Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык і археоляг Сяргей Тарасаў сьцьвярджае, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай — у Троіца-Сергіевай лаўры пад Масквой


Сяргей Тарасаў
Сяргей Тарасаў

Аўтар кнігі «Еўфрасіньня — Офрасіньня — Афрасіньня Полацкая: Яе час, яе Крыж» гісторык і археоляг Сяргей Тарасаў выказаў уласную думку, дзе цяпер Крыж Эўфрасіньні Полацкай. У 1941 годзе крыж вывезьлі з тэрыторыі Беларусі, і з таго часу ягоны лёс застаецца невядомы.

Сваімі здагадкамі Сяргей Тарасаў падзяліўся з газэтай «Народная воля».

Аргумэнты «за»

У сваёй кнізе Сяргей Тарасаў сэнсацыйна сьцьвярджае: Крыж існуе і знаходзіцца ў Троіца-Сергіевай лаўры пад Масквой. Чым ён гэта аргумэнтуе.

— Па-першае, ёсьць публічнае, у дакумэнтальным фільме, прызнаньне сьветлай памяці мітрапаліта Філарэта. Для сучаснай копіі Крыжа, якую зрабіў майстар Мікола Кузьміч, уладыка прадаставіў часьцінку Хрыстовай крыві, якую «адкалупнуў з дазволу настаяцеля зь нейкай дошчачкі ў нейкім манастыры». Слухайце, вы многа ведаеце ў сьвеце дошчачак, на якіх была б кроў Збавіцеля? Я ведаю толькі адну — Крыж Лазара Богшы, – кажа Сяргей Тарасаў.

Гісторык нагадвае, што праз таго ж Філарэта знайшлося старажытнае Слуцкае Эвангельле – а яно перад вайной знаходзілася ў тым самым пакоі-сэйфе ў Магілёве, дзе ляжаў і Крыж. У дадатак у 1945 годзе першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка гаварыў пра Крыж як пра каштоўнасьць, «которой мы обладаем».

Сяргей Тарасаў дадае, што асабіста ведае людзей, якія «Крыж бачылі на свае вочы. І бачылі ў рызьніцы Троіца-Сергіевай лаўры».

Чаму ня зьезьдзіць у Лаўру, каб упэўніцца?

Сяргей Тарасаў тлумачыць, што гэта ня так проста, бо царква – што каталіцкая, што праваслаўная – самая закрытая ўстанова, і ў рызьніцу Троіца-Сергіевай лаўры можна трапіць толькі з асабістага дазволу Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

«Менавіта ён і зьяўляецца настаяцелем лаўры. Як я разумею, Крыж Эўфрасіньні Полацкай — асабістая сьвятыня патрыярха. Ён прыяжджае туды да яе маліцца», – сьцьвярджае гісторык.

Але ён дадае, што зыходзячы зь лёгікі праваслаўнай царквы, не істотна, дзе Крыж знаходзіцца — у манастыры пад Масквой ці ў Полацку. Бо абодва манастыры — ва ўлоньні РПЦ.

  • Крыж Эўфрасіньні Полацкай быў выраблены ў Полацку для царквы Сьвятога Спаса на замову прападобнай ігуменьні Эўфрасіньні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе.
  • У 1921 годзе яго рэквізавалі бальшавікі. Да ўварваньня нацыстаў у Беларусь рэліквія захоўвалася ў Магілёве. У 1941 годзе машыну, наладаваную партыйным архівам ды гістарычнымі і культурнымі каштоўнасьцямі, адправілі ў Маскву. Там павінен быў быць і Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай
Крыж Эўфрасіньні Полацкай
  • Пасьля вывазу рэліквіі яе лёс застаецца невядомым. У 1943 і 1945 годзе сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка двойчы публічна казаў пра крыж як прадмет мастацтва, які ня быў згублены, а знаходзіцца ў распараджэньні кіраўніцтва СССР.
  • Афіцыйна Крыж дагэтуль у вышуку. Адшукаць беларускую рэліквію спрабавалі ў ЗША, але бясплённа.
  • У 1997 годзе ювэлір-эмальер зь Берасьця Мікалай Кузьміч вырабіў копію Крыжа, якую 24 жніўня 1997 году асьвяціў мітрапаліт Філарэт. Копія захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG