Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску звольнілі дырэктара школы, якога прымушалі перапісаць выбарчы пратакол на карысьць Лукашэнкі


Выбарчы ўчастак, ілюстрацыйнае фота
Выбарчы ўчастак, ілюстрацыйнае фота

За сваю пазыцыю страціў пасаду дырэктар школы № 44 Віцебску Сяргей Піталенка. На леташніх прэзыдэнцкіх выбарах ён быў старшынём камісіі, якую адміністрацыя раёну схіляла перарабіць пратакол.

«Так, мяне звольнілі, — пацьвердзіў ён „Нашай Ніве“. — Афіцыйная прычына — за канцэртную дзейнасьць у працоўны час. Я даўно вяду розныя імпрэзы ў раёне, тое ўсім вядома і раней нікога не турбавала. Цяпер палічылі, што гэта парушэньне працоўнага заканадаўства і абавязаньняў дзяржаўнай асобы. Я хоць і ня быў чыноўнікам, але да яго прыроўнены».

Пакуль што Сяргей Піталенка адпачывае, разумеючы, што пры цяперашнім раскладзе ў школу ўладкавацца наўрад ці атрымаецца. Таму разглядае іншыя варыянты.

«Я 11 гадоў узначальваў школу, агулам прысьвяціў адукацыі 29 гадоў. Гэта павінна было быць трыццатае па ліку для мяне 1 верасьня», — не хавае жалю Сяргей Піталенка.

Летась ужо апальны дырэктар быў старшынём выбарчай камісіі № 25, якая разьмяшчалася ў школе № 44.

Пазьней у сеціва трапіла аўдыё, як кіраўнік Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі ўгаворваў чальцоў памяняць месцамі колькасьць галасоў за Сьвятлану Ціханоўскую і Аляксандра Лукашэнку.

Тыя абураліся, што ня змогуць глядзець у вочы выбарцам, а чыноўнік пераконваў, што сёньня — «іншыя задачы». У выніку пратакол перапісалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG