Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высылкай беларускіх трэнэраў справа ня скончыцца, — прэзыдэнт МАК пра сытуацыю зь Ціманоўскай


Юры Майсевіч (справа), галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў лёгкай атлетыцы, і Артур Шумак, начальнік нацыянальнай каманды Беларусі ў лёгкай атлетыцы, перад адлётам у аэрапорце Токіё, 6 жніўня 2021 г.
Юры Майсевіч (справа), галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў лёгкай атлетыцы, і Артур Шумак, начальнік нацыянальнай каманды Беларусі ў лёгкай атлетыцы, перад адлётам у аэрапорце Токіё, 6 жніўня 2021 г.

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах заявіў 6 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі, што пазбаўленьнем акрэдытацыі на Алімпіядзе трэнэраў Крысьціны Ціманоўскай МАК не абмяжуецца, перадае Reuters.

На пытаньне, якія будуць наступствы для вінаватых у сытуацыі зь Ціманоўскай, Бах адказаў:

«Гэта вырашае дысцыплінарная камісія, працэс у гэтай справе працягваецца. На скасаваньні дзьвюх акрэдытацыяў працэс не спыніўся. Дысцыплінарная камісія прыме адпаведныя захады, санкцыі і рашэньні», — сказаў Бах.

«МАК ня ў стане мяняць палітычную сыстэму ў краіне. Гэта ня нашая місія», — дадаў Бах.

Прэзыдэнт МАК Томас Бах
Прэзыдэнт МАК Томас Бах

«Нашая адказнасьць і тое, што мы можам рабіць, — абараняць спартоўцаў настолькі, наколькі мы можам. І караць за парушэньні, выдаляць тых, хто не адпавядае нашым каштоўнасьцям», — сказаў старшыня МАК.

«Пару месяцаў там мы ўжо прынялі яснае рашэньне не даваць акрэдытацыю Лукашэнку, не прызнаваць ягонага сына прэзыдэнтам НАК, не даваць акрэдытацыю яму і іншым прадстаўнікам НАК, якія не зрабілі дастаткова для таго, каб абараніць спартоўцаў ад палітычных рэпрэсіяў», — нагадаў Бах.

«Мы ў кантакце з Крысьцінай Ціманоўскай ад самага пачатку сытуацыі. Мы вельмі радыя, што яна цяпер у бясьпецы ў Польшчы. Мы ў кантакце з польскім НАК, яны дапамагаюць нам падтрымліваць яе ў яе спартовых амбіцыях».

Ён назваў гісторыю зь зьняцьцём беларускім кіраўніцтвам Крысьціны Ціманоўскай з Алімпійскіх гульняў «прыкраю».

Высылка з Токіё трэнэраў, якія ціснулі на Ціманоўскую

5 жніўня 2021 году дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту прыняла рашэньне пазбавіць акрэдытацыі на Гульнях ХХХII Алімпіяды ў Токіё трэнэраў беларускай каманды ў лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча і Артура Шумакова.

НАК Беларусі ў афіцыйнай заяве ў адказ зьвяртае ўвагу, што гэта часовыя захады і разбор бягучай сытуацыі працягваецца:

«Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусі пацьвярджае гэтую інфармацыю, і ў бліжэйшы час трэнэры вернуцца ў Менск. Разам з тым яны пакідаюць за сабой права абскардзіць гэтае рашэньне.

У сваю чаргу, мы па-ранейшаму адкрытыя для працягу дыялёгу і знаходзімся ў шчыльнай супрацы з МАК для высьвятленьня ўсіх абставінаў прынятага рашэньня».

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG