Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяжы, калі яшчэ жывы!» На 7–16 жніўня прызначылі «Маратон Свабоды» ў падтрымку пацярпелых ад рэжыму


Маратонцы, ілюстрацыйная выява
Маратонцы, ілюстрацыйная выява

Фонд спартовай салідарнасьці абвясьціў галоўны online-забег году «Маратон Свабоды» #MARATHONFORFREEDOM.

Онлайн-маратон стартуе з 7 па 16 жніўня і прымеркаваны да Году салідарнасьці ў змаганьні зь беларускім рэжымам.

Рэгістрацыя пад спасылкай ТУТ. Некалькі опцыяў: ад удзелу зь бясплатнай заяўкай да варыянту з эксклюзіўнымі падарункамі.

«Наш дэвіз — бяжы, калі яшчэ жывы!», — гаворыцца на адмысловым сайце імпрэзы.

Афіцыйную прадукцыю прадстаўляе ўганараваны баец муай-тай Віталь Гуркоў. Набыўшы брэндавую прадукцыю, можна дапамагчы палітвязьням і іх сем’ям.

Зорныя амбасадары — плыўцы Аляксандра Герасіменя і Павал Санковіч, баскетбалісткі Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна, шматборцы Андрэй Краўчанка і Яна Максімава, спартовы журналіст Дзьмітры Рута, шоўмэн Дзяніс Дудзінскі, грамадзянскі актывіст Андрэй Ткачоў, сябра Кааардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі ды іншыя.

Таксама пра намер далучыцца да забегу заявіла лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, якую спартовыя функцыянэры спрабавалі выдварыць з алімпійскага Токіё.

Дыстанцыя забегу сымбалічная — 2 334 мэтры. Менавіта паводле артыкулу 23.34 амаль 40 000 беларусаў летась і сёлета асуджаныя за ўдзел у мірных пратэстах.

«Бяжым у падтрымку лекараў, журналістаў, артыстаў, студэнтаў, рабочых, палітвязьняў, нашых мам і тат, бабуляў і дзядуляў, сяброў і суседзяў. Бяжым за кожнага, хто працягвае маратон Свабоды», — заклікаюць арганізатары.

Плян арганізатараў:

  • 7 жніўня: бяжым у падтрымку дзеячоў культуры
  • 8 жніўня: бяжым у падтрымку лекараў
  • 9 жніўня: бяжым у Новую Беларусь
  • 10 жніўня: бяжым у падтрымку журналістаў
  • 11 жніўня: бяжым у падтрымку студэнтаў
  • 12 жніўня: бяжым у падтрымку жанчын
  • 13 жніўня: бяжым у падтрымку рабочых
  • 14 жніўня: бяжым у падтрымку спартоўцаў
  • 15 жніўня: бяжым у падтрымку палітвязьняў
  • 16 жніўня: бяжым у падтрымку Фонду спартыўнай салідарнасьці.

Каб падтрымаць названыя катэгорыі, дастаткова выбраць бясьпечны маршрут і ў які-хаця зь пералічаных дзён выправіцца на прабежку.

«Мы разам і мы не здаемся! Салідарнасьць — наша сіла!», — канстатуюць ініцыятары маратону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG