Санкцыі ЗША
У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прэзыдэнт ЗША падпісаў выканаўчы загад аб блякаваньні маёмасьці дадатковых асобаў, датычных да сытуацыі ў Беларусі.
Уводзяцца санкцыі ў дачыненьні да ААТ «Беларуськалій», які, як лічыць амэрыканскі бок, зьяўляецца «крыніцай незаконнага ўзбагачэньня рэжыму», і санкцыі да Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які «абвінавачваецца ў адмываньні грошай, ухіленьні ад санкцыяў і абыходзе візавых забаронаў».
У санкцыйны сьпіс таксама ўключаныя «вядомыя бізнэсоўцы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, а таксама 15 кампаніяў, зь якімі яны зьвязаны.
- ЗАТ «Абсалютбанк» — беларускі банк, яго ўладальнік Мікалай Верабей набліжаны да Лукашэнкі;
- ЗАТ «Новая нафтавая кампанія» — кампанія, якая гандлюе беларускімі нафтапрадуктамі;
- ЗТАА «Дана Астра» — кампанія-забудоўнік, зьвязаная з сэрбскімі бізнэсоўцамі братамі Карычамі. Праекты кампаніі падтрымлівае Лукашэнка;
- Спартовы клюб «Шок» Дзьмітрыя Шакуты, якога падазраюць у пабіцьці Рамана Бандарэнкі, ад чаго той пасьля загінуў.
- Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі — дзяржаўны алімпійскі камітэт Беларусі, адказны за зьняцьце з Алімпійскіх гульняў у Токіё Крысьціны Ціманоўскай.
- Нафтабітумны завод — завод, які займаецца нафтапрадуктамі, зьвязаны зь бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём;
- ААТ «Беларуськалій» — прадпрыемства калійных угнаеньняў, флягман беларускай вытворчасьці.
- ААТ Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» — цыгарэтная фабрыка, адзін з манапалістаў на рынку;
- ТДА «Белнафтагаз» — кампанія набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксея Алексіна;
- ТАА «БелКазТранс» — кампанія набліжанага да Лукашэнкі Мікалая Вараб’я, якая займаецца ў тым ліку транзытам;
- ТАА «Bremino Group» — лягістычная кампанія, якая належыць набліжанаму да ўлады бізнэсоўцу Аляксандру Зайцаву;
- ТАА «Dubai Water Front» — кампанія, зьвязаная з Dana Holdings і братамі Карычамі;
- ТАА «Inter Tobacco» — кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна, спэцэкспартэр тытуню;
- ТАА «Interservice» — кампанія, якая займаецца аптовым гандлем і турыстычнымі паслугамі, зьвязаная з «Абсалютбанкам»;
- ТАА «Новая нафтавая кампанія „Ўсход“» — дачка беларускай «Новай нафтавай кампаніі», зарэгістраваная ў Смаленску;
- ТАА «Emirates Blue Sky» — кампанія, зьвязаная з Dana Holdings і братамі Карычамі;
- СЗАТ «Energo-Oil» — кампанія, зьвязаная зь бізнэсоўцам Аляксеем Алексіным;
- Сьледчы камітэт Беларусі;
- Упраўленьне ўнутраных справаў Гомельскай вобласьці;
- «Dana Holdings Limited» (Кіпр) — кампанія братоў Карычаў;
- «БелКазТранс Украіна» — транспартная кампанія, зьвязаная з бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.
За мінулы год ЗША купілі ў Беларусі калійных угнаеньняў на 100 мільёнаў даляраў, у 2019 годзе — на 126 мільёнаў даляраў. Экспарт паслуг у ЗША зь Беларусі летась склаў 1,2 мільярда даляраў.
Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, санкцыі ЗША «выглядаюць вельмі маштабнымі».
«У гэтых санкцыях апісаны калійная галіна, тытунь, вайскова-тэхнічная сфэра, банкаўская сфэра. На дэталёвую прапрацоўку такіх санкцый ідзе ад 3 да 6 месяцаў. Гэтыя санкцыі будуць маштабнымі з прымяненьнем другасных санкцый. Абыходзіць іх вельмі складана, калі наогул магчыма. Такія санкцыі мы бачылі на прыкладзе Ірану, калі краіна застаецца ў аўтаркіі (эканамічная палітыка, скіраваная на будаўніцтва незалежнай эканомікі, — РС) толькі разам са сваімі найбліжэйшымі сябрамі», — кажа Леў Львоўскі.
У санкцыйным сьпісе ЗША адзін банк — «Абсалютбанк». Аднак у дакумэнце Executive Order on Blocking Property of Additional Persons Contributing to the Situation in Belarus (Выканаўчы указ аб блякаваньні ўласнасьці іншых асобаў для садзейнічаньня сытуацыі ў Беларусі) гаворыцца пра пашырэньне санкцый ня толькі на пералічаных юрыдычных асобаў, а шырэй — гэта арганізацыі, якія кантралюе ўрад Беларусі.
У дакумэнце, напрыклад, называецца Нацбанк, а гэта значыць, што санкцыі могуць закрануць 7 банкаў, у якіх ёсьць доля дзяржавы ці капітал дзяржаўных органаў.
Санкцыі Вялікай Брытаніі
- Вялікая Брытанія абвясьціла аб забароне на набыцьцё каштоўных папер і фінансавых інструмэнтаў, выпушчаных урадам Рэспублікі Беларусі, дзяржаўнымі банкамі. Таксама забаранілі выдаваць крэдыты.
- Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці цыгарэт.
- Увяла санкцыі ў авіяцыйнай галіне для прадухіленьня пералётаў або пасадкі беларускіх авіяперавозчыкаў у Вялікай Брытаніі і забарону на аказаньне тэхнічнай дапамогі парку элітных самалётаў Аляксандра Лукашэнкі.
- Вялікая Брытанія ўводзіць санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева, «вядомага расейскага бізнэсоўца, які зьяўляецца адным з галоўных прыватных інвэстараў у Беларусі і даўнім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі».
Экспарт у Вялікую Брытанію зь Беларусі летась — 803 мільёны даляраў, з гэтага нафтапрадукты — 701 мільён даляраў. Экспарт паслуг у Вялікую Брытанію зь Беларусі летась — 392 мільёны даляраў.
«Вялікая Брытанія ня вельмі любіць накладаць санкцыі; калі ЭЗ увёў санкцыі, Вялікая Брытанія іх не адразу падтрымала. Санкцыі Вялікай Брытаніі найбольш важныя для гандлю нафтапрадуктамі. Юрыдычна гандаль нафтапрадуктамі робіцца праз такія краіны, як Вялікая Брытанія і Швайцарыя», — падкрэсьлівае Леў Львоўскі.
Асабліва важна, што ў санкцыйным сьпісе зьявіўся Міхаіл Гуцэрыеў, які зьяўляецца інвэстарам у беларускую эканоміку і ў сфэрах інтарэсаў якога нафта і нафтапрадукты. «Міхаіл Гуцэрыеў асабліва важны для беларускай эканомікі ў пэрыяд абыходу санкцый. Гэта чалавек з сувязямі ў нафтавым сьвеце, які быў бы карысны беларускаму ўраду ў пляне абыходу санкцый», — мяркуе Леў Львоўскі.
Якія яшчэ санкцыі ўвялі супраць уладаў Беларусі
Гэтыя дадатковыя санкцыі — працяг тых, якія Вялікая Брытанія ўвяла 21 чэрвеня 2021 г. па ўзгадненьні з ЗША, Канадай і ЭЗ у адказ на затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі пасьля незаконнай пасадкі самалёта рэйсу Ryanair FR4978 у траўні 2021 году.
За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў у Беларусі. Таксама ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі:
- На экспарт і перадачу абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў дзеля маніторынгу або перахопу інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- На экспарт у Беларусь тавараў двайнога прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- На экспарт у Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- На імпарт у ЭЗ нафтапрадуктаў зь Беларусі.
- На імпарт у ЭЗ калійных угнаеньняў зь Беларусі.
- На доступ на фінансавыя рынкі ЭЗ ураду Беларусі, а таксама беларускіх дзяржаўных фінансавых інстытутаў і суб’ектаў.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Да санкцыяў ЭЗ далучыліся Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія.
Трэцяга чэрвеня зноў уступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Пад амэрыканскія санкцыі падпалі прадпрыемствы:
- «Белнафтахім»
- «Белнафтахім ЗША»
- «Нафтан»
- «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
- «Белшына»
- «Гродна Азот»
- «Гроднахімвалакно» ААТ
- «Лякафарба»
- ААТ «Полацак-Шкловалакно»