Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты Максім Знак і Людміла Казак — ляўрэаты прэміі Lawyers for Lawyers 2021


Людміла Казак
Людміла Казак

Улады Беларусі раней забралі ў Казак і Знака адвакацкія ліцэнзіі.

Цяпер Максім Знак адбывае 10-гадовае турэмнае пакараньне, што яму прысудзілі 6 верасьня. Ён быў адвакатам іншага палітзьняволенага — Віктара Бабарыкі. Арыштавалі Знака ў верасьні 2020 году.

Людміла Казак бараніла Марыю Калесьнікаву, пакуль 19 лютага на паседжаньні калегіі Міністэрства юстыцыі яе не пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

Пра ўручэньне прэміі былым абаронцам Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай паведаміла журы прэміі.

«Узнагароджваючы Максіма Знака і Людмілу Казак прэміяй, журы хоча адзначаць важную працу абаіх юрыстаў, якія сьмела прадстаўлялі беларускіх праваабаронцаў і лідэраў апазыцыі і плацяць за сваю працу высокую цану. Гэтай прэміяй журы таксама хоча прыцягнуць увагу да іншых беларускіх юрыстаў, якія зазнавалі ціск, перасьлед і запалохваньне ў сувязі зь іх прафэсійнай дзейнасьцю, асабліва пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году», — адзначыла журы прэміі.

Прэмію ўручаць у Амстэрдаме 18 лістапада 2021 году.

Прэміяй Lawyers for Lawyers уганароўваюць юрыстаў, якія зрабілі заўважны ўнёсак у абарону законнасьці, правоў чалавека ў няпростых умовах. Пераможцы атрымліваюць спэцыяльны знак і 10 тысяч эўра. Першую прэмію ўручылі ў 2011 годзе юрысту з Зымбабвэ, таксама ляўрэатамі былі юрысты з Расеі, Калюмбіі, Тайлянду і Турэччыны.

Па стане на жнівень колькасьць адвакатаў, пазбаўленых права на практыку ў Беларусі, наблізілася да 30 чалавек. Усе яны абаранялі інтарэсы палітзьняволеных. Сярод адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіі, — абаронца Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі, былыя адвакаты сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай — Аляксандар Пыльчанка, Сяргей Зікрацкі, які абараняў яшчэ аднаго сябра прэзыдыюму КР Максіма Знака, і іншыя, у тым ліку сам Знак і Людміла Казак.

На дадатак да ўсяго, улады Беларусі прынялі папраўкі ў закон аб адвакатуры. У адпаведнасьці зь імі ў Беларусі скасавалі дзейнасьць адвакатаў у складзе адвакацкіх бюро і індывідуальную практыку, што яшчэ больш ускладніла працу адвакатаў у палітычна матываваных справах і скараціла выбар абаронцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG