Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, за пяць месяцаў году беларускія прадпрыемствы прадалі ўкраінскім суб’ектам гаспадараньня 450 819 кг малака і вяршкоў (таварны код 401000000) на 271,6 тысячы даляраў, што на 63,2% больш за ўзровень адпаведнага пэрыяду мінулага году.
Аб’ём паставак парашковага малака павялічыўся ў 1,5 раза — да 792 000 кг, на 2 мільёны 57 тысяч даляраў.
У 3,2 раза паболелі аб’ёмы кісламалочных прадуктаў (код 403000000) — да 484 969 кг, на 672,4 тысячы даляраў. У гэтым сэгмэнце прадукцыі найбольш павялічылася доля ёгурту (код 403100000) — аб’ём паставак вырас амаль у чатыры разы, да 263 961 кг, на 442,1 тысячы даляраў.
Істотна ў першыя шэсьць месяцаў году павялічыліся пастаўкі беларускіх сыроў усіх відаў і тварагу (код 406000000). Паводле ўкраінскай статыстыкі, аб’ём павялічыўся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году больш як у шэсьць разоў — да 464 893 кг, на 1 мільён 541 тысячу даляраў, а сьвежых сыроў (без высьпяваньня) — у 7,8 раза, да 425 511 кг, на 1 мільён 352 тысячы даляраў.
У той жа час, нягледзячы на значнае павелічэньне паставак, Беларусь ня выйшла на лідэрскія пазыцыі на рынку малочнай прадукцыі ва Ўкраіне. Беларуская прадукцыя прадстаўляе бюджэтны сэктар па цэнавых парамэтрах, а ў лідэрах на ўкраінскім рынку — вядомыя эўрапейскія вытворцы: Бэльгія, Італія, Нямеччына і Польшча.
Беларусь з студзеня па чэрвень 2021 году прадала ва Ўкраіну прадукцыі на 1,908 мільярда даляраў, што на 62,3 % больш, чым летась у гэты ж пэрыяд. Украіна паставіла ў Беларусь сваёй прадукцыі на 685,8 мільёна даляраў — гэта на 6,4% больш за ўзровень мінулага году.
«Беларускіх» кіёскаў стала менш, але прадукцыя мае попыт
Яшчэ некалькі гадоў таму ці ня ў кожным абласным цэнтры Ўкраіны як на дражджах зьяўляліся кіёскі «Беларускія прадукты». У іх прадаваліся каўбасы і малочная прадукцыя зь Беларусі. Цяпер большасьць гэтых кіёскаў пазачыняліся, але прадукцыя ня зьнікла — найчасьцей яе рэалізуюць у невялікіх крамах, на рынках ці праз інтэрнэт.
Украінскія спажыўцы лічаць, што Беларусь змагла захаваць савецкую якасьць вытворчасьці малочнай прадукцыі, таму і аддаюць перавагу беларускім сырам, тварагу і ёгуртам. І камэрцыйныя кампаніі з посьпехам эксплюатуюць такія стэрэатыпы.
Адны — ствараюць сваю прадукцыю з выкарыстаньнем беларускай мовы і назваў, другія — арганізоўваюць пастаўкі наўпрост зь Беларусі, а трэція — ствараюць падпольныя прадпрыемствы, на якіх падрабляюць беларускія прадукты. За апошнія некалькі гадоў праваахоўныя органы спынілі некалькі такіх вытворчасьцяў у Чарнігаўскай і Чарнавіцкай абласьцях.
У той жа час усё часьцей ва Ўкраіне, асабліва ў сацыяльных сетках, украінцы заклікаюць адзін аднаго не купляць беларускую прадукцыю, каб не фінансаваць рэжым. Гэта тычыцца ня толькі прадуктаў харчаваньня, але і касмэтыкі, і іншай прамысловай прадукцыі зь Беларусі.