Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Тарасаў: «Больш, чым я сабраў пра Афрасіньню і яе Крыж, няма нідзе»


Сяргей Тарасаў
Сяргей Тарасаў

Наш сёньняшні госьць — знаны дасьледчык беларускае даўніны Сяргей Тарасаў. Справай усяго яго жыцьця стала вывучэньне гісторыі Полацкага княства. А яго новая кніга «Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня Полацкая. Яе час, яе Крыж» ужо выклікала вялікі розгалас і нават стала сэнсацыяй для многіх чытачоў.

Мы пагаварылі з аўтарам пра сапраўднае імя першай беларускай жанчыны-асьветніцы, таямніцы зьнікненьня і знаходжаньня яе славутага крыжа, невядомыя старонкі жыцьцяпісу і яе ўплыў на сучаснасьць і будучыню.

— Спадар Сяргей, дазвольце шчыра павіншаваць вас з выхадам доўгачаканае кнігі пра першую ўсходнеславянскую асьветніцу, славутую ва ўсім адукаваным сьвеце палачанку, нябесную заступніцу зямлі беларускай сьвятую Эўфрасіньню! Зрэшты, звыклае нам імя яе вы ўзялі пад такі глыбокі навуковы сумнеў, што нават на вокладцы кнігі зьмясьцілі адразу тры варыянты. То як жа нам цяпер яе называць: Еўфрасіньня? Офрасіньня? Афрасіньня?

— Па-беларуску адназначна — «Афрасіньня». На рускай і стараславянскай мове — «Офросиния», бо менавіта так яна сама сябе называла. І гэта не мая прыдумка. Я нават дзіўлюся, што беларускія (у Беларусі, у адрознасьці ад замежных) навукоўцы гэтага раней не заўважалі! Для мяне пэўным штуршком былі знаходкі дзьвюх віслых пячатак у Полацку, дзе абсалютна дакладна яе імя напісана праз «О». Было лягічным і зусім не складаным параўнаць гэтае напісаньне з тэкстам на Крыжы Лазара Богшы, дзе яе імя таксама пішацца праз «О». Ці можна сабе ўявіць гэтае «О» як памылку самой Афрасіньні ці залатара? Зразумела, што не. Яна сама сябе так называла. Адпаведна, так называлі яе і ўсе астатнія. Адкуль жа ўзялася «Еўфрасіньня»? Я спрабую даць сваю вэрсію. Яна грунтуецца на апасродкаваных фактах і храналёгіі XII стагодзьдзя.

Першае, што варта адзначыць, гэта тое, што, як даказала расейская дасьледчыца Натальля Сярогіна, ужо ў канцы XII стагодзьдзя Афрасіньня была прызнана сьвятою і кананізавана. Але дакладна ня Кіеўскай мітраполіяй.

Другі факт — перанос яе мошчаў са Сьвятой зямлі. Спробы прывязаць гэтую падзею да XIV–XV стагодзьдзяў не вытрымліваюць крытыкі. Умовы былі абсалютна не спрыяльныя. Да таго ж проста немагчыма ўявіць сабе нейкіх кіеўскіх паломнікаў-манахаў, якія вырашылі ратаваць ад арабаў ды туркаў менавіта мошчы Афрасіньні, якую ў Кіеве бачылі ўсяго адзін раз, і то праездам.

Трэці факт. Не існавала ані ў XII–XIII, ані ў XIV–XV стагодзьдзях «рэйсавых маршрутаў» Ерусалім — Кіеў! Тым болей паломніцкіх. На гэтым шляху самымі важнымі і «папулярнымі» былі прыпынкі Канстантынопаль і Афон. А тут ужо ў X стагодзьдзі зьяўляецца агіяграфічная (жыційная) літаратура, у тым ліку і жыціе Еўфрасіньні Александрыйскай, выкладзенае грэкам Мэтафрастам. Менавіта яно нейкім чынам (праз два стагодзьдзі) і трапляе ў рукі нашай Прадславы.

Чацьвёртае. На Полаччыне да Афрасіньні не было ўласных агіяграфічных твораў, бо не было сьвятых, ці мы проста пра іх нічога ня ведаем. Жыція сьвятога Торвальда мы таксама ня ведаем. З чаго вынікае, што і адукаваных людзей, якія былі б здольныя гэты твор скласьці, таксама не было. Не існавала традыцыі.

З усяго гэтага я раблю выснову, што да напісаньня першаснага варыянта жыція (якога мы ня маем) прыклалі руку баўгары (што хутчэй за ўсё) ці грэкі. І пісалі яны пад дыктоўку палачанаў, што абсалютна відавочна. Але справа ў тым, што на ўсёй эўрапейскай прасторы не было аніводнага імя А(О)фрасіньня! І безьліч варыянтаў імёнаў з асноваю на Еўфрасін- (і жаночых, і мужчынскіх). Імя Еўфрасіньня, асацыяцыя зь сьвятой Еўфрасіньняй Александрыйскай, і спрычыніла «пераробку» нашай Афрасіньні ў Еўфрасіньню.

— «Таму, хто знойдзе тры „неадпаведнасьці“ ў назьве і „назьве“ і зразумее, як выяўлены Крыж на вокладцы, — асабісты бескаштоўны з аўтографам экзэмпляр. Выбіраю па часе». От такую забаўку для сваіх чытачоў вы абвясьцілі ў фэйсбуку. Ну і як? Знаходзяць? Разьбіраюцца?

Сяргей Тарасаў са сваёй кнігай у Полацку
Сяргей Тарасаў са сваёй кнігай у Полацку

— Пакрысе разьбіраюцца. Вокладку (дакладней, каліграфію і прамалёўку пячатак) зрабіла мая былая студэнтка Ксенія Дрозд. Цяпер яна з мужам і дачкою жывуць у Таліне. Ксенія — сябра Асацыяцыі эўрапейскіх каліграфаў, працуе сама, вучыць дзетак. Ужо калі была задумана кніга, то паўстала пытаньне: як сумясьціць тры імёны? Аніводзін «вордаўскі» шрыфт не падыходзіў. Таму вырашылі, што яна як мастак-каліграф паспрабуе сумясьціць і адаптаваць сярэднявечны славянскі шрыфт у выглядзе кніжнай застаўкі. Але на момант, калі праца была фактычна завершана, у мяне як аўтара яшчэ не было пэўнасьці ў граматычным напісаньні імя. Пасьля кансультацый з адмыслоўцамі былі прынятыя формы, якія прадстаўленыя на форзацы і ў тэксьце. А вокладка засталася гэткай, як ёсьць.

— Якія яшчэ, апроч сапраўднага імя, загадкавыя старонкі жыцьцяпісу слыннай палачанкі вам удалося высьветліць і выкласьці ў кнізе?

— Некаторыя і для мяне сталіся нечаканымі. Напрыклад, з матэрыялаў Кіеўскай епіскапіі па падрыхтоўцы пераносу мошчаў прападобнай у 1910 годзе мы ведаем, што для Полацку была зроблена новая рáка, куды мошчы і пераклалі. Але засталіся абмеры старой труны — 143 сантымэтры. Калі адняць таўшчыню дошак, то прыжыцьцёвы фізычны рост Афрасіньні складаў прыблізна 137 сантымэтраў. Не палянуйцеся, вазьміце рулетку і прыкладзіце да сябе.

Нельга назваць гэта адкрыцьцём, але з новымі фактамі ўдалося пацьвердзіць дату сьмерці сьвятой Афрасіньні — 1173 год. Яе шлях у Канстантынопаль традыцыйна зьвязвалі з сустрэчаю «цара, які ішоў на вуграў». І чамусьці за «цара» адназначна прымалі імпэратара бізантыйскага Мануіла Першага Камніна. Што дало падставу гісторыку Аляксею Мельнікаву перагледзець традыцыйную царкоўную дату. Але ж «цароў» у імпэратарскім акружэньні было многа, у тым ліку і вугорскіх. Менавіта ў час паломніцтва прападобнай паміж Бізантыяй і Вугоршчынай разыгрывалася сапраўдная палітычная і чалавечая драма. І Афрасіньня сапраўды сустрэла цара, і нават з войскам, але не імпэратара. Пра гэта падрабязна ў кнізе.

Нечаканасьцю было знайсьці выявы (фота) так званай Лімбурскай стаўратэкі, яе дэталёвае апісаньне і зразумець, адкуль растуць ня толькі «карані» формы і тэхнікі выкананьня Крыжа Лазара Богшы 1161 году, але і сьвятыняў, якія ў ім захоўваюцца. Можна нават выказаць меркаваньне, што Богша яе бачыў. Што цалкам магло адбыцца падчас місіі «служкі» Міхаіла па абраз Багародзіцы Эфэскай у Канстантынопаль.

Дарэчы, пра тое, дзе знаходзіцца арыгінальны Крыж, я выказваўся і раней. Але выявілася, што да Крыжа быў яшчэ і футарал! Ён згадваецца падчас «вандроўкі» Крыжа ў Маскву і Санкт-Пецярбург у 1841–1842 гадах. У 1928 годзе ў фінаддзеле Полацкага АДПУ (ОГПУ), адкуль Крыж забраў Вацлаў Ластоўскі (ён не шукаў Крыж, а проста прыехаў і забраў), футарала ўжо не было, іначай ён бы трапіў у вопіс. Лёгіка падказвае, што першапачатковы футарал мог зрабіць і Богша! Дзе ён?

Багата і іншых таямніц і адкрыцьцяў. Няма сэнсу пераказваць іх у інтэрвію, трэба чытаць у кнізе.

— А цяпер дапамажыце, калі ласка, нам з чытачамі ўявіць жыцьцё будучай сьвятой у старажытным стольным горадзе. Бацькі, атачэньне, побыт, адукацыя і ўрэшце рашэньне юнай князёўны пайсьці ў манастыр. Выкладзіце, калі ласка, вашу вэрсію: што штурхнула яе на такі крок, які прывёў урэшце да станаўленьня асобы небывалай да гэтага ў беларускіх жанчын інтэлектуальнай сілы?

Сяргей Тарасаў у Полацку
Сяргей Тарасаў у Полацку

— Гэтаму прысьвечаны першыя разьдзелы кнігі. Трэба чытаць. Адзначу толькі, што сапраўды, для дванаццацігадовай дзяўчынкі крок быў неверагодны. Нават бацькі не чакалі! Асабістых, чалавечых матываў мы не даведаемся ніколі. Толькі тое, што ў яе Жыціі. Але ёсьць факты апасродкаваныя. Сярод іх, так бы мовіць, геапалітычны. Полаччына перастае быць маналітнаю дзяржаваю пасьля сьмерці Ўсяслава Чарадзея, губляе свае зоны ўплыву на поўначы і захадзе. Сярод сыноў славутага князя толькі Глеб Менскі адчайна змагаецца за бацькаву спадчыну, але прайграе. У Полацку зьмяняецца царкоўная герархія, прыходзяць і надоўга застаюцца кіеўскія япіскапы. Менавіта ў XII стагодзьдзі пачынаецца масавая хрысьціянізацыя Полацкай зямлі. І не заўсёды мірна. Сёньня мы ўжо можам гэта сьцьвярджаць. Разгортваецца неверагодная па маштабах будоўля новых храмаў і нават княжага церама. Калі казаць сучаснымі словамі, то пачынаецца вялікі перадзел маёмасьці, своеасаблівы «рэйдэрскі захоп» цэлай дзяржавы. Вяршыняй гэтага руху становіцца паланеньне і высылка полацкіх князёў у Бізантыю ў 1129 годзе.

Ці магла разумець дванаццацігадовая дзяўчынка тое, што адбываецца навокал? А чаму не? Яна была ўжо ва ўзросьце нявесты. Мы ня ведаем, за якога князя яе (як і Еўфрасіньню Александрыйскую) думалі выдаць замуж. Але дакладна гэта ня мог быць палачанін. Тут усе былі сваякамі. Значыць, патэнцыйны жаніх быў «кіеўскай пароды». А з гэтага вынікала падпарадкаваньне полацкіх зямель Кіеву, у дадзеным выпадку праз шлюб. Справа, дарэчы, звычайная для сярэднявечча.

Падаецца, што матыў непадпарадкаваньня, матыў унутранага супраціву таму, што адбываецца ў навакольным жыцьці, таму, што ідзе ўразрэз з запаветамі Хрыста і самога хрысьціянскага жыцьця, разуменьня працэсу разбурэньня ранейшага (пры Ўсяславу, якога яна, дарэчы, і бачыць не магла) ладу жыцьця, прывялі яе ў манастыр. Ня тое што бацькі, нават цётка-ігуменьня не хацела яе прымаць! Але юнай Прадславе (будучай Афрасіньні) у сваім намеры хапіла моцы, якую яна пранясе праз усё жыцьцё.

— Часта можна пачуць, што назва краіны Беларусь — жаночага роду, а таму ўсе лёсавызначальныя падзеі ў ёй зьвязаныя з жанчынамі. Ад самых летапісных вытокаў. Палітычная гісторыя пачалася з Рагнеды, духоўная — з Афрасіньні. Як па-вашаму, гэта проста гістарычная выпадковасьць ці гістарычная заканамернасьць? І як, калі заканамернасьць, вы яе патрактуеце?

Сяргей Тарасаў са сваёй кнігай у Менску
Сяргей Тарасаў са сваёй кнігай у Менску

— Сапраўды, падобная тэндэнцыя ёсьць. Я б вылучыў два аспэкты. Першы. У нашым традыцыйным патрыярхальным «мужчынскім» грамадзтве за апошнія стагодзьдзі вылучэньне жанчыны на першыя «ролі» ўспрымаецца як дзіўная, цікавая, «прыгожая», але анамалія. Часам яна даходзіць да абсурду: «Любая кухарка можа кіраваць дзяржаваю» — «Пост прэзыдэнта ў нас не для жанчыны». Таму такія гістарычныя асобы, як Рагнеда, Афрасіньня, Анастасія Слуцкая, Эмілія Плятэр ці Палута Бадунова і іншыя выклікаюць жывую цікавасьць. І асабліва цяпер, калі жанчыны па ўсім сьвеце выходзяць на самыя высокія палітычныя і грамадзкія пазыцыі. Не, пакуль ня большасьцю, але, можна казаць, у роўніцу.

Другі аспэкт больш глыбокі і гістарычны. Не будзем забываць (гэта этналягічны і этнаграфічны факт), што першабытныя чалавечыя супольнасьці (якія існуюць нават сёньня) базаваліся на матрыярхаце — дамінаваньні жанчыны. Жанчына — гэта падмурак грамадзтва, жанчына — зямля і паветра, жанчына — захавальніца вогнішча, жанчына — ежа і яе спажываньне і, канечне, прадаўжальніца роду. У нашым сёньняшнім кампутарным часе нават цяжка сабе ўявіць, што прыгажосьць, гонар і годнасьць жанчыны ў мінулым лічылася ня колькасьцю «лайкаў», але колькасьцю дзяцей! І тут яе аўтарытэт быў безумоўны і бясспрэчны. І гэтыя адносіны нават сёньня нікуды не падзеліся. Спытайце любога: «Як ты ставісься да бацькі?» І можна пачуць што заўгодна ў адказ. А спытайце пра маці, і пачуеце: «Маму не чапай. Гэта сьвятое!» Вось так і ў нашай гісторыі, у мінулай і найноўшай: у крызісныя часы, калі самыя моцныя (і целам, і духам) мужчыны апускаюць рукі ці проста ня маюць магчымасьці адстойваць сваю «хату», наперад выходзяць жанчыны. Гэта магчыма таму, што яны ня толькі самыя прыгожыя ў сьвеце, але таму, што разумныя, адукаваныя, мэтанакіраваныя, а не «забітыя ў падпечча» хатняй гаспадаркі. «Кухня, кірха і кіндэр» — не пра нашых жанчын. У гэтым і ёсьць асаблівасьць нашага беларускага мэнталітэту. У нейкай ступені і нашай беларускай Ідэі.

— Вядомы пастулят пра тое, што калі народ ня ведае сваёй гісторыі, то ў яго няма будучыні. Вашы першыя сустрэчы з чытачамі сваёй кнігі што паказалі аўтару? Цікавіцца народ валадарамі думкі сваіх далёкіх продкаў? Задумваецца над іх уплывам на сучаснасьць?

— Мая чытацкая аўдыторыя — мэтанакіраваная. Я напісаў некалькі падручнікаў, у тым ліку дзеючы для 4 клясы школы, і больш гэтым займацца не зьбіраюся. Мае кнігі не адукацыйныя, а тыя, якія пашыраюць веды. Мая мэта — падзяліцца ў зразумелай, папулярнай, нават захапляльнай форме тым, што адкрыў сам для сябе. Гэта кнігі, якія абапіраюцца на навуковыя дасьледаваньні самага шырокага кола. І ўласныя, зразумела. Прыйшло ўжо даўно разуменьне, што большую карысьць прынясе ня друк маіх археалягічных справаздач, разьлічаных у лепшым выпадку чалавек на сто, а навукова-папулярнае абагульненьне ў вольнай і дасьціпнай форме.

Саму кнігу пакуль мала хто прачытаў «ад коркі да коркі». Аднак на маіх шматлікіх сустрэчах у розных кутках Беларусі я бачыў, як бы гэта мякчэй сказаць без ганарлівасьці, вялікую цікавасьць. Бывала так, што ў адну аўдыторыю запрашалі і два, а то і тры разы. Хто сказаў, што ў адну ваду немагчыма ўвайсьці двойчы? Можна, калі ты сам гэтую ваду наліваеш! Нашы людзі вельмі дапытлівыя, шчырыя. Ім усё цікава, у тым ліку і айчынная гісторыя. Ведаеце, якая самая-самая папулярная ў іх фраза пры любых сустрэчах? «Мы, канечне, сваю гісторыю дрэнна ведаем… але…» І далей ляціць шквал пытаньняў. І гэта надае аптымізму і моцы.

— Дарэчы, пра чытачоў, ці, дакладней, пра тых, хто вырашае, дапусьціць іх да вашай кнігі ці не. Маецца на ўвазе забарона прэзэнтацый кнігі на радзіме яе гераіні і ў суседнім Наваполацку. Чым напужала нябесная апякунка зямлі беларускай яе цяперашніх начальнікаў?

Сяргей Тарасаў са сваёй кнігай у менскай «Акадэмкнізе»
Сяргей Тарасаў са сваёй кнігай у менскай «Акадэмкнізе»

— Прэзэнтацыя не забаронена, але «адкладзена». Абавязкова адбудзецца цягам нейкага часу. Кніга «напужаць» не магла, бо хто яе бачыў? І нічога «страшнага», нейкай «ерасі» ці яшчэ чаго падобнага там няма. Ігуменьня Спасаўскага манастыра, матушка Еўдакія, якая ў свой час блаславіла на напісаньне, прыняла вельмі прыязна. І гэта быў мой аўтарскі і чалавечы абавязак — першы экзэмпляр прынесьці менавіта ў манастыр.

Некага «напужаў» менавіта я сам, і тое, што на сустрэчу з кнігаю прыйдуць людзі. Магчыма, вельмі многа зацікаўленых чытачоў. Фармальна менавіта гэтая (канкрэтная) прэзэнтацыя не была прапісана ў гадавых плянах устаноў, а таму магла трактавацца як «несанкцыянаваная». Таму я і прыняў рашэньне ад прэзэнтацый адмовіцца, а проста прывезьці ў горад сваякоў разам з кнігаю. Спасаўскаму манастыру, Сафійскаму сабору, фрэскам, абразам і мошчам сьвятой Афрасіньні я кнігу прэзэнтаваў!

— Якога лёсу вы жадаеце сваёй кнізе, якую можна назваць галоўнай кнігай вашага навукова-творчага жыцьця?

— Як нармальны гісторык і пісьменьнік, я не лічу яе «галоўнай» у жыцьці. Яна была напісана (пісалася для мяне неверагодна доўга — два з паловай гады) толькі таму, што я ня меў маральнага права яе не напісаць. Хай «віціевата» гучыць, але гэта так. Аднойчы, зважаючы на розныя свае артыкулы, кнігі пра іншае, выступленьні, падбор літаратуры і выпісак, прыйшло разуменьне, што трымаць гэта ўсё проста ў сваёй галаве і паперах — злачынства. Хай ня ўсё дасканала, хай без навуковага апарату, хай не да ўсяго «дакапаўся», але людзі, беларусы, навукоўцы і проста чытачы павінны ведаць! Спрачайцеся, крытыкуйце, прапануйце, абмяркоўвайце, па магчымасьці сустракайцеся. Магу сказаць толькі адно: больш, чым я сабраў пра Афрасіньню і яе Крыж, няма нідзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG