нэгатыўнае (27%). Аднак у апошнія месяцы стаўленьне да расейскага прэзыдэнта пагоршылася больш як у паловы беларускага насельніцтва.
  • Найбольш папулярным варыянтам супрацоўніцтва з Расеяй зьяўляецца для рэспандэнтаў адзіны рынак (44%), наступны паводле папулярнасьці варыянт — зона свабоднага гандлю (33%). Іншыя варыянты маюць адносна нізкую падтрымку: 10% — за адзіную эканамічную прастору з адзінай зьнешняй палітыкай і арміяй, 7% — за ўваходжаньне Беларусі ў РФ.
  • Большасьць рэспандэнтаў (85%) выступаюць за свабодны гандаль паміж Беларусьсю і Расеяй, а 62% ня бачаць неабходнасьці ў памежным кантролі паміж дзьвюма краінамі.
  • У той час як 32% апытаных лічаць саюз з Расеяй найбольш прыдатнай замежнай палітыкай, 9% выступаюць за сяброўства Беларусі ў ЭЗ, 46% хацелі б быць у саюзе як з Расеяй, так і з ЭЗ адначасова, 13% — па-за геапалітычных саюзаў.
  • Амаль палова гарадзкіх жыхароў Беларусі лічыць, што беларуская зьнешняя палітыка ў выпадку прыходу да ўлады пратэставага ўраду будзе арыентаваная на сяброўства і супрацоўніцтва як з Расеяй, гэтак і з Захадам, што карэлюе з чаканьнямі большасьці пра тое, якой гэтая палітыка мусіць стаць.
  • Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што Беларусь мусіць застацца ў АДКБ, складае 58%, што крыху менш, чым у лістападзе 2020. 35% хацелі б, каб Беларусь не ўваходзіла ні ў адзін вайсковы блёк, і 7% палічылі за лепшае, каб Беларусь увайшла ў NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG