Новы мэтад раскрыцьця дабрабыту ўкраінскіх палітыкаў стаў ужо звыклай зьявай, але як і летась, ён адлюстроўвае тэндэнцыю на павелічэньне разрыву ў даходах кіраўнікоў дзяржавы і звычайных грамадзян.
Пад новаўвядзеньне з электронным дэкляраваньнем ва Ўкраіне трапілі і двое беларусаў, якія сталі ўкраінскімі грамадзянамі і паступілі на дзяржаўную службу. Дзьмітры Салагуб працуе намесьнікам старшыні Нацыянальнага банку Ўкраіны, а Сяргей Кароткіх — у аддзеле паліцыі аховы аб’ектаў стратэгічнага значэньня.
Даходы беларусаў — новых украінцаў
Дзьмітры Салагуб за другі год працы ў Нацбанку не павялічыў свае маёмасныя актывы. Як і раней, у ягонай сям’і адна кватэра і два аўтамабілі, зарэгістраваныя на жонку Ілону — Мазда 626 (2009 года выпуску) і Таёта Карола 2005 года выпуску. Не набыў ён і ніякіх каштоўных ці карпаратыўных правоў. Ягоны заробак у 2016 годзе склаў 1,86 мільёнаў грыўняў (у 2015 годзе — 1,27 мільёна грыўняў). Паводле афіцыйнага курсу 1 даляр — 27.02 грыўні. За год пасьля мінулага дэкляраваньня ягоныя ашчаднасьці на рахунках у банках павялічыліся з 1,8 да 2,5 мільёнаў грыўняў.
Сяргей Кароткіх за працу ў аддзеле паліцыі аховы аб’ектаў стратэгічнага значэньня атрымаў 157 тысяч грыўняў ( у 2015 — 77,9 тысяч). Беларусам ён вядомы як сябар кіраўніка беларускага аддзяленьня РНЕ ды ўдзельнік зьбіцьця ў 1999 годзе беларускіх апазыцыянэраў. Украінцы яго ведаюць як безумоўнага героя ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі і ўдзельніка цяжкіх баёў пад Ілавайскам ды Марыюпалем.
Ён мае дзьве кватэры — адну ў Кіеве, што набыў у ліпені 2015 году за паўтара мільёна грыўняў, і ў Кіеўскай вобласьці на правах суўладальніка з грамадзянінам Украіны Аляксандрам Каўтанюком. Нягледзячы на адносна невялікі заробак, Сяргей Кароткіх мае значную гатоўку: 500 тысяч грыўняў, 223 тысячы даляраў і 135 тысяч эўра, яшчэ 565 тысяч эўра ён некаму пазычыў.
У пераліку каштоўнай маёмасьці Сяргей Кароткіх пазначыў гадзіньнік невядомай маркі, набыты за 140 тысяч грыўняў і асадку Montegrappa вартасьцю 120 тысяч грыўняў. Карпаратыўных правоў, як і аўтамабіля, ён ня мае, затое ў траўні 2015 году набыў рэмкамплект самалёта «Альбатрос Л-39» 1982 году выпуску. Гэты вучэбна-трэніровачны самалёт выпускаўся да 1999 году чэскай кампаніяй Aero Vodochody.
Скарб першай асобы Ўкраіны
Паводле дэклярацый, за апошні год першыя асобы Ўкраіны ня сталі багацейшымі, але і не зьбяднелі — гатоўкі менш, на банкаўскіх рахунках — больш.
Пятро Парашэнка за гады свайго прэзыдэнцтва набыў два зямельныя ўчасткі ў Кіеве (5 169 квадратных мэтраў) і ў Кіеўскай вобласьці (7 511 квадратных мэтраў). Яго заробак у 2016 годзе павялічыўся ў тры разы ў параўнаньні з 2015 годам — прыкладна да 11 тысяч даляраў. Але і гэтая сума ў тры разы меншая, чым, напрыклад, атрымлівае Аляксандар Лукашэнка, калі меркаваць па ягонай дэклярацыі, якую ён падаваў у Цэнтральную выбарчую камісію для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.