2 лютага ў адной з найлепшых канцэртных заляў Мюнхэну «Herkulessaal» беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак выканаў «Эпітафію» — твор для дзьвюх скрыпак і сімфанічнага аркестру беларускай кампазытаркі Вольгі Падгайскай. Гэты канцэрт стаў нагодай больш шырока пагутарыць пра лёс 28-гадовага музыкі зь Вялейкі, які, атрымаўшы адукацыю ў найлепшых музычных школах сьвету, робіць пасьпяховую музычную кар’еру ў Нямеччыне і цяпер зьяўляецца галоўным дырыжорам аркестру Мюнхэнскага ўнівэрсытэту.
Сьцісла:
- Бачу шчырую зацікаўленасьць і адначасова падазронае неразуменьне ў вачах большасьці эўрапейцаў, калі яны чуюць магічнае слова «Беларусь».
- Пераважная большасьць нобэлеўскіх ляўрэатаў займалася музыкай, бо яна дапамагае ўспрымаць сьвет больш шматгранна.
- Вельмі часта бачу прабелы ў эўрапейскай музычнай асьвеце, якія мы і зараз можам папросту запоўніць.
- Жанчын за дырыжорскім пультам становіцца ўсё больш, хай дзесьці яны ўсё яшчэ вымушаныя за гэта змагацца.
Выпадковасьць ці наканаванасьць
— Віталь, наколькі пакручастым быў ваш музычны лёс? Якія прыступкі давялося прайсьці, каб атрымаць працу ў Мюнхэне і стаць галоўным дырыжорам Мюнхэнскага моладзевага аркестру?
— Мой музычны лёс сапраўды быў ня вельмі прамым. Я нарадзіўся ў Вялейцы, дзе клясычная акадэмічная музыка не зьяўляецца чымсьці само сабой зразумелым. Я — адзіны прафэсійны музыка ў нашай сям’і, і тое, што я пайшоў музыкальным шляхам, было нібыта выпадковасьцю, а магчыма наканаванасьцю. Мой першы настаўнік Фёдар Міхайлавіч Гур і зараз застаецца для мяне прыкладам Чалавека зь вялікай літары, кімсьці, хто вучыў нас акрамя ігры на музычных інструмэнтах гісторыі, філязофіі, мастацтву і жыцьцю ўвогуле. Таму я ўжо ў юнацтве зразумеў, што жыцьцё і музыка ёсьць для мяне чымсьці вельмі падобным, што ў самыя моцныя і шчырыя моманты немагчыма адрозьніць адно ад другога, і я вельмі ўдзячны, што ў патрэбны час мае бацькі мяне ў гэтым намеры падтрымалі.
Такім чынам я вучыўся спачатку ў Менскай музычнай вучэльні, потым у Санкт-пецярбурскай кансэрваторыі і Вышэйшай школе музыкі Вэймару. У Мюнхэне я выйграў конкурс на пасаду галоўнага дырыжора аркестру Мюнхэнскага ўнівэрсытэту, калі пасьля шматузроўневага адбору музыканты выбралі мяне сярод больш чым за 60 другіх прэтэндэнтаў.
«Прафэсійны акадэмічны музыка ў Беларусі зь вялікай цяжкасьцю можа фінансава ўтрымліваць сябе і сваіх блізкіх»
— Мой добры знаёмы піяніст Віталь Стахіевіч, які цяпер выкладае ў кансэрваторыі ў Амстэрдаме і робіць даволі пасьпяховую карʼеру ў Галяндыі, рэгулярна выступае і ў беларускай філярмоніі. Ён прызнаецца, што на месячны заробак, які атрымліваюць прафэсійныя музыкі ў Беларусі, можна адзін раз павячэраць зь сябрамі ў недарагой рэстарацыі ў Амстэрдаме. Даволі шмат таленавітых беларускіх музыкаў робяць карʼеру на Захадзе. Вы ў цэлым лічыце гэтую зьяву станоўчай ці адмоўнай для беларускай музычнай школы, рэпутацыі, музычнага жыцьця?
— Я лічу станоўчым той факт, што некаторыя аспэкты нашай адукацыі і канкрэтныя асобы ў нашых асьветных установах дагэтуль «трымаюць марку» і дазваляюць канкураваць нашым артыстам на сусьветным узроўні. Я вельмі часта бачу прабелы ў эўрапейскай музычнай асьвеце, якія мы і зараз можам папросту запоўніць у нас. Але, безумоўна, той факт, што прафэсійны акадэмічны музыка ў Беларусі зь вялікай цяжкасьцю можа фінансава ўтрымліваць сябе і сваіх блізкіх, працуюўчы ў двух-трох месцах, відавочна прымушае альбо зьмяніць прафэсію, альбо зьехаць.
Вялікая частка маіх сяброў, хто захацеў далей разьвіваць свой прафэсійны патэнцыял, працуюць за межамі Беларусі, але я вельмі паважаю тых глыбокіх музыкаў, хто застаўся ў нашай краіне па сваім уласным жаданьні.
«Падгайскай апладзіравала тысяча людзей у Геркулес-залі»
— Чаму вы выбралі для выкананьня твор нашай кампазытаркі Вольгі Падгайскай? Хто вашыя ўлюблёныя беларускія кампазытары?
— Таму што я бачу шчырую зацікаўленасьць і адначасова падазронае неразуменьне ў вачах большасьці эўрапейцаў, калі яны чуюць магічнае слова «Беларусь». Мне вельмі важна пазнаёміць абодва бакі трошкі больш адзін з адным.
Калі Падгайскай апладзіравала тысяча людзей у Геркулес-залі, у якім амаль кожны дзень можна пачуць найлепшых музыкаў сьвету, калі людзі ў перапынку дзякавалі ёй і пыталіся, дзе можна паслухаць і другія яе творы, тады мне здаецца, што гэтая падазронасьць у вачах патроху зьнікае.
Хто ведае, можа хтосьці з публікі пойдзе далей і зацікавіцца і другімі нашымі кампазытарамі, зь якіх я напрыклад магу назваць Канстанціна Яськова, Аляксандра Літвіноўскага ці Галіну Гарэлаву.
Калі дырыжор мяняе сьвядомасьць людзей
— Цяпер дырыжор Мюнхэнскага філярманічнага аркестру — расеец Валеры Гергіеў, які займае вельмі выразную палітычную пазыцыю, падтрымлівае акупацыю Крыму, палітыку Ўладзімера Пуціна, у сувязі з чым у свой час на Захадзе паўставала пытаньне, ці варта яму прапаноўваць гэтую пасаду. Калі музыка зьвязаная з палітыкай? Як вы лічыце, ці мусіць музыка займаць актыўную грамадзянскую пазыцыю?
— Палітыка — гэта вельмі агульнае слова. Калі вы маеце на ўвазе ўплыў артыстаў на грамадзкае меркаваньне, то вельмі цяжка адказаць на пытаньне, ці зьмяняе палітычна актыўны артыст сьвядомасьць хутчэй, чым які-небудзь другі, як цяжка адназначна сказаць, што рэвалюцыя больш эфэктыўна мяняе грамадзтва, чым рэформы. У Мюнхэне ёсьць таксама другія дырыжоры, шчыльна зьвязаныя з Расеяй — гэта Марыс Янсанс і Кірыл Пятрэнка, пасьля чыіх канцэртаў у людзей часам мяняецца сьвядомасьць ня менш, чым пасьля якіх-небудзь палітычных акцый.
«Пачаў разумець, чаму баварцы кажуць, што Баварыя — гэта не Нямеччына»
— Як даўно вы працуеце ў Мюнхэне? Чым вас прываблівае Баварыя?
— З маім аркестрам я працую зь мінулага сэзону, але да таго я шмат працаваў у Баварыі з усялякімі другімі моладзевымі і прафэсійнымі аркестрамі і меў мажлівасьць павандраваць і пабачыць гэтую зямлю. Магу сказаць, што паступова я пачаў разумець, чаму баварцы вельмі часта з годнасьцю кажуць, што Баварыя — гэта не Нямеччына. У іх свая асабістая гісторыя, а сваёй культурай і нават мовай яны знаходзяцца бадай бліжэй да Аўстрыі, чым да верхняй Нямеччыны. Я вельмі паважаю іх самасьвядомасьць, бо ім і насамрэч ёсьць чым ганарыцца.
— Колькі вам цяпер гадоў? Якая ваша галоўная музычная і чалавечая амбіцыя цяпер? Як вы лічыце, на колькі працэнтаў вы рэалізавалі свой патэнцыял?
— Мне 28 гадоў. Праектаў і ідэй у мяне шмат і я вельмі рады час ад часу знаходзіць аднадумцаў, зь якімі іх можна рэалізаваць — усё яшчэ толькі пачынаецца!
«Гэта клясычная музыка робіць зь людзей эліту!»
— Як вы мяркуеце, чаму няшмат жанчын-дырыжорак?
— Гэта не так, зараз сытуацыя зьмяняецца вокамгненна. Жанчын за дырыжорскім пультам становіцца ўсё больш, хай дзесьці яны ўсё яшчэ вымушаныя за гэта змагацца. Мне дастаткова назваць вам прыклад маёй вельмі добрай сяброўкі, украінкі Аксаны Лыніў, якая зараз лічыцца адной з самых вядомых і пасьпяховых дырыжорак сьвету.
— Клясычная музыка — гэта ва ўсім сьвеце элітарная рэч для падрыхтаванай публікі. Якой вы бачыце сваю аўдыторыю?
— Гэта клясычная музыка робіць зь людзей эліту! Яна вучыць усіх нас слухаць, чуць і пачуваць, і гэта дапамагае людзям наблізіцца да другіх і ў першую чаргу да саміх сабе. Напрыклад, апытаньне нобэлеўскіх ляўрэатаў паказала, што пераважная большасьць займалася музыкай, таму што яна дапамагае нам усім мысьліць свабодна ад шаблёнаў і ўспрымаць сьвет значна больш шматгранна. Наша аўдыторыя — гэта любы чалавек, гатовы абмяняць сваю цішыню і ўвагу на музычныя перажываньні.
Дырыжор як першы сярод роўных
— Ці мяняецца спэцыфіка працы дырыжора ў сувязі зь тэхналягічным разьвіцьцём? Што зьмянілася ў працы дырыжора за апошнія 10 гадоў? І што можа зьмяніцца?
— Дырыжор — гэта сацыяльная прафэсія. Калі з разьвіцьцём тэхналёгій і сьвету ў цэлым зьмяняецца грамадзтва, зьмяняецца і сутнасьць дырыжорскай прафэсіі. Усё стала больш адкрытым і даступным, таму і дырыжор адыходзіць ад вобразу дыктатара ў бок партнэра, асобы, якая можа прынесьці новыя імпульсы і натхніць аркестар і публіку. Усё больш гэта павінен быць не валадар, а першы сярод роўных, такі свайго роду мэдыюм, які ўзаемадзейнічае з музычнай грамадзкасьцю сродкамі свайго досьведу, ведаў і пачуцьцяў.
— Як вы цяпер зьвязаныя зь Беларусь прафэсійна і асабіста?
— У Беларусі засталіся мая сям’я і сябры. На жаль, апошнія гады з прычыны недахопу часу мне ўдавалася прыяжджаць толькі на зімовыя сьвяты, але я спадзяюся на далейшую прафэсійную неабходнасьць і магчымасьць бываць дома часьцей.