Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгае разьвітаньне з Лукашэнкам. Гутарка з расейскім сацыёлягам


Мяжа Беларусі і Расеі
Мяжа Беларусі і Расеі

Як беларусы ставяцца да Лукашэнкі? Як зьмянілася стаўленьне беларусаў да Расеі і Крамля ў 2020 годзе? Як расейскае грамадзтва ўспрымае беларускія пратэсты?

Пра вынікі нядаўняга сацыялягічнага дасьледаваньня ў Беларусі і ў Расеі распавядае каналу Свабода Premium расейскі сацыёляг Сяргей Барысаў.

У 2019 годзе ён у суаўтарстве з Юліей Юшковай-Барысавай выдаў кнігу — «Зразумець Беларусь. Запіскі вандроўных сацыёлягаў». Кніга заснаваная на шматгадовых дасьледаваньнях беларускага грамадзтва.

Барысаў

  • У 2020 годзе мы праводзілі апытаньні ў Беларусі, мы прыдумалі, як можна праводзіць тэлефонныя апытаньні з тэрыторыі трэціх краінаў, нягледзячы на супрацьдзеяньне спэцслужбаў
  • У сакавіку сёлета мы правялі онлайн цыкль фокус-групаў у Расеі і ў Беларусі, 12 фокус-групаў у РФ і 7 фокус-групаў у Беларусі
  • Калі мы ў 2016-2017 гадах праводзілі дасьледаваньні ў Беларусі, пэўная напружанасьць адчувалася, але прадбачыць, што 2020 год будзе такім, якім ён стаў, было вельмі складана
  • Адчувалася, што грамадзтва набліжалася да ростаняў
  • Але мы ведаем пра беларускую памяркоўнасьць, пра схільнасьць беларусаў даволі доўга таптацца на ростанях
Сяргей Барысаў
Сяргей Барысаў
  • Беларусы цяпер гатовыя адказваць на пытаньні сацыёлягаў, адсотак адмоваў падчас тэлефонных апытаньняў вельмі невялікі
  • Людзі розных палітычных поглядаў хочуць выказацца, асаблівага страху я не заўважаў
  • Падчас фокус-групаў людзі таксама рэдка адмаўляюцца адказваць
  • Мы імкнуліся, каб на фокус групах былі людзі пратэсту, і «ябацькі» (як яны самі сябе называюць), і тыя, хто вагаецца
  • Стаўленьне да беларускіх пратэстаў вельмі рознае ў Беларусі і ў Расеі
  • Расейцы пра беларускія пратэсты ведаюць няшмат і ня вельмі хочуць ведаць больш
  • Тое, што ў 2020 годзе адбывалася ў Беларусі, здараецца раз на стагодзьдзе і тое неабавязкова
  • Ты можаш гэта вітаць, можаш гэтаму жахацца, але гэта важна
  • Расейцы кажуць, што гэта самая блізкая ім краіна, гэта самы роднасны ім народ
  • Гэта гавораць і расейцы старэйшага пакаленьня, але і моладзь, і людзі сярэдняга пакаленьня
  • Расея цяпер перажывае пэрыяд глыбокай дэпрэсіі
  • Беларусь, як і Ўкраіна, успрымаліся расейскай грамадзкай думкай, як і палітычнай клясай, ня проста як былыя калёніі, а як частка мэтраполіі
  • Падзеі ва Ўкраіне масавай сьвядомасьцю ўспрымаліся так хваравіта таму, што ўкраінцы ўспрымаліся як мы самі
  • Пачынаеш гаварыць з расейцамі пра Беларусь, размова пераходзіць на Украіну, інфармацыя прахадзіць празь фільтар
  • Людзі ў Расеі гавораць пра Беларусь: «Як бы там не было Майдану»
  • Майдан успрымаецца як нешта кепскае і рэч ня толькі ў прапагандзе
  • На жаль, расейская грамадзкая думка не заўважала адрозьненьне беларускіх пратэстаў ад Майдану
  • У расейцаў не было агульнага разуменьня беларускіх пратэстаў
  • Нават у расейскіх прыхільнікаў беларускіх пратэстаў няма разуменьня, што ж гэта было
  • Беларуская рэвалюцыя да канца сябе не ўсьвядоміла
  • Аналёгіяў беларускіх пратэстаў з расейскімі зімнімі пратэстамі за Навальнага ў расейцаў няма
  • Мы з вамі ў розных фазах: Беларусь — на пад’ёме, Расея — у дэпрэсіі
  • У хабараўскім пратэсьце былі вельмі выразныя рэгіянальныя асаблівасьці, аддаленасьць ад сталіцы. Беларусь ня вельмі рэгіяналізаваная краіна
  • Навальны пакуль не народны герой
  • У Беларусі Ціханоўская, Бабарыка, Калесьнікава ўжо паказалі сябе канкрэтным палітычным дзеяньнем, яны ўжо далі пратэсту свае імёны і твары
  • Расейскі пратэст яшчэ сьпее ў глыбіні, ці выйдзе ён на паверхню з імем Навальнага — гэта невідавочна
  • Большасьць беларусаў ужо ўнутрана разьвіталіся з Лукашэнкам
  • У нашым сьнежаньскім тэлефонным апытаньні ў Беларусі мы фіксавалі пераход ад франтавых да партызанскіх дзеяньняў
  • Большасьць беларускага грамадзтва ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам і палітычным лідэрам
  • Лукашэнку беларусы доўга цярпелі. А цяпер «цярпелка» скончылася
  • Прыхільнікі Лукашэнкі — прыкладна чвэрць насельніцтва
  • Прыкладна 12-15% — гэта цьвёрдае ядро, для іх ён Бог, любы гвалт супраць яго праціўнікаў яны ўхваляюць
  • Але ёсьць частка яго прыхільнікаў, якія разумеюць, што Беларусь падыходзіць да важнай мяжы
  • І далей будзе Беларусь без Лукашэнкі, ладная частка яго прыхільнікаў разумее, што гэта непазьбежна і адносна хутка
  • Але яны хацелі б, каб гэта было павольна, ім не падабаюцца пратэсты
  • Цікавая праява нацыянальнага характару — у беларусаў дастаткова папулярная ідэя дамоўленасьці
  • У 2020 годзе ўлада пайшла на беспрэцэдэнтную агрэсію, часта несправакаваную
  • Але ў грамадзтве ёсьць і павялічваецца ідэя дамоўленасьці, кампрамісу, пакту Манклаа, круглага стала
  • Для беларусаў важная ідэя стабільнасьці
  • 60% гатовыя ўдзельнічаць у мітынгах. Але ў страйках — удвая менш
  • Чаму правалілася ідэя Ціханоўскай з агульнанацыянальным страйкам? Бо беларусы ня хочуць разбураць краіну і экономіку
  • «До основанья, а затем» — гэта небеларуская ідэя
  • З красавіка па сьнежань 2020 году стаўленьне да РФ пагоршылася, але ненашмат, стаўленьне да кіраўніцтва Расеі пагоршылася прыкладна ўдвая
  • І прыхільнікі ўлады, і апанэнты ўлады ў Беларусі лічаць, што Расея падтрымала Лукашэнку
  • Крамлёўскія людзі ня лічаць, што Расея падтрымала Лукашэнку
  • Яны кажуць — у Беларусі ня столькі забітых, як у Карабаху
  • Лукашэнка надакучыў усім, і крамлёўскім людзям у тым ліку
  • У беларусаў застаецца моцны запыт на мадэрацыю Расеяй — і з боку праціўнікаў Лукашэнкі, і з боку прыхільнікаў, гэта віталі б з абодвух бакоў барыкадаў
  • У Беларусі глыбокі цывілізацыйны раскол, па сутнасьці, дзьве краіны ў межах адной
  • Гэты раскол для беларусаў некамфортны
  • Беларусь за Расею ці супраць? Дурнаватае пытаньне. Беларусь — за Беларусь
  • Беларусы ў Расеі ўспрымаецца хіба як адзіны народ, які не нясе ў сабе пагрозы
  • Гэта крыху нагадвае стаўленьне да малодшага сваяка. Але беларусы сталі дарослай нацыяй, прайшоўшы праз гэтыя выпрабаваньні
  • Падзел у стаўленьні да ўлады і да Расеі ў Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, не зусім супадае
  • Беларусы ў масе сваёй не хацелі б рабіць геапалітычны выбар паміж Расеяй і Эўразьвязам
  • Пераважная большасьць беларусаў прызнаюць Расею самай важнай для Беларусі краінай
  • Яны могуць яе пры гэтым і ня надта любіць
  • Але ёсьць уяўленьне, што калі нехта і можа дапамагчы вырашыць беларускія праблемы, дык толькі Расея
  • Беларусы вельмі шмат што непрыемнага нагаварылі пра Расею і асабліва яе кіраўніцтва
  • Беларусы адчуваюць, што самая важная для іх — гэта Расея, расейцы адчуваюць, што самая сяброўская, самая дружалюбная для іх гэта краіна — гэта Беларусь
  • Я размаўляў з расейскімі бізнэсоўцамі, якія маюць справы з беларускімі партнэрамі
  • Яны кажуць, што з беларусамі цяжка і доўга дамаўляцца
  • Але калі згода ёсьць, то можна быць спакойным, беларусы выканаюць дамоўленасьці
  • Я пытаў іх — а ў якім судзе — у расейскім ці беларускім — вы б аддалі перавагу вырашаць эканамічныя спрэчкі?
  • Яны адказалі — у беларускім
  • Пры тым, што мы ведаем пра ўсе асаблівасьці беларускіх судоў па палітычных справах
  • Але калі казаць пра эканамічны арбітраж, то беларуская судовая сыстэма мае перавагу ў вачах расейскага бізнэсу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG