«Выкарыстаньне людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, для дасягненьня палітычных мэтаў парушае фундамэнтальныя эўрапейскія каштоўнасьці і прынцыпы, — падкрэсьліў Бурэль. — ЭЗ і яго дзяржавы-чальцы асуджаюць выкарыстаньне мігрантаў і ўцекачоў беларускім рэжымам».
Па словах Бурэля ЭЗ працягне змагацца з усплёскам нелегальнай міграцыі з боку Беларусі, каб захаваць цэласнасьць сваёй зьнешняй мяжы. Ён паведаміў, што Зьвяз «разгледзіць магчымасьць прыняцьця абмежавальных мераў у дачыненьні да асобаў, якія займаюцца незаконным увозам мігрантаў, ці тых, хто іншым чынам уцягнуты ў гандаль людзьмі».
«Людзі, якія не маюць права знаходзіцца ў ЭЗ, павінны быць вернутыя» — заявіў кіраўнік дыпляматычнага ведамства Эўразьвязу.
Жузэп Бурэль нагадаў, што Эўразьвяз і яго ўдзельнікі ўжо ўзмацнілі ахову межаў на беларускім напрамку і гатовыя ўзмацніць яе яшчэ больш. «Дзяржавы-чальцы апэратыўна акажуць падтрымку, неабходную для забесьпячэньня неадкладнага разгортваньня адпаведных групаў і сродкаў, — заявіў ён. — Мы працягнем рэалізацыю сваёй зьнешняй міграцыйнай палітыкі. Мы будзем працаваць над далейшым умацаваньнем патэнцыялу ЭЗ па вяртаньні мігрантаў у рамках комплекснага падыходу, у тым ліку шляхам дыялёгу і партнэрства з краінамі паходжаньня і транзыту».