Даведаліся ў шматдзетнай маці Вольгі, зь якімі праблемамі сутыкаюцца бацькі і дзеці ў школе. Спыталіся ў псыхоляга, гештальт-тэрапэўта Ірыны Каліноўскай і юрыста Крысьціны Рыхтэр, што рабіць, калі ваша дзіця прымушаюць удзельнічаць у праўладных мерапрыемствах, павышаюць голас ці прымяняюць сілу. А таксама — як дзіцяці абараніць сябе ў такіх сытуацыях.
«Лепш быць скандальнай маці, дзяцей якой ужо не чапаюць, чым кожны раз сутыкацца з гэтым „вы ж разумееце“»
Вольга — шматдзетная маці, якая ўжо 15 гадоў змагаецца за правы сваіх дзяцей у школе. Вось з чым за гэты час даводзілася разьбірацца: булінг з боку настаўніц дваіх дзяцей, зборы грошай на рамонты, газэты і інш., мэдычныя агляды і праца псыхоляга зь дзецьмі без дазволу бацькоў, затрымліваньне дзяцей пасьля заняткаў без папярэджаньня, кепская ежа ў сталоўцы. Аднойчы Вользе давялося змагацца і абараняць клясную кіраўніцу, якую цкавала адна сям’я, а адміністрацыя ня стала за яе заступацца.
«Ніколі ня трэба маўчаць. Больш гаворыш пра свае правы — больш паважаюць (ці баяцца, ня ведаю). Лепш быць скандальнай маці, дзяцей якой ужо не чапаюць, чым кожны раз сутыкацца з гэтым „вы ж разумееце“. Я і не сварылася ніколі. Максымум — халодны тон у гутарцы з адміністрацыяй. І заўсёды я рэагую імгненна, на працягу пары гадзін будзе размова праз тэлефон з кляснай настаўніцай, сацпэдам ці псыхолягам», — кажа Вольга.
Вольга кажа, што яе ведаюць як «маці-тыгрыцу», хоць яна ня сварыцца, а вырашае канфлікты прававымі шляхамі. Здаралася, жанчына наўпрост тэлефанавала на асабісты нумар дырэктару школы, тады пытаньні хутка і спакойна вырашыліся.
«Неяк я прыйшла на прыём да дырэктаркі з ужо гатовым лістом ва ўпраўленьне адукацыі і сказала, што адпраўлю яго зараз жа, і ў Міністэрства адукацыі копію, калі ня будзе крокаў насустрач. Я не патрабавала зашмат, проста каб адміністрацыя павярнулася да лесу задам, а да нашай сям’і тварам».
Таксама быў выпадак, калі цярпеньня на паступовыя крокі не хапіла і Вольга адразу напісала на сайце школы скаргу, якую ўбачылі ва ўпраўленьні адукацыі.
«Уся школа на вушах стаяла. Гэта было мінулай восеньню, калі раённыя ўпраўленьні адукацыі абавязалі школы здымаць нейкія ролікі з прапагандысцкімі песьнямі і скокамі з удзелам навучэнцаў. Вось тады я і прабіла галавою столь, бо маіх дзяцей выкарысталі, яны нават не зразумелі, што адбываецца. А настаўніцы там бегалі з чырвонымі тварамі і крычалі на дзяцей, што яны ня ведаюць гімн, усім выдалі дзёньнікі малодшых клясаў, дзе ён ёсьць на вокладцы».
Вось якімі крокамі Вольга раіць ісьці, калі ў вас зьявілася праблема ў школе:
- Размова з кляснай кіраўніцай;
- Размова з завучам;
- Размова з дырэктарам;
- Ліст ва ўпраўленьне адукацыі (копіі — у Міністэрства адукацыі і ў школу).
Пасьля затрыманьня Вольгі яе выклікалі на раду прафіляктыкі, праводзіліся асобныя размовы.
«Калі пачынаюць пагражаць і вы ня ўпэўненыя ў тым, што школа проста „адрабляе“ нейкія ўказаньні зьверху, калі вы бачыце, што сытуацыя становіцца небясьпечнай, — трэба рабіць іншыя крокі, рэагаваць хутчэй і больш жорстка. Самае галоўнае, каб дзеці бачылі, што бацькі заўсёды безумоўна на іх баку. Маміна барацьба за нас з братам у тыя савецкія гады недарэмная, я ўбачыла прыклад непахіснасьці. Яна была адзінай у маім клясе, хто змагаўся».
«Дзіця не павінна змагацца з дарослым»
Першае, на што зьвяртае ўвагу псыхоляг Ірына Каліноўская, — адчуваньне сваіх межаў варта прышчапляць зь дзяцінства. Пры гэтым, заўважае Ірына, калі вучань у школе пачне актыўна выказвацца і крычаць: «Вы ня маеце права!», настаўнік стане ў абарончую пазыцыю і пераможа ў такой спрэчцы, а сэнсу ў гэтым будзе мала.
«Гаворка хутчэй не пра тое, што настаўнік, які падвышае голас, — дрэнны чалавек і права ня мае, а пра тое, што такія паводзіны і стаўленьне — гэта ненармальна. „Настаўнікі не павінны крычаць на дзяцей“, „Такога не павінна быць“, „Тое, што адбываецца — гэта няправільна“. Пры гэтым самім бацькам варта рэалістычна ацэньваць сытуацыю: сучасная сыстэма адукацыі такая, што настаўнікі будуць крычаць на дзяцей», — тлумачыць псыхоляг, гештальт-тэрапэўт Ірына Каліноўская.
Ірына ўпэўненая, што такія паводзіны — норма для нашага грамадзтва, і сфармаванага запыту на яе зьмену пакуль няма.
«Паспрабуйце падняць у любым бацькоўскім чаце пытаньне з нагоды таго, што на дзіця накрычалі. Вы атрымаеце 90% водгукаў у стылі „няма чаго зь імі сюсюкацца, яны самі на галаву садзяцца, наогул, нас лупцавалі і мы людзьмі вырасьлі“. Па-другое, настаўнікі выгараюць хутка і беспаваротна. Па-трэцяе, цяпер у школах застаюцца працаваць людзі паводле прынцыпу адмоўнай сэлекцыі, за вельмі рэдкім выключэньнем. Усе фактары не ў падтрымку бацькам, на жаль».
Тлумачыць дзеткам, што трэба зьвяртацца адразу да бацькоў, калі нешта здараецца, варта яшчэ ў дашкольным узросьце.
«Такія рэчы тлумачацца ва ўзросьце 4–6 гадоў той жа мовай, якой мы тлумачым сыну або дачцэ, што нельга сыходзіць зь незнаёмымі дзядзькамі глядзець кацянят. „Ёсьць інтымныя зоны твайго цела, да іх нікому нельга дакранацца без твайго дазволу. Ёсьць асабістыя межы тваёй асобы, калі на цябе крычаць, хапаюць, пляскаюць па сьпіне, стукаюць па тваёй парце ўказкай, рвуць сшытак і гэтак далей, трэба прыйсьці да мяне і ўсё расказаць. Разам мы разьбяромся. Я на тваім баку“. Як правіла, калі дзіця перакананае, што бацькі за яго, такіх пытаньняў не ўзьнікае».
Псыхоляг кажа, што калі вашае дзіця ідзе ў звычайную дзяржаўную школу, лепш не ангажаваць яго ў барацьбу з сыстэмай, кажучы, напрыклад, — «Нікому не дазваляй крычаць на сябе!».
«Яшчэ раз падкрэсьлю, што ў сёньняшніх рэаліях месца, дзе на дзяцей не крычаць, — гэта альбо ўтопія, альбо добрая прыватная школа. Дзіця ўсё роўна будзе з гэтым сутыкацца і пакутаваць ад бясьсільля, бо мяняць падыход — гэта задача нас, дарослых, а не дзяцей. Гэта бацькі могуць, калі захочуць, настойваць, тлумачыць прынцыпы гуманізму і зрушваць зь месца груды аўтарытарна-герархічнай сьветабудовы сучаснай школы. Для дзіцяці самае бясьпечнае — гэта арганізацыя такой прасторы, якая адпавядае вашым маральна-этычным каштоўнасьцям».
Калі настаўнік крычыць на вучня, спрабуе яго прынізіць, то ў дзіцяці можа быць розная рэакцыя, ад якой і залежаць далейшыя дзеяньні.
«Тактыка абароны залежыць ад тэмпэрамэнту дзіцяці і спосабаў паводзінаў у стрэсе членаў сямʼі. Хтосьці дранцьвее, хтосьці плача, нехта кідаецца абараняцца і нападаць у адказ. Тут галоўнае — данесьці да дзіцяці, што важна не зрабіць горш: напрыклад, ня кідацца крэсламі і не абражаць настаўніка. Дзіця не павінна змагацца з дарослым, гэта апрыёры сытуацыя-цугцванг. Стрэсавую сытуацыю дзіця павінна данесьці да бацькоў і атрымаць суцяшэньне».
Калі настаўнік спрабуе прымяніць сілу, «кідаецца» на вучня, замахваецца рознымі прадметамі, бацькам трэба скарыстаць прававыя мэханізмы, раіць псыхоляг.
«Бацькам трэба ісьці на прыём да дырэктара, пісаць заяву аб недапушчальных адносінах да дзіцяці і патрабаваць разглядаў. І мець пры гэтым на ўвазе, што магчымасьці перавыхаваць дарослага чалавека няма ні ў іх, ні ў начальства».
Зь іншага боку, вучні часта таксама могуць правакаваць настаўніка.
«Прафэсія настаўніка вельмі складаная і вельмі затратная. Для таго, каб не паддавацца на правакацыі дзяцей, трэба быць цэласнай і вельмі ўстойлівай асобай. Для прыкладу рэкамэндую да прагляду вельмі стары, чорна-белы фільм „Рэспубліка ШКІД“ зь Сяргеем Юрскім. У нашых рэаліях сыстэма адукацыі не прыстасаваная да такіх людзей, таму любыя спробы адаптаваць да яе дзяцей і захаваць пры гэтым іх годнасьць будуць кампраміснымі».
«Калі дзіця ва ўладзе чалавека, якога адкрыта баіцца, — гэта траўматычная сытуацыя»
У школах здараюцца выпадкі, калі вучняў прымушаюць уступаць у піянэры, БРСМ, удзельнічаць у праўладных сьвятах. Такія сытуацыі могуць суправаджацца як заахвочваньнямі (дадатковымі адзнакамі, граматамі і інш.), так і рознага тыпу пагрозамі, празь якія дзіця баіцца адмовіць настаўніку ці кіраўніцтву школы.
«Калі дзіця ва ўладзе чалавека, якога адкрыта баіцца, — гэта траўматычная сытуацыя. Каб пазьбегнуць падобнага роду сытуацый, бацькам можна пайсьці на прэвэнтыўныя меры: на пачатку навучальнага году вусна і пісьмова папярэдзіць увесь пэдкалектыў, што ўдзел вашага дзіцяці ў любога роду пазашкольных мерапрыемствах павінен адбывацца толькі з вашай згоды, як яго законнага прадстаўніка».
Тое ж самае тычыцца любых гутарак, якія праводзяцца зь дзецьмі сам-насам — можна запатрабаваць, каб яны праводзіліся толькі ў прысутнасьці аднаго з бацькоў, каб пазьбегнуць ціску і іншых праяваў эмацыйнага гвалту, раіць псыхоляг.
«З пэўнага ўзросту важна разумець, што дзіця пачынае фармаваць уласную пазыцыю, і яна можа адрозьнівацца ад сямейнай. У гэтым выпадку важна ні ў якім разе не папракаць яго за здраду і не пазбаўляць сямейнай падтрымкі. Падлеткі толькі спрабуюць ва ўсім разабрацца, дайце ім такую магчымасьць. Заўсёды ўдакладняйце ў сваіх дзяцей: ты сам так захацеў ці цябе прымусілі? І слухайце, што яны вам кажуць».
Таксама бацькам могуць пачаць пагражаць за паводзіны ці дзеяньні іх дзяцей, грамадзянскую пазыцыю сям’і. Пры пераходзе на мову пагрозаў чалавек трапляе ў небясьпечную прастору, у якой трэба дзейнічаць адразу па некалькіх напрамках, раіць Ірына.
«Псыхалягічна прымяняць мэтады „складаных перамоваў“ і прапампоўваць асэртыўнасьць — гэта ўменьне адстойваць сябе і свае правы безь пераходу на асобы, крыкі і гістэрыкі. Той самы „ўнутраны стрыжань“. Па гэтых тэмах ёсьць трэнінгі і разнастайная літаратура. З грамадзянска-прававога боку: заручыцца падтрымкай юрыстаў і дасьведчаных бацькоў, якія бывалі ў такіх сытуацыях. Няма і ня можа быць адзінай дакладнай стратэгіі ў такіх канфліктах. Заўсёды трэба скрупулёзна вывучаць дэталі. І не баяцца, не саромецца прымаць падтрымку з боку».
Набалелая тэма для бацькоў — «паборы» ў школе і просьбы ў нечым паўдзельнічаць, якія суправаджаюцца фразай «ну вы ж усё разумееце».
«Гэтая фраза — клясычная маніпуляцыя. Маніпулятыўныя зносіны нэўтралізуюцца адмовай, то бок максымальна прамым адказам. Можна адказаць такой гульнёй „у дурня“, які не чытае намёкаў. „Прабачце, не разумею. Ня бачу для сябе магчымасьці падтрымаць гэтае рашэньне“. Усё залежыць ад вашай мэты. Калі вы ня хочаце ўдзельнічаць у чымсьці, можна знайсьці фармулёўку, якая максымальна выразна, але не агрэсіўна акрэсьліць вашу мяжу: „Прабачце, гэта супярэчыць нашым каштоўнасьцям, мы ня можам узяць у гэтым удзел“. Можна і проста акуратна „зьлівацца“: зьяжджаем, хварэем, не атрымаецца».
Складанасьць усёй сыстэмы ў тым, што ў закладніках апынаецца дзіця, кажа псыхоляг. Бацькі адстойваюць свае перакананьні, настаўнік — свае, а паміж імі — ні ў чым не вінаваты вучань. Ёсьць пэдагогі, якія ўмеюць ня зьмешваць адносіны з бацькамі і іх дзецьмі, але такія ня ўсе, гэта важна ўлічваць, падкрэсьлівае Ірына.
«Гаворка не ідзе пра тое, каб абараняць дзяцей ад усяго на сьвеце да самага іх саракагодзьдзя і далей. Ёсьць сытуацыі, зь якімі сына або дачку важна навучыць разьбірацца самім: адказнасьць за нявыкананае хатняе заданьне, адносіны з аднаклясьнікамі, кантроль за пасьпяховасьцю і яе рэгуляваньне. Але рашэньне гэтых задач становіцца магчымым толькі тады, калі ёсьць базавая бясьпека: павага, падтрымка, пасьлядоўнасьць, увага. У сучаснай беларускай школе дзецям увесь час важна нагадваць, што чорнае, а што белае».
Размаўляйце зь дзецьмі і пішыце заяву
Юрыст Крысьціна Рыхтэр кажа, што прыцягнуць да нейкай адказнасьці кіраўніцтва школы ці настаўнікаў за іх дзеяньні ў Беларусі амаль немагчыма.
«Мая парада — весьці прафіляктычныя гутаркі са сваімі ж дзецьмі, тлумачыць, што адбываецца, чаму гэта дрэнна і чаму нечага ня трэба рабіць, каб дзеці заўсёды маглі адмовіцца ад гэтага самастойна. Потым можна паспрабаваць напісаць заяву, што вы забараняеце ўдзел вашага дзіцяці ў якіх-небудзь мерапрыемствах, уступленьне ў арганізацыі бяз вашага ведама або вашай прысутнасьці. Яшчэ трэба дамовіцца, каб вам заўсёды паведамлялі, дзе ваша дзіця знаходзіцца, на першы запыт», — кажа Крысьціна Рыхтэр.