«Я саромелася быць настаўніцай»
Вольга (імя зьменена на просьбу суразмоўцы) шмат гадоў працавала ў адной зь менскіх школ настаўніцай гісторыі. Кажа, што пасьля пачатку пандэміі вясной 2020-га зразумела: у Беларусі «нічога добрага ня будзе».
«У нас вельмі шмат вучняў сядзелі на хатняй адукацыі. У школу хадзілі адзінкі. Былі прапановы схадзіць на парад 9 траўня, потым паўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі, але я адмаўлялася, бо пачатак пандэміі паказаў стаўленьне дзяржавы да жыцьця чалавека. Мне не хацелася ўдзельнічаць у гэтым», — кажа Вольга.
Улетку яна была ў афіцыйным адпачынку і пра падзеі 9–11 жніўня толькі чытала. Калі пачаліся «ланцугі салідарнасьці», маршы настаўнікаў, Вольга ўжо актыўна ў іх удзельнічала.
«Летась выходзіла шмат настаўнікаў. Аднойчы мы пайшлі да Міністэрства адукацыі, пасьля чаго ў мяне была размова з кіраўніцтвам. Я сказала ім: «Ведаеце, мне ўвогуле цяжка выкладаць гісторыю, гаварыць нешта дзецям. Праз тое, што адбываецца ў краіне, шмат маіх знаёмых трапіла ў кола рэпрэсій». Мне адказалі: «Праца — гэта адно, а стаўленьне да людзей і сытуацыі — іншае».
Вольга ўвесь час хадзіла зь белай стужкай на руцэ, вучні ведалі яе пазыцыю, настаўніца ніколі яе ня ўтойвала.
«Напярэдадні навучальнага году саромелася, што я настаўніца, хоць нічога дрэннага не зрабіла. Мае сябры ўвогуле не разумелі, чаму я баюся казаць, што я настаўніца, прапрацаваўшы столькі гадоў у сыстэме адукацыі. Пазыцыю многіх дзяцей я ведала, мы падтрымлівалі адно аднаго».
«Была вялікая падтрымка ад нашых выпускнікоў і ад дзяцей, у якіх я нават не выкладала»
Празь некаторы час Вольга разам зь іншымі настаўнікамі запісалі відэазварот.
«У Беларусі абвясьцілі забастоўку, а мы ня ведалі, як на яе пайсьці, і вырашылі запісаць відэа. Калі мы яго выпусьцілі, была вялікая падтрымка ад нашых выпускнікоў, таксама ад дзяцей, у якіх я нават не выкладала: ты ідзеш па школе, а да цябе падыходзяць дзеці і вітаюцца. Дзякуючы відэазвароту мы аб’ядналі нават тых вучняў, якія выпусьціліся шмат гадоў таму. Але быў і іншы бок мэдаля — стаўленьне адміністрацыі».
Вольга кажа, што дакумэнты тых, хто ўдзельнічаў у звароце, вазілі ў Міністэрства адукацыі, але звольніць настаўнікаў проста так не маглі, бо ва ўсіх былі гадавыя кантракты.
«Яшчэ нам спрабавалі паказаць, што мы ня мелі права рабіць гэты зварот, што мы руйнуем школу. Нас зрабілі ворагамі народу. Была пэдагагічная нарада, на якой нам зачыталі ліст, што мы ня большасьць і не маглі прадстаўляць гімназію. Пад ім не было подпісаў. Пасьля выхаду відэазвароту я адчула ўсю „прыгажосьць“ сыстэмы. Са мной пачалі размаўляць крыкам. Калі ты ідзеш, вітаесься, а адміністрацыя люта глядзіць, можа штосьці гаркнуць у адказ».
«У нас да цябе прэтэнзій няма, але нам не падабаецца твая пазыцыя»
Адміністрацыя школы пачала наведваць заняткі тых, хто паўдзельнічаў у звароце, кажа Вольга.
«Такое напружаньне было доўгі час. Наш калега быў на „сутках“, пасьля чаго ён звольніўся „пры згодзе бакоў“, бо з артыкулам 23.34 табе працаваць у сыстэме ніхто не дазволіць. Мы адчувалі, што з намі ўсімі нешта будзе. Пачалі вышчамляць па адным. Спачатку давялі адну настаўніцу, пасьля другую. Гэта былі людзі, якія займалі прызавыя месцы на конкурсах і шмат чаго рабілі. Потым узяліся за мяне».
Вольга была адной з 800 чалавек, якія падпісалі пэтыцыю настаўнікаў-гісторыкаў у абарону бел-чырвона-белага сьцяга.
«Мяне выклікалі ў кабінэт дырэктаркі, якой тады не было. У мяне адабралі тэлефон і пачалі зачытваць пэтыцыю, якую я падпісала. Мне прачыталі верш Максіма Танка, на што я адказала: „Прабачце, гэта ж Танк, мы яго вывучаем, ён у падручніках ёсьць“. Кіраўніцтва пачало прымушаць, каб я звольнілася сама. Калі я спытала, што ім не падабаецца ў маёй працы, мне сказалі: „У нас да цябе прэтэнзій няма, але нам не падабаецца твая пазыцыя“».
Настаўніца адмовілася пісаць заяву і выйшла на працу.
«У школе хадзілі чуткі, што мной цікавяцца, бо пасьля размовы з кіраўніцтвам на мяне напісалі характарыстыку; таксама прымусілі пісаць тлумачальную ў Сьледчы камітэт наконт нашага відэазвароту. Я ведаю, што мой інстаграм праглядалі (профіль быў не схаваны), у мяне былі фатаздымкі з акцый. Улічваючы, што я працавала зь дзецьмі, маглі „павесіць“, што я іх агітавала».
Пасьля гэтага Вольга выехала з краіны.
«Пасьля школы я прыйшла дамоў, сказала маці: „Памятаеш, я казала, што калі мяне звольняць, то, напэўна, я зьеду. Дык вось, прыйшоў момант“. У мяне было два дні, каб сабраць рэчы. Звальнялася я па факце, даслала свой фатаздымак з заявай. Кіраўніцтва казала, што я ня маю права звольніцца пры згодзе бакоў, яны напісалі скаргу, што я прагуляла».
Жанчына кажа, што больш не магла працаваць пад такім ціскам.
«Мяне пастаянна выклікала адміністрацыя не па прафэсійных пытаньнях, а за маю пазыцыю. Аднойчы адчытвалі за фатаздымак дзяцей з Дня роднай мовы ў лютым 2019-га, дзе яны стаялі ў вышыванках белага і чырвонага колераў. Мне тады сказалі, што гэта прапаганда, я адказала: „Прабачце, але я сшыткі правяраю чырвонай асадкай па белай паперы“. І яны разумелі, што я маю ў многіх пытаньнях рацыю, і проста ня ведалі, да чаго прычапіцца».
Вольга прызнаецца, што ёй было крыўдна кідаць працу, бо яна любіла яе і сваіх вучняў.
«Сумна, што кінула дзяцей, недавучыўшы. Але, як мне яны сказалі: „Лепш вы будзеце дзесьці там, чым будзеце сядзець у турме ў Беларусі. Мы вас разумеем і спадзяёмся, што вы ў нашае жыцьцё вернецеся“. У мяне былі вельмі файныя вучні».
«Калі б усе настаўнікі выконвалі сумленна сваю працу, таго, што адбылося ў жніўні, не было б»
Жанчына цяпер вельмі ўражаная тым, што адбываецца зь беларускай школай.
«Улады ўпусьцілі, што цяперашняе пакаленьне дзяцей вельмі разумнае, яны ня будуць верыць у тое, што мы ім гаворым, бо вельмі крытычна ўсё асэнсоўваюць. Калі ты кажаш дзецям, што ім трэба рабіць, яны задаюць шмат пытаньняў, ставіць у няёмкае становішча. Ня кожны настаўнік гэта вытрымае».
Суразмоўца кажа, што катэгарычна супраць міліцыі і сьвятароў у школе.
«Калі дзіцяці з малодшага ўзросту пачынаюць даваць рэлігійную падрыхтоўку безь яго згоды, гэта можа зламаць яму жыцьцё».
Вольга кажа, што цяпер на месцы звольненых выкладчыкаў прыходзяць студэнты трэціх курсаў, ад гэтага падае ўзровень адукацыі.
«Тое, што цяпер робяць са школай, — гэта вельмі дурны крок. Дзецям немагчыма ўкласьці ў галаву тое, што яны [улады] хочуць. Немагчыма прымусіць любіць дзяржаву пасьля таго, што адбылося. Трэба разумець, што калі мы будзем паўсюль вешаць дзяржаўную сымболіку, гэта таксама не прывядзе да патрыятызму».
Вольга лічыць, што засталіся цяпер працаваць у школе людзі дзьвюх катэгорый: сьмелыя, сумленныя настаўнікі, якія працягваюць змагацца зь нечалавечымі ўмовамі, і тыя, хто заўжды маўчаў.
«Калі другую катэгорыю накіроўвалі кудысьці, яны нылі, як усё дрэнна, заробак малы. Калі б не маўчалі, магчыма, не было б падзей 2020 году. Калі б усе настаўнікі выконвалі сумленна сваю працу, таго, што адбылося ў жніўні, не было б. Мы можам абмяркоўваць праблемы недзе ў кулюарах, дома на кухні, а сапраўды штосьці зрабіць? Усё залежыць толькі ад нас, ад нашага стаўленьня. Так, цяжка, але калі мы будзем салідарныя, будзем падтрымліваць адно аднаго і сапраўды рабіць так, як трэба, а ня так, як нам кажуць, тады і будзе нейкі сэнс ад таго, што адбываецца».
Цяпер Вольга жыве за мяжой, паступіла там у асьпірантуру, піша навуковую працу. Жанчына ўпэўненая, што атрымае цікавы досьвед, які потым спатрэбіцца ў новай Беларусі.