Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Іраку дрэнна: страляюць і няма грошай. Тут таксама дрэнна, мы пад замком». Аповеды мігрантаў, якія прабраліся ў Літву зь Беларусі


Лягер для мігрантаў у Літве
Лягер для мігрантаў у Літве

1 жніўня літоўскія памежнікі паведамілі, што затрымалі 289 мігрантаў, якія прабраліся ў краіну з тэрыторыі суседняй Беларусі. Гэта самы высокі паказчык у гэтым годзе. За апошнія некалькі дзён сытуацыя зь нелегальнай міграцыяй у Літве значна пагоршылася.

Рэпартаж Марыі Андрэевай з «Настоящего времени».

Калі раней людзі перасякалі мяжу празь лясы, дзе няма камэраў, і ішлі начамі, то зараз яны пераходзяць мяжу ва ўсіх магчымых месцах і выходзяць у населеныя пункты ў любы час сутак, не асабліва хаваючыся. У апошнія тыдні мігрантаў у Літве затрымліваюць сотнямі кожны дзень, і літоўскія ўлады ўжо заявілі, што гэта — частка «гібрыднай вайны», якую цяперашнія ўлады Беларусі вядуць супраць Літвы, помсьцячы ёй за ўведзеныя санкцыі.

Грамадзянін Іраку Шахед быў затрыманы памежнікамі і адпраўлены ў цэнтар часовага ўтрыманьня ў пасёлку Руднінкай. Яму 20 гадоў, у Іраку ў яго засталася сям’я. Па словах маладога чалавека, у Эўропе ён хоча трапіць у Нямеччыну ці ў Францыю. І, як і многія іншыя мігранты, не хавае, што да ягонага падарожжа былі датычныя структуры ў Беларусі.

«З Турэччыны я прыляцеў у Беларусь. А зь Беларусі пайшоў у Літву, — расказвае ён. — Ішоў празь лес, групай. Заплаціў за гэта 800 даляраў».

«Мы групай зь сябрамі прыляцелі з Турэччыны ў Беларусь, — тлумачыць Шахед. — У Беларусі жылі 7 дзён у гатэлі, у Менску. У Менску было добра».

Шахед кажа, што ў Ірак вяртацца ня хоча. Пра Літву раней ніколі ня чуў, і яму тут зусім не падабаецца.

«У Іраку нядобра. Там дрэнна, там страляюць. І там няма грошай, — кажа ён. — А тут таксама дрэнна. Мы пад замком. Мой сябар пад замком на тры ці на шэсьць месяцаў. Я — не. Я хачу трапіць у Нямеччыну, але шэсьць месяцаў буду тут. Гэта праблема. Тут дрэнна».

Руднінкай, паблізу якога затрымалі Шахеда, — недалёка ад Вільні і ад літоўска-беларускай мяжы. Гэта маленькі пасёлак, у якім на шмат якіх дамах можна ўбачыць плякаты «Стоп міграцыі!» і «Скажам мігрантам не!»

Новы цэнтар разьмяшчэньня мігрантаў абсталявалі зусім недалёка ад пасёлку, за два кілямэтры, на былой вайсковай базе. Лягер акружаны падвойным сятчастым плотам і стужкай паліцэйскай агароджы, па ўсім пэрымэтры — ахова. Пасьля затрыманьня ў мігрантаў забіраюць мабільныя тэлефоны, выходзіць з тэрыторыі лягера яны ня могуць. Гэта выклікае ў многіх вялікую незадаволенасьць. У мігрантаў у лягеры ўжо былі невялікія сутычкі паміж сабой, яны адмаўляліся ад ежы на знак пратэсту. Як кажуць памежнікі, многія затрыманыя, пераходзячы мяжу, зусім не чакаюць апынуцца ў намётавым мястэчку.

Зрэшты, у палатках разьмяшчаюць толькі адзінокіх мужчын: жанчын і дзяцей, якія незаконна перасеклі беларуска-літоўскую мяжу, селяць у інтэрнатах, у пустуючых летам школах ці тэхнікумах і на памежных заставах. Чыноўнікі і валянтэры дастаўляюць мігрантам ежу і вопратку. Лета ў Літве выдалася гарачае, але неўзабаве пахаладае, а ў мігрантаў зусім няма з сабой цёплага адзеньня.

Усяго ў Руднінкай плянуюць разьмясьціць 800 чалавек, але мясцовыя жыхары выступаюць катэгарычна супраць гэтага. Яны ня раз ладзілі акцыі пратэсту супраць мігрантаў і нават перакрывалі дарогі.

«Няма адчуваньня, што мы будзем абароненыя ад усяго. Там плота нармальнага няма. Яны могуць выйсьці ў любую хвіліну, страшныя людзі! — кажа жыхарка Руднінкай Дануце. — Іх не зразумееш. Яны нібыта добрыя, усьміхаюцца, а потым як пачнуць лезьці!»

«Вы паглядзіце, тут людзі жывуць, старыя. І паглядзіце, які там кантынгент, — кажа яшчэ адзін жыхар Руднінкай Віталь. — Там здаровыя мужыкі, па 30–35 гадоў. Яны вось гэтую агароджу будаўнічую лёгка пераскочаць. І што яны будуць рабіць, куды яны пойдуць? Тут няма прыпынкаў або станцый, каб яны ў Нямеччыну маглі паехаць. Яны ж у Нямеччыну ўсе хочуць!»

Памежная служба і паліцыя супакойваюць мясцовых жыхароў і запэўніваюць, што мігранты дзень і ноч пад аховай і ня могуць пакідаць лягер. Кіраўнік МУС таксама абяцае, што высылаць мігрантаў з краіны будуць у паскораным рэжыме.

Першыя групы мігрантаў расказвалі памежнікам, што яны студэнты зь Беларусі і церпяць ад рэжыму Лукашэнкі. Іншыя казалі, што ўцякаюць ад вайны на радзіме. Усе гэтыя гісторыі міграцыйная служба правярае, і большасьць аказваецца выдумкай. Літва кажа, што мае намер запатрабаваць ад ЭЗ увесьці новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, і абвінавачвае іх ня проста ў датычнасьці, а ў прамой арганізацыі патоку мігрантаў у Літву.

На дапамогу ў ахове літоўскай мяжы прыехалі эстонскія памежнікі. Але пакуль усё па-ранейшаму. За апошні месяц у памежнай зоне мусілі паставіць для мігрантаў ужо некалькі намётавых мястэчак. Па апошніх дадзеных, у Літве ўжо амаль 4 тысячы нелегальных мігрантаў, у асноўным — выхадцы з Іраку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG