Пра вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House расказаў у інтэрвію каналу Свабода Premium кіраўнік беларускага праекту брытанскага дасьледніцкага цэнтру Рыгор Астапеня.
Астапеня
- Найбольшыя зьмены тычацца таго, што беларусы зьняверыліся ў хуткай перамозе дэмакратычных сілаў над Лукашэнкам.
- Раней палова апытаных падтрымлівала пратэст, зараз гэтая доля зьмяншаецца, павялічваецца колькасьць тых, хто адмаўляецца адказваць.
- Павялічваецца колькасьць тых, хто спадзяецца, што Лукашэнка хутка сыдзе.
- Але гэтыя зьмены не азначаюць, што людзі палюбілі Лукашэнку, што яны адмаўляюцца ад патрабаваньняў, якія яны падтрымлівалі ў верасьні, лістападзе і студзені.
- Большасьць апытаных кажа, што не адчувае сябе ў небясьпецы, або не дае прамога адказу на пытаньне пра ўласную бясьпеку, толькі 32% кажуць, што адчуваюць сябе ў бясьпецы.
- Вырасла колькасьць рэспандэнтаў, якія адмаўляюцца адказваць на пытаньні нашага онлайн-апытаньня, калі бачаць, што пытаньні пра палітыку.
- Доля адмоваў манатонна расла зь першага, верасьнёўскага апытаньня.
- Высьветлілася, што пра дату 17 верасьня, абвешчаную дзяржаўным сьвятам — Днём народнага адзінства — ведаюць толькі 18% беларускіх гараджанаў.
- На захадзе краіны пра гэтую дату ведаюць каля траціны рэспандэнтаў, у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях пра яе практычна проста ня ведаюць.
- Стаўленьне пераважнай большасьці грамадзтва да гэтай даты — абыякавасьць.
- Тыя, хто пра дату ўсё ж ведаў, мяркуюць, што добра, што адбылося ўзьяднаньне Беларусі, незалежна ад гістарычнага кантэксту.
- Але ў людзей няма пачуцьця сьвята, а для часткі людзей гэта трагедыя.
- У Расеі ёсьць адпаведнае сьвята, якое мае антыпольскую подбіўку.
- Магчыма, Лукашэнка лічыць, што трэба гуляць на расейскім дыскурсе і зрабіць нешта антыпольскае.
- З пачатку году да красавіка давер да ўсіх грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў зьнізіўся.
- У некаторых інстытутаў зьніжэньне на 1 адсоткавы пункт, але ніхто ня стаў карыстацца большым даверам, зьніжаецца давер да ўсіх.
- «Антылідэры» даверу — ЦВК (14%) і дзяржаўныя СМІ (15%).
- Сыстэма абапіраецца на гвалт, але даверу да яе няма.
- Лукашэнку давярае кожны чацьвёрты апытаны.
- Тыя, хто не давярае яму, часта не давяраюць ЦВК ці дзяржаўным СМІ, многія зь іх хочуць незалежнага расьсьледаваньня гвалту супраць пратэстоўцаў.
- Сярод дзяржаўных інстытутаў найбольш высокім даверам карыстаецца войска.
- Найбольшым даверам (каля 40%) карыстаюцца недзяржаўныя СМІ, праваслаўная царква і праваабарончыя арганізацыі.
- Віктар Бабарыка стаў у нечым мітычнай постацьцю, можа, для палітыкі гэта ня так і кепска.
- Ён успрымаецца як асноўны апанэнт Лукашэнку.
- Ціханоўская і Калесьнікава карыстаюцца велізарным даверам, але прэзыдэнтам людзі ў большай ступені хочуць бачыць іншую асобу — Бабарыку.
- Электарат Лукашэнкі вельмі кансалідаваны.
- Бліжэйшае атачэньне Лукашэнкі — Макей, Качанава — ня маюць прэзыдэнцкіх рэйтынгаў, прыхільнікі Лукашэнкі не пераносяць на іх сымпатыі да яго.
- Галоўчанку, які прэм’ер ужо год, ведаюць толькі 27% гарадзкіх жыхароў.
- Беларусы жывуць чаканьнем сурʼёзнага эканамічнага крызісу.
- Тых, хто ўпэўнены, што крызісу ня будзе, толькі 9%.
- У лістападзе 2020 году да Пуціна добра ставіліся 50% апытаных, у студзені сёлета — 58%, у красавіку — 56%.
- Пры гэтым больш за палову кажа, што іх стаўленьне да прэзыдэнта РФ пагоршылася.
- Беларусы не ўспрымаюць Пуціна як прычыну палітычнага крызісу ў Беларусі.
- І яны навучыліся падзяляць Пуціна і Расею.
- Для некага стаўленьне да Расеі вызначаецца стаўленьнем не да Пуціна, а да расейцаў Варламава і Каца, якія вельмі рашуча падтрымалі беларускія пратэсты.
- Пагаршэньне стаўленьня да Пуціна абумоўлена ня толькі ягонай падтрымкай Лукашэнкі, але і дэградацыяй Расеі, тым, што шмат якія тамтэйшыя падзеі падобныя да беларускіх.
- Стаўленьне беларусаў да Расеі досыць стабільнае.
- Бліжэй за ўсіх паводле мэнтальнасьці беларусам менавіта расейцы.
- За ўступленьне Беларусі ў ЭЗ — 9%, за саюз з Расеяй — 32%, за саюз з ЭЗ і з РФ адначасова — 46%, за варыянт па-за геапалітычнымі саюзамі — 13%.
- Апошняя опцыя зьменшылася.
- Большасьць (часам абсалютная, часам адносная) хацела б быць і з Захадам, і з Расеяй.
- На практыцы тыя 32%, якія толькі за саюз з Расеяй, маюць палітычную перавагу над усімі астатнімі беларусамі.
- Яны яшчэ доўга будуць дамінаваць у беларускім грамадзтве.
- Беларусы ня хочуць быць прыфрантавой дзяржавай.
- Беларусы аддаюць перавагу захаваньню status quo ў тых пазыцыях, якія яны лічаць абсалютна неабходным мяняць.
- Гэтым і тлумачыцца нежаданьне амаль паловы рэспандэнтаў, каб Беларусь выйшла з АДКБ.
- Шмат на каго паўплываў украінскі крызіс.
- Многія лічаць, што бясьпечней быць у АДКБ, каб гарантаваць сабе бясьпеку і ад Расеі ў тым ліку.
Што было раней
- Брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House з 20 да 30 красавіка 2021 правёў апытаньне 937 беларускіх гараджанаў. Апытаньне праводзілася онлайн (мэтад CAWI).
- Паводле дасьледчыкаў, выбарка адпавядае структуры гарадзкога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па полу, узросту, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.
- Апытаньне праведзенае ў межах праекту «Беларуская ініцыятыва» (кіраўнік – Рыгор Астапеня), які рэалізуе Chatham House.
- Гэта чацьвёртае падобнае дасьледаваньне за апошні год, папярэднія праводзіліся ў верасьні і лістападзе 2020 году, а таксама ў студзені 2021 году.