Пасьля ад'езду ад палітычнага перасьледу ў Беларусі летась Віталь Шышоў быў зарэгістраваны ў адным з жылых будынкаў Сяргея Кароткіх, але жыў у іншым месцы. Іншаземцы мусяць мець адрас рэгістрацыі, каб атрымаць від на жыхарства ва Ўкраіне.
Свабода сабрала найбольш рэзанансныя факты зь біяграфіі Сяргея Кароткіх.
Нарадзіўся ў Расеі, жыў у Беларусі і Ўкраіне
Сяргей Кароткіх нарадзіўся ў 1974 годзе ў Расеі, але пазьней ягоныя бацькі пераехалі ў Беларусь. Пасьля тэрміновай службы ў войску паступіў у школу КДБ, але правучыўся там толькі два гады. Сьцьвярджаў, што яго выключылі за нібыта ўдзел у адным з «Чарнобыльскіх шляхоў». Праўда, сябры Беларускага народнага фронту яго не памяталі.
У канцы 90-х увайшоў у склад беларускага аддзяленьня арганізацыі РНЕ (Расейскае нацыянальнае адзінства), куды яго нібыта прывёў вядомы спэцназавец Валер Ігнатовіч (асуджаны ў 2002 годзе за забойства пяці чалавек і выкраданьне апэратара Зьмітра Завадзкага).
У пачатку 2000-х пераехаў у Расею, дзе ачоліў «Нацыянал-сацыялістычнае таварыства» (новая нэафашысцкая плынь. — РС), а калі гэтую арганізацыю там забаранілі, вясной 2014-га перабраўся ва Ўкраіну.
Сяргей Кароткіх мае некалькі мянушак — Малюта, Боцман, Захар Лаўрэнцьеў.
Рэзанансныя справы ў біяграфіі
У 1999 годзе Сяргей Кароткіх разам зь іншымі расейскімі нацыяналістамі напаў на Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнку і Алега Бябеніна. Усе трое атрымалі цяжкія траўмы і трапілі ў лякарню. Пазьней у інтэрвію «Беларускаму партызану» ён назваў гэты канфлікт «субкультурнай разборкай». Але Андрэй Саньнікаў быў перакананы, што напад арганізавалі беларускія спэцслужбы.
Праз знаёмства з Валерам Ігнатовічам Сяргея Кароткіх падазравалі ў датычнасьці да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Але, як ён пазьней казаў, падазрэньні былі зьнятыя, бо ў яго на той момант было моцнае алібі. Менавіта пасьля гэтай гісторыі ён зьехаў у Расею, але праз 10 гадоў зноў вярнуўся ў Беларусь — у 2010 годзе Вярхоўны суд Расеі забараніў «Нацыянал-сацыялістычнае таварыства», якое ён ачольваў.
Сяргей Кароткіх канфліктаваў і зь беларускімі антыфашыстамі. У 2013 годзе яго арыштавалі ў Менску паводле падазрэньня ў нанясеньні нажавых раненьняў у часе сутыкненьняў з антыфашыстамі. Аднак справу хутка закрылі.
У 2015 годзе ізраільскі рэжысэр Уладзі Антаневіч зьняў фільм-расьсьледаваньне «Крэдыт на забойства» аб магчымай датычнасьці Сяргея Кароткіх у пэрыяд ягонага знаходжаньня ў Расеі да забойства нелегальных мігрантаў.
Адзіны мільянэр з добраахвотнікаў
Сяргей Кароткіх у 2014 годзе далучыўся да добраахвотніцкага батальёну «Азоў». Праз 8 месяцаў службы ён адным зь першых іншаземцаў там атрымаў украінскае грамадзянства. Пашпарт яму ўручаў тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка.
Калі ўсе добраахвотніцкія батальёны былі расфармаваныя ці падпарадкаваныя Міністэрству ўнутраных справаў або Ўзброеным сілам, ён пакінуў службу, а маючы добрыя дачыненьні зь міністрам унутраных справаў Арсэнам Авакавым, быў прызначаны кіраўніком аховы аб’ектаў стратэгічнага значэньня пры Дэпартамэнце дзяржаўнай службы ў Міністэрстве ўнутраных справаў Украіны.
На гэтай пасадзе, як і ўсе дзяржаўныя службоўцы, ён мусіў падаваць электронную дэклярацыю пра даходы. Дзякуючы гэтаму высьветлілася, што ён даляравы мільянэр. На дзяржаўнай службе ягоны гадавы заробак быў 157 тысяч грыўняў (у 2016 годзе эквівалентна 7,4 тысячаў даляраў. — РС).
Сяргей Кароткіх мае дзьве кватэры — адну ў Кіеве, што набыў у ліпені 2015 году за паўтара мільёна грыўняў, і ў Кіеўскай вобласьці на правах суўладальніка з грамадзянінам Украіны Аляксандрам Каўтанюком. Нягледзячы на адносна невялікі заробак, Сяргей Кароткіх ужо тады меў значную гатоўку: 500 тысяч грыўняў, 223 тысячы даляраў і 135 тысяч эўра, яшчэ 565 тысяч эўра ён некаму пазычыў.
У пераліку каштоўнай маёмасьці Сяргей Кароткіх пазначыў гадзіньнік невядомай маркі, набыты за 140 тысяч грыўняў, і асадку Montegrappa вартасьцю 120 тысяч грыўняў. Карпаратыўных правоў, як і аўтамабіля, ён ня мае, затое ў траўні 2015 году набыў рэмкамплект самалёта «Альбатрос L-39» 1982 году выпуску. Гэты вучэбна-трэнавальны самалёт выпускала да 1999 году чэская кампанія Aero Vodochody.
Адметна, што цягам трох гадоў зьвесткі ў ягонай дэклярацыі не мяняліся.
Палітычная дзейнасьць ва Ўкраіне
Пасьля звальненьня ў 2017 годзе зь дзяржаўнай службы ва Ўкраіне Сяргей Кароткіх пачынае актыўную палітычную дзейнасьць у партыі «Нацыянальны корпус» экс-камандзіра батальёну «Азоў», у якім ён ваяваў.
Спачатку ва Ўкраіне ён меў рэпутацыю «безумоўнага героя ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі і ўдзельніка цяжкіх баёў пад Ілавайскам ды Марыюпалем». Але зь цягам часу ўкраінскія СМІ пачалі ўзгадваць ягонае імя ў сувязі з шэрагам рэзанансных злачынстваў, у тым ліку забойствам Паўла Шарамета, замахам на дэпутата Ігара Масійчука, забойствам аднаго з стваральнікаў батальёну «Азоў» Яраслава Бабіча.
Праўда, Сяргей Кароткіх ні разу ня быў фігурантам крымінальнага расьсьледаваньня.
З пачаткам палітычнай дзейнасьці Сяргея Кароткіх пачалі запрашаць на тэлеканалы ў якасьці міжнароднага экспэрта. Але гэта пераважна былі каналы, якія зьвязвалі з пэрсонай Віктара Медзьведчука — кума расейскага прэзыдэнта, лідэра прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“». Каналы закрылі ў лютым 2021 году.