Саўка ды Грышка (разам):
Тут, на памежжы,
Каменныя вежы,
Жалезныя дзьверы,
Замкі і засовы,
Таемныя пасткі,
Падземныя сховы,
Маўклівыя маскі
На тварах аховы.
Ім сэрцы і душы аплецены дротам,
І токам атручана кроў…
А ў турыстаў зь Іраку
Ёсьць турапэратар.
Ён працуе выдатна —
Ладзіць рэйсы з Багдаду.
І штодня самалёты,
Самалёты з Багдаду,
Прызямляюцца ў аэ-
рапорце “Мінск-2”.
А турыстаў зь Іраку
Накормяць, напояць,
Памяняюць ім грошы
І ў гатэлі заселяць.
А праз пару дзянёчкаў
Іх турапэратар
Павязе ў накірунку
Літоўскай мяжы.
А турысты зь Іраку
Аддалі яму грошы
Заплацілі ня трошкі,
А тысячы эўра.
Шкандыбаюць турысты
Па памежным лясочку,
І зьнік турапэратар,
Не сказаўшы “гудбай”.
Турапэратар —
Ён вам не аматар.
Ён мае сапраўдны
Жалезны характар.
Турыстам зь Іраку
Ён рай абяцае,
І вось у руцэ ў яго
Ключык ад раю.
Ідзіце, ідзіце,
За гэтым лясочкам
Эўропа чакае на вас…