Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія журналісты атрымалі ўсе прэміі Free Media Awards


Беларуская асацыяцыя журналістаў — адзін зь ляўрэатаў прэміі Free Media Awards
Беларуская асацыяцыя журналістаў — адзін зь ляўрэатаў прэміі Free Media Awards

У мінулыя гады ляўрэатамі прызнавалі журналістаў з розных краін сьвету, аднак сёлета журы прысудзіла ўсе прэміі толькі беларусам.

Прэміі атрымалі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч, журналістка «Нашай нівы» Натальля Лубнеўская, а таксама партал Tut.by і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Мы прысуджаем усе прэміі беларускім журналістам і мэдыя як знак прызнаньня іхных беспрэцэдэнтных намаганьняў і мужнасьці цягам гэтага драматычнага году, за працу ва ўмовах дыктатуры», — адзначылі арганізатары.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў гэты момант адбываюць 2-гадовае зьняволеньне ў калёніі за асьвятленьне акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Кацярына Барысевіч ужо выйшла з турмы, на якую яе асудзілі за артыкул з афіцыйнымі мэдычнымі зьвесткамі, якія зьняпраўдзілі словы Лукашэнкі аб тым, што Бандарэнка нібыта быў п’яны. Натальля Лубнеўская вельмі доўга аднаўлялася ад раненьня, якое ёй нанёс адзін зь сілавікоў, стрэліўшы ў калена. Яна была параненая падчас асьвятленьня акцыі пратэсту ў Менску.

Партал Tut.by сутыкнуўся з магутным ціскам уладаў, якія заблякавалі яго, правялі ператрусы ў рэдакцыі і па месцы жыхарства супрацоўнікаў і зьняволілі шэраг зь іх. БАЖ, у сваю чаргу, таксама перажыла некалькі ператрусаў, рахункі асацыяцыі заблякаваныя.

Прэмія Free Media Awards з 2016 году прысуджалася журналістам з Грузіі, Армэніі, Беларусі, Украіны, Азэрбайджану і Расеі. На яе намінуюць міжнародныя арганізацыі і інстытуты, што дзейнічаюць ва Ўсходняй Эўропе, а таксама экспэрты, якія спэцыялізуюцца на ўсходнеэўрапейскай тэматыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG