Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў айца Аляксандра Надсана


Айцец Аляксандар Надсан
Айцец Аляксандар Надсан

Падзеі 8 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзеі 8 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

8 жніўня 1926 году нарадзіўся Аляксандар Надсан, беларускі уніяцкі сьвятар, апостальскі візытатар беларускіх католікаў у эміграцыі, дырэктар Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане, гісторык, перакладчык.

Часам хочацца даць партрэт чалавека адным словам. У выпадку з айцом Аляксандрам Надсанам гэтае слова — прасьветлены.

Калі гаворка пра сьвятара, ня трэба тлумачыць, прасьветлены кім.

Мне выпала наведаць не адну сотню храмаў розных канфэсіяў. Але ніводны зь іх ня быў сугучны маёй душы так, як Беларуская грэка-каталіцкая царква Сьвятых Пятра і Паўла ў Лёндане. Бо там служыў сьвятар, які болей за любую іншую сустрэтую мной духоўную асобу адпавядаў свайму чыну.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 670–671.

Таксама ў гэты дзень

1618 — гораду Друя нададзенае Магдэбурскае права.

1655 — расейскія войскі занялі Вільню ў ходзе вайны з Рэччу Паспалітай (1654–1667).

1794 — пачалася першая, двухдзённая (8.8-9.8.1794), атака расейскіх войскаў на Вільню.

1815 — Напалеон адправіўся ў высылку на востраў Сьвятой Алены.

1919 — польскія войскі занялі Менск.

1925 — у Вільні выйшла беларуская газэта-аднаднёўка «Селянін».

1945 — СССР аб’явіў вайну Японіі ў ходзе Другой Сусьветнай вайны.

2008 — пачаліся актыўныя баявыя дзеяньні ў канфлікце паміж Грузіяй, з аднаго боку, і Паўднёвай Асэтыяй, Абхазіяй і Расеяй зь іншага.

У гэты дзень нарадзіліся

1912 — Аркадзь Чарнышэвіч, беларускі пісьменьнік.

1940 — Алесь Каралёў, беларускі дэмакратычны актывіст.

Безь невысокай падхорцістай постаці Алеся, заўсёды густоўна апранутага, усьмешлівага, гаваркога, зь нездымальным белчырвона-белым значком на штрыфэлі, немагчыма ўявіць ніводнай нашай дэмакратычнай акцыі — пачынаючы з памятных усім нам Дзядоў 1988-га. Пасьля першага Маршу Свабоды ён стаў знаходкаю для незалежных журналістаў, дасьціпна распавёўшы, як кіраўніцтва ягонага авіярэмзаводу палохала працоўных на палітынфармацыях гісторыямі пра адмарозкаў з БНФ, што, пашыхтаваўшыся ў чэргі, гвалцілі ў спыненых трамваях маладзенькіх вагонаважатых.

Алесь Карпавіч умеў сябраваць. У ягонай кавалерскай аднапакаёўцы перабывала добрая частка Саюзу пісьменьнікаў і Саюзу мастакоў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 476–477.

У памяці

1530 — Канстанцін Астрожскі, вялікі гетман літоўскі.

Канстанцін Астрожскі
Канстанцін Астрожскі

1780 — Тадэвуш Рэйтан, пасол ад Наваградзкага ваяводзтва на Сойме Рэчы Паспалітай.

1772 год стаўся для дзяржавы чорным. Расея, Аўстрыя і Прусія ўчынілі першы падзел Рэчы Паспалітай. Усходнія беларускія землі апынуліся ў кіпцюрах дзьвюхгаловага арла. Пад ціскам Расеі вялікі імёны свабоды 21 князь і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі даў згоду сабраць Сойм, каб узаконіць падзел.

Дэпутат (пасол) ад Наваградзкага павету Рэйтан атрымаў інструкцыю: патрабаваць безумоўнай эвакуацыі расейскіх войскаў з абшару Вялікага Княства. На Сойме, які распачаўся ўвесну 1773-га, Тадэвуша падтрымліваюць адзінкі. За згоду пакінуць залю яму прапаноўваюць дзьве тысячы дукатаў. У адказ Тадэвуш выхоплівае шаблю. Асабліва драматычны характар падзеі набываюць у часе патрыятычнай прамовы другога наваградзкага пасла Самуэля Корсака. Калі дэпутаты-здраднікі пачалі выходзіць з залі, Рэйтан лёг крыжам перад дзьвярыма і закрычаў: «Забіце мяне, але не забівайце Айчыны!»

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 20–21.

1976 — Мікалай Лапіцкі, дзеяч беларускай эміграцыі, праваслаўны сьвятар.

У гады вайны ён займаецца пошукам і вызваленьнем з канцлягераў ваеннапалонных беларусаў, сам трапляе ў рукі СД, а вярнуўшыся на волю, далучаецца да адбудовы Беларускай праваслаўнай царквы. Пасьля аўтакефальнага царкоўнага сабору 1942 году Лапіцкага прызначылі настаяцелем менскай Чыгуначнай царквы, якую старыя менчукі й цяпер згадваюць добрым словам — як і сьвятара, што ў нялюдзкі час знаходзіў для кожнага слова спагады й падтрымкі.

Па вайне айцец Мікалай разам зь Беларускім царкоўным камітэтам склікаў у Рэгенсбургу зьезд духавенства і вернікаў з заходніх акупацыйных зонаў Нямеччыны. Зьезд катэгарычна выступіў супраць уваходу беларускіх япіскапаў у склад Расейскай замежнай царквы. Лапіцкі, дарэчы, заўсёды падкрэсьліваў, што хрысьціянства прыйшло на нашыя землі ня з Кіева і, пагатоў, не з Масквы, а з Канстантынопалю, а таму Беларуская аўтакефалія мусіць знаходзіцца ва ўлоньні Ўсяленскага Канстантынопальскага патрыярха.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 312–313.

1976 — Вячаслаў Селях-Качанскі, беларускі опэрны сьпявак.

З адзнакай закончыўшы канс рваторыю, ён перамагае больш за трыста канкурэнтаў і трыюмфальна трапляе ў славуты Марыінскі тэатар.

Нядаўні лагойскі хлапчук апынаецца на музычным Алімпе. Як прэм’ербарытон ён сьпявае разам з Шаляпіным ды іншымі зоркамі. Найбольш удалымі з дваццаці пяці ягоных роляў крытыка называе Барыса Гадунова, князя Ігара і Рыгалета. Здавалася, далей будуць адны ружы й авацыі. Але ў сярэдзіне 1920-х гадоў, зьдзівіўшы калегаў, Селях прымае прапанову старшыні Інстытуту беларускай культуры Ўсевалада Ігнатоўскага і пераяжджае ў Менск.

У 1927-м на сцэне Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ-1) адбылася прэм’ера «Русалкі» А. Даргамыскага — першай опэры на беларускай мове. Селях прычыніўся да прэм’еры ў дзьвюх іпастасях — як рэжысэр і як выканаўца ролі Млынара. У тым самым годзе ён узначальвае БДТ-1 (сучасны Купалаўскі тэатар) і выводзіць яго ў шэраг найлепшых тэатральных калектываў краіны.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 310–311.

1977 — архімандрыт Леў Гарошка, беларускі уніяцкі сьвятар, манах-марыянін, гісторык, журналіст, выдавец, перакладчык, галоўны рэдактар часопісу «Божым шляхам».

1986 — Вісарыён Гарбук, беларускі пісьменьнік.

2007 — Уладзімер Буднік, беларускі кампазытар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG