Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйны крызіс: тры польскія пракуратуры расьсьледуюць гібель людзей на мяжы, у Літве асудзілі двух іракцаў

абноўлена

Мігранты на польскім памежжы
Мігранты на польскім памежжы

На межах Беларусі з Польшчай і Літвой трывае міграцыйны крызіс. Нягледзячы на ўзмоцненую ахову межаў, штодня адбываюцца інцыдэнты. У памежных раёнах Літвы — успышка COVID-19. Памежнікі абедзьвюх суседніх краін працуюць у рэжыме надзвычайнай сытуацыі.

Польшча

Расьсьледаваньні гібелі трох чалавек на польска-беларускай мяжы вядуць тры пракуратуры Польшчы. Пракуратуры Сувалак, Саколкі і Беластоку высьвятляюць усе абставіны здарэньняў, улікі і сьведчаньні. Як паведамілі ў Памежнай варце краіны, вельмі імаверным зьяўляецца вэрсія аб тым, што адна з асобаў ужывала лекі, дадзеныя ёй беларускімі памежнікамі. Гэта магло стаць прычынай пагаршэньня стану.

На прэс-канфэрэнцыі 20 верасьня галоўны камэндант Памежнай варты Польшчы Томаш Прага выказаўся пра труп жанчыны, знойдзены па беларускі бок мяжы. Ён катэгарычна зьняпраўдзіў інфармацыю зь Беларусі аб тым, што там нібыта выявілі сьляды валачэньня цела жанчыны з польскай паласы на беларускую.

«У Беларусі нас спрабуюць ачарніць, гаворачы пра сьляды валачэньня трупа той жанчыны з польскага боку. Ясна кажу: гэта хлусьня».

За мінулыя суткі, да ранку 21 верасьня, польскія памежнікі прадухілілі яшчэ 220 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы. 14 мігрантаў затрымалі: 9 грамадзян Турэччыны, 4 — Іраку і 1 — Руанды. Таксама затрымалі двух грамадзян Польшчы і Ўкраіны за дапамогу ў нелегальным пераходзе дзяржаўнай мяжы.

Раней міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі паведаміў аб перакідваньні 500 вайскоўцаў і 8 адзінак тэхнікі на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю.

У памежных раёнах краіны ад 2 верасьня дзейнічае рэжым надзвычайнай сытуацыі — першы ў Польшчы ад 80-х гадоў. З прычыны міграцыйнага крызісу рэжымы экстрэмальнай сытуацыі на памежжы ўвялі Літва (2 ліпеня) і Латвія (11 жніўня).

Літва

Двое мігрантаў, якія раней трапілі ў Літву транзытам празь Беларусь, заявілі міграцыйным службам, што не жадаюць заставацца ў лягеры і ня будуць прасіць прытулку, а хочуць ехаць наўпрост у Нямеччыну, куды й плянавалі спачатку, паведамляе Delfi. Іх узялі пад варту.

Іншаземцы прыбылі ў Літву яшчэ 29 ліпеня, а 20 верасьня Віленскі абласны суд асудзіў іх за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы. Абодвум прысудзілі па 45 дзён арышту, аднак фактычна яны ўжо адбылі гэты тэрмін у зьняволеньні, пакуль чакалі пасяджэньня. Цяпер літоўскія ўлады плянуюць вярнуць іх у лягер уцекачоў, каб потым разглядаць варыянты іх адпраўкі назад у Ірак.

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што менскі рэжым шукае і адкрывае новыя шляхі нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз, перадае Delfi.

«Сёньня мы бачым, што Беларусь вельмі інтэнсіўна шукае новыя шляхі: найперш спрабуюць скарыстацца сытуацыяй у Афганістане, а таксама, паводле нашых зьвестак, ужо ёсьць новы бязьвізавы парадак для адпаведных краін: Пакістана, Ірана, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Эгіпту», — сказала міністарка журналістам у аўторак.

«Мы таксама бачым рашэньні, якія дазваляюць прыляцець ня толькі ў менскі, але і ў іншыя аэрапорты», — дадала яна.

Паводле Білатайце, гэта сьведчыць пра тое, што беларускі рэжым і надалей спрабуе чыніць ціск на Літву і іншыя краіны Эўразьвязу.

Тым часам рэгіёны Літвы, што мяжуюць зь Беларусьсю, увайшлі ў «чорную зону», зафіксаваную Дэпартамэнтам статыстыкі краіны. Там і ў партовых Клайпедзе і Паланзе найбольш напружаная сытуацыя з COVID-19. За апошнія 14 дзён на 100 тысяч насельніцтва там зафіксавалі звыш 500 выпадкаў захворваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG