Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік НАК Анатоль Котаў пра санкцыі ЗША: «Так Лукашэнку яшчэ ня білі»


Першыя ацэнкі новых санкцыяў ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады супраць рэжыму ў Беларусі вельмі розьняцца — адны называюць іх вельмі моцнымі, іншыя кажуць, што яны асабліва на эканоміку Беларусі не паўплываюць.

Разьбіраемся разам з прадстаўніком Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ў замежнай палітыцы і гандлі Анатолем Котавым.

Сьцісла

  • Санкцыі будуць мець другаснае прымяненьне
  • Найбольш важны — гэта новы Еxecutive order Байдэна, паводле якога празь некалькі месяцаў змогуць набыць сілу і новыя сэктаральныя санкцыі ЗША
  • Указ Байдэна стварыў прававы падмурак для вельмі хуткіх дзеяньняў амэрыканскай адміністрацыі. Раней гэтага элемэнту не было
  • Эўропа можа ўзяць прыклад з ЗША
  • Санкцыі могуць быць накладзеныя і на расейскія кампаніі, якія будуць супрацоўнічаць з рэжымам, што вельмі звужае магчымасьці Менску для пошуку паратунку ў Расеі ці Кітаі
  • Санкцыі пакуль адзіны мэханізм, каб пакараць вінаватых у вайне са сваім народам
  • Эўропе трэба выпрацаваць мэханізм рэакцыі на дзеяньні неадэкватных суседзяў

Амэрыканцы будуць караць нават за спробу абысьці санкцыі

— Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва выступае за санкцыі супраць беларускага ўраду. Вось цяпер іх увялі. Наколькі гэта сур’ёзны, на вашу думку, удар па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі?

— Па-першае, любыя санкцыі трэба разглядаць як іміджавы ўдар. І тое, што санкцыі былі ўведзеныя адначасова ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай — гэта самы моцны сыгнал для рэжыму ў Беларусі і, што яшчэ больш важна, гэта моцны сыгнал для бізнэсу, які вядзе справы зь нелегітымнай уладай Беларусі.

Менавіта іміджавыя страты б’юць мацней, чым самі эканамічныя страты. Усе спачатку ўхвалялі, а пасьля крытыкавалі санкцыі, што ўвёў адносна рэжыму Лукашэнкі Эўрапейскі Зьвяз. Казалі, што там ёсьць дзіры, і яны сапраўды там былі. Але аказалася, самае галоўнае, што санкцыі абвясьцілі і ўвялі іх у дзеяньне.

Анатоль Котаў
Анатоль Котаў

Тое самае і ў сытуацыі з санкцыямі ЗША. Геаграфія санкцый, калі можна так сказаць — Вялікая Брытанія і ЗША — для бізнэсу часьцяком мае большае значэньне, чым санкцыі эўрапейскія. Нягледзячы на тое, што Беларусь больш гандлюе з Эўропай, асноўнай валютай плацяжоў пераважна зьяўляецца даляр. І гэта цяпер прадстаўляе найбольшую пагрозу для тых прадпрыемстваў, якія апынуліся ў санкцыйным сьпісе.

І што вельмі важна — гэта новы Еxecutive order, які прадугледжвае ўжо сэктаральныя санкцыі. Гэта такі сыгнал на будучыню. Празь некалькі месяцаў сэктаральныя санкцыі змогуць набыць сілу.

Гэта траекторыя руху Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх партнэраў у Эўропе, Вялікай Брытаніі і Канадзе, якая вельмі яскрава паказвае, што няма сэнсу весьці бізнэс з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Калі ня сёньня, то заўтра ці пасьлязаўтра нехта будзе весьці бізнэс з падсанкцыйным сэктарам ці прадпрыемствам, а ў амэрыканскіх санкцыях ужо прадугледжаныя і так званыя другасныя санкцыі. А гэта — пакараньне фізычных ці юрыдычных асобаў, якія ўваходзяць у дзелавыя кантакты зь беларускімі падсанкцыйнымі прадпрыемствамі.

І што яшчэ больш важна — у амэрыканскіх санкцыях прадугледжаны мэханізм пакараньня нават за спробу іх абыходу.

Так што можна сказаць, што гэта самы галоўны іміджавы ўдар, які ад 9 жніўня 2021 году будуць на сабе адчуваць тыя, хто трапіў у санкцыйны сьпіс, а па нейкім часе адчуюць і тыя, хто трапляе ў сэктары эканомікі, якія апынуцца пад санкцыямі ў адпаведнасьці з новым выканаўчым указам прэзыдэнта ЗША.

І вось што яшчэ важна. Эўропа таксама глядзіць на Злучаныя Штаты Амэрыкі. ЗША не сьпяшаліся, яны правялі вялікую працу, у тым ліку прааналізавалі памылкі, якія дапусьцілі іх эўрапейскія партнэры. Таму, зь юрыдычнага гледзішча, амэрыканскія санкцыі больш моцныя. Зараз і Эўропа будзе глядзець, што і як зрабілі амэрыканцы, і будзе выпраўляць свае памылкі.

Так што гэта траекторыя руху ня толькі для ЗША, але і для эўрапейскіх партнэраў, якія неўзабаве будуць зьбірацца і думаць, што далей рабіць з рэжымам Лукашэнкі.

Указ Байдэна стварыў прававы падмурак для вельмі хуткіх дзеяньняў амэрыканскай адміністрацыі

— Яшчэ раз удакладнім. З таго, што вядома на 10 жніўня, вынікае, што санкцыі будуць мець «іранскі», калі можна так сказаць, характар — гэта значыць, што будзе і другасны характар. Інакш кажучы, яны могуць пашырацца і на расейскія кампаніі і структуры, якія будуць супрацоўнічаць з падсанкцыйнымі структурамі Беларусі. Але ва ўказе Байдэна ёсьць і згадкі наогул пра ўсіх прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі і беларускай дзяржавы, што гучыць даволі пагрозьліва. Выглядае, што разуменьне санкцыйнага пакету будзе працягвацца не адзін тыдзень ці нават месяц. Гэта так?

— Гэта так. На гэты момант вядома, што каля 40 фізычных і юрыдычных асобаў ад 9 жніўня 2021 году знаходзяцца ў пэрсанальным сьпісе. А вось тое, што будзе імплемэнтавацца паводле выканаўчага ўказу прэзыдэнта Байдэна, стане вядома на працягу некалькіх наступных тыдняў, а можа і месяцаў.

Бо ўказ стварыў прававы падмурак для вельмі хуткіх дзеяньняў амэрыканскай адміністрацыі. Раней гэтага элемэнту не было, таму ранейшыя санкцыі ўводзіліся так, як уводзіліся — вельмі павольна і абмежавана. Цяпер у выканаўчай улады ЗША ёсьць падставы і інструмэнты, каб дзейнічаць вельмі хутка і больш балюча.

Калі ня выйдуць усе вязьні — ЗША ўвядуць новыя сэктаральныя санкцыі

— Як вы ацэньваеце той сьпіс з паўтара дзясятка фірмаў і прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі ЗША? Наколькі гэта сур’ёзна для эканомікі Беларусі? Ці чакаць крызісу?

— Магчыма, на эканоміцы Беларусі гэта ня так заўважна адаб’ецца. Магчыма. Але гэта дакладна адаб’ецца на кішэнях тых, хто гэты рэжым падтрымліваў — бо там увесь нелегальны гандаль цыгарэтамі, там дадатковыя санкцыі супраць вытворцаў калійных угнаеньняў і шмат што яшчэ. Гэта, найперш, павінна адбіцца на кішэнях тых, хто зарабляе на нелегальных або шэрых схемах гандлю, дзе б ён ні знаходзіўся — у Беларусі ці за мяжой.

Таму, на маю думку, гэта вельмі акуратна выпрацаваны і прадуманы інструмэнт. Калі папярэднія санкцыі ЗША — гэта была размарозка самых старых амэрыканскіх санкцый, якія сягаюць яшчэ ў пачатак 2000-х гадоў і якія былі такім стрэлам у паветра, то санкцыі 9 жніўня 2021 году — гэта больш прыцэльны стрэл.

І, галоўнае, ёсьць пэрспэктыва некалькіх тыдняў або месяцаў, пасьля якіх наступіць пагаршэньне санкцыйнага рэжыму, калі ў Беларусі нічога ня зьменіцца.

А «нічога ня зьменіцца» азначае — калі ў Беларусі ня выйдуць усе палітвязьні, а ня толькі тыя, каго прызнала такімі міжнародная супольнасьць, і калі ў краіне будуць абвешчаныя новыя выбары. І трэцяя ўмова — пакуль ня будуць прыцягнутыя да адказнасьці тыя, хто вінаваты ў гвалце супраць мірных грамадзян Беларусі.

А тое, што мы пачулі ад Лукашэнкі 9 жніўня на прэс-канфэрэнцыі, гэта жартачкі. Пяць тысяч беларусаў проста вырашылі пажартаваць і адначасова напісалі заявы аб гвалце ў міліцыю...

Кожны новы пакет санкцый супраць Менску даражэйшы для Масквы

— Скептыкі пішуць, што заўсёды ёсьць магчымасьць абысьці санкцыі. Якія, на вашу думку, Расея мае магчымасьці дапамагчы Беларусі абысьці санкцыі і кампэнсаваць страты ад іх?

— Насамрэч гэта пытаньне да Крамля, якія ў яго ёсьць магчымасьці ратаваць рэжым у Беларусі фінансава, бо кожны новы пакет санкцыяў даражэйшы для Масквы, чым папярэдні. 9 жніўня падчас прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка таксама патрабаваў ад Масквы грошай, каб уратавацца.

Але тое, што адрозьнівае апошні амэрыканскі пакет санкцыяў, гэта якраз магчымасьці іх другаснага дзеяньня. Яны могуць быць накладзеныя ня толькі на беларускія юрыдычныя і фізычныя асобы, але і на замежныя. Таму супрацоўніцтва з рэжымам будзе больш дарагім і больш таксычным. Так што санкцыі могуць быць накладзеныя і на расейскія кампаніі, што будуць супрацоўнічаць з тымі, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

Гэта вельмі звужае магчымасьці для пошуку паратунку ў Расеі, Кітаі і іншых месцах.

Эўропе патрэбны мэханізм рэакцыі на дзеяньні неадэкватных суседзяў

— Пра санкцыі наогул існуюць розныя меркаваньні ў экспэртнай супольнасьці — адны кажуць, што гэта дрэнна, што санкцыі штурхаюць Беларусь у абдымкі Расеі, іншыя кажуць, што іншага сродку паўплываць на рэжым у Менску няма. Якая пазыцыя Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва і ваша асабістая: санкцыі — гэта добра ці дрэнна?

— Санкцыі — гэта дрэнна, але калі няма іншага выйсьця, то гэта адзіны магчымы інструмэнт, які можа і павінен паўплываць на зьмену сытуацыі ў Беларусі да лепшага. Гэта балючы, хірургічны інструмэнт, але часамі да яго трэба прыбягаць, калі другі бок ня здольны да ніякіх перамоваў, да ніякіх цывілізаваных размоваў і не выконвае свае абавязаньні.

Цяпер гэта адзіны інструмэнт, які ёсьць у міжнароднай супольнасьці для рэагаваньня на сытуацыю з масавым парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, дзе разгортваецца сапраўдны, штучна створаны гуманітарны крызіс.

Хацелася б, каб на будучыню былі выпрацаваныя мэханізмы міжнароднага рэагаваньня, калі твой сусед перастае выконваць свае міжнародныя і нацыянальныя абавязаньні і кажа, што «Мне не да законаў, раблю што хачу, бо я псых. Што вы мне зробіце? Будзеце па законе са мной размаўляць?» Патрэбная нейкая перазагрузка рэакцыі на падобныя сытуацыі ў Эўропе.

Усе проста ў шоку ад таго, што адбываецца ў Беларусі ў 2020–2021 гадах, калі ў Эўропе паўстае такая Паўночная Карэя з найгоршымі практыкамі Савецкага Саюзу або акупацыйнага рэжыму фашыстаў у Беларусі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. А такі мікс у Беларусі мае месца. І што з гэтым рабіць, ніхто дакладна ня ведае. Таму санкцыі — пакуль адзіны мэханізм, каб пакараць вінаватых у вайне са сваім народам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG