У суботу ў сьвятыні Кірылы Тураўскага пры Менскай духоўнай сэмінарыі прэзэнтавалі Тураўскі Крыж. Праца па ўзнаўленьні крыжа XII–XIII стагодзьдзяў вялася тры гады, піша church.by.
У ёй бралі ўдзел Беларуская праваслаўная царква і Нацыянальная акадэмія навук пры падтрымцы Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь.
Майстры вырабілі два асобнікі крыжа. Адзін прызначаны для набажэнстваў, другі — для экспанаваньня ў Нацыянальнай акадэміі навук.
Як паведамляе сайт БПЦ, на прэзэнтацыі, апрача мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна, прысутнічаў таксама Сяргей Румас, які ў 2012–2018 гадах кіраваў Банкам разьвіцьця. Незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў ён пакінуў пасаду прэм'ер-міністра Беларусі.
Тураўскі Крыж быў адноўлены на ўзор напрастольных крыжоў бізантыйскіх і старажытнарускіх сьвятыняў. Да іх жа адносіцца яшчэ адна вядомая беларуская рэліквія — крыж Эўфрасіньні Полацкай.