Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З опэрнага тэатру звольнілася салістка, якую ў перадачы Азаронка залічылі да «апазыцыйнай групы»


Натальля Акініна
Натальля Акініна

Натальля Акініна папоўніла шэрагі творцаў, звольненых з тэатру. Ёй прапанавалі нявыгадныя ўмовы, якія дазвалялі прасьцей звольніць яе з працы.

Салістка Нацыянальнага тэатру опэры і балету Натальля Акініна звольнілася з тэатру. Інфармацыю пра гэта яна пацьвердзіла «Нашай Ніве».

«Ад сёньня я не загадчыца трупы опэры і не салістка Вялікага тэатру Беларусі. Я ня звольненая, як Сільчукоў, Галанаў і музыкі нашага аркестру. Сышла па згодзе бакоў».

Пры гэтым, як падкрэсьлівае Акініна, на тое было вялікае жаданьне кіраўніцтва тэатру.

Натальля Акініна — вядомая опэрная сьпявачка. Скончыла Менскую музычную вучэльню і Акадэмію музыкі, працавала салісткай музычнай капэлы «Санорус», з 2005 году — у Опэрным. Раней у яе быў доўгатэрміновы кантракт сьпявачкі, разьлічаны на некалькі гадоў, але год таму яе папрасілі стаць загадчыцай опэрнай трупы. Яна пагадзілася, працавала на стаўку, адначасова была салісткай — на палову стаўкі.

Нядаўна Акінінай не працягнулі кантракт як загадчыцы трупы, а як салістцы замест доўгатэрміновай дамовы прапанавалі бестэрміновую на 0,5 стаўкі. Гэта дае кіраўніцтву магчымасьць прасьцей звольніць яе. Акініна адмовіліся і сышла.

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТБ аўтар адной з праграмаў Рыгор Азаронак паказаў ананімны ліст, у якім Вячаслаў Воліч, звольненыя дырыжор Андрэй Галанаў, сьпявак Ільля Сільчукоў і загадчыца трупы Натальля Акініна былі названыя «апазыцыйнай групай».

12 траўня ў Опэрны тэатар генэральным дырэктарам прызначылі Вячаслава Гарбузава, які да 2017 году, пакуль не ўзначаліў Берасьцейскі тэатар драмы, да сфэры культуры дачыненьня ня меў, няма ў яго і адпаведнай адукацыі. Да таго ён працаваў у БРСМ, а таксама на розных пасадах у Берасьцейскім аблвыканкаме, дзе займаўся пытаньнямі разьвіцьця нацыянальных аб’яднаньняў і міжканфэсійнай сфэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG