Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь дзеячоў незалежнай Беларусі сустракаўся з прэзыдэнтамі ЗША і пра што размаўлялі


Сьцягі ля Капітолія на інаўгурацыі Джо Байдэна, студзень 2021
Сьцягі ля Капітолія на інаўгурацыі Джо Байдэна, студзень 2021

Некаторыя СМІ адзначаюць, што «Ціханоўская стала першым палітыкам зь Беларусі ад моманту здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе, якога прыняў у Белым Доме амэрыканскі лідэр». Аднак гэта ня так. Узгадалі, хто яшчэ зь беларускіх палітыкаў сустракаўся з прэзыдэнтамі ЗША.

Ліпень 1993

ЗША з афіцыйным візытам 21–23 ліпеня 1993 году наведаў старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч (пісьмовае запрашэньне на імя Шушкевіча перадаў амэрыканскі бок).

Шушкевіч меў аўдыенцыю ў прэзыдэнта Біла Клінтана і сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Тома Фолі, у выніку чаго была падпісана Сумесная дэклярацыя аб адносінах паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі і Рэспублікай Беларусь. У гэтым дакумэнце ЗША падтрымлівалі незалежнасьць Беларусі і яе намаганьні па стварэньні справядлівага і стабільнага грамадзтва, у якім гарантуюцца асноўныя свабоды для ўсіх народаў, абяцалі пашырыць гандлёвыя кантакты з Рэспублікай Беларусь на прынцыпах эканамічнай свабоды, спрыяць ёй у правядзеньні эканамічных рэформаў і пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, умацаваць адносіны ў галіне навукі, энэргетыкі, культуры, мастацтва, адукацыі, права, турызму, абмену студэнтамі і інш.

Студзень 1994

15 студзеня 1994 году ў Беларусь зь візытам у адказ прыяжджае Біл Клінтан — 42-ы прэзыдэнт ЗША. За 6 гадзін, праведзеных у Беларусі, Клінтан пасьпеў падпісаць дамову аб узаемнай абароне інвэстыцый, ускласьці вянок да манумэнта Перамогі, пагутарыць з моладзьдзю ў Акадэміі навук і ўсталяваць мэмарыяльную лаву ў Курапатах.

Клінтан правёў асобныя сустрэчы са старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, старшынём ураду Вячаславам Кебічам і старшынём БНФ Зянонам Пазьняком.

Чэрвень 2007

6 чэрвеня ў Празе завяршылася міжнародная канфэрэнцыя «Дэмакратыя і бясьпека». На канфэрэнцыі быў прыняты так званы «Праскі дакумэнт», галоўная мэта якога — усебаковы ціск на аўтарытарныя рэжымы, каб прымусіць іх паважаць правы чалавека і праводзіць у сваіх краінах дэмакратычныя рэформы.

У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі Аляксандар Мілінкевіч, Ірына Красоўская і Вольга Казуліна. Яны сустрэліся ў тым ліку з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым.

Вольга Казуліна, дачка зьняволенага на той час былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, дзялілася ўражаньнямі: «Асабістая сустрэча з Джорджам Бушам была таксама вельмі цёплай і кранальнай. Калі я прадставілася, назваўшы прозьвішча Казуліна, ён адразу ж сказаў: „О! Беларусь!“. Ужо зь першага слова было зразумела, што прэзыдэнт ЗША нездарма згадаў Беларусь у сваім дакладзе ў першую чаргу і ведае пра Аляксандра Казуліна не па чутках.

Ён спытаўся, як там тата, як ён сябе адчувае, як яго здароўе. Пацікавіўся ягоным узростам і быў зьдзіўлены, што Казуліну ўсяго пяцьдзясят адзін! Яшчэ ўсё наперадзе! Турбуецца пра маму, якая, напэўна, хвалюецца. Перадаў Аляксандру Казуліну сваю падтрымку і словы, што вельмі хутка ўсё ўлагодзіцца. Хай ён трымаецца!

Я, у сваю чаргу, падзякавала яму за тое, што ён не забываецца пра Беларусь, таму што падтрымка Амэрыкі вельмі важная для беларускага народу».

Сьнежань 2007

Ад 3 па 7 сьнежня 2007 году прайшоў візыт дэлегацыі беларускай апазыцыі ў ЗША. Дэлегацыю ўзначальваў Аляксандар Мілінкевіч, а ў яе склад уваходзілі старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, тагачасны моладзевы лідэр Павал Севярынец, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, адзін зь лідэраў «Маладога Фронту» Зьміцер Хведарук ды былая палітзьняволеная Эніра Браніцкая.

Сустрэчу арганізавала Хэльсынская камісія — камісія Кангрэсу ЗША па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе. Яна вядзе маніторынг выкананьня ўмоваў Хэльсынскага пагадненьня 1975 году, выконваць якія абавязаліся краіны-сябры АБСЭ. Цягам тыдня чальцы беларускай дэлегацыі сустракаліся з амэрыканскімі палітыкамі й кангрэсмэнамі. Таксама адбылася сустрэча з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, — расказваў тады Польскаму радыё чалец дэлегацыі Анатоль Лябедзька:

«Кангрэсмэн мае права на 5-хвілінную сустрэчу з прэзыдэнтам, міністар замежных спраў — на 15 хвілін. Для нас была заплянаваная сустрэча, якая павінна была доўжыцца 40 хвілін, а доўжылася гадзіну. Гэта значыць, што мы таксама былі цікавыя для прэзыдэнта Буша. Акрамя сытуацыі ў Беларусі, мы закраналі пытаньні неабходнасьці каардынацыі дзеяньняў Вашынгтону й Брусэлю адносна беларускага пытаньня. Мы лічым, што яно застаецца вельмі важным і актуальным. Закранаўся й расейскі фактар. Мы непасрэдна зьвярталіся і да прэзыдэнта Буша, і да Кандалізы Райс, каб яны падчас афіцыйных перамоваў з расейскім урадам закраналі пытаньне аб палітычных вязьнях у Беларусі».

Паводле Анатоля Ляўковіча, асноўным пытаньнем, якое ўздымалася падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Бушам, было вызваленьне беларускіх палітрэпрэсаваных:

«Я асабіста расказаў Бушу пра справу й папрасіў яго, каб ён непасрэдна з кабінэта патэлефанаваў прэзыдэнту Пуціну й расказаў яму аб праблеме з экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандрам Казуліным. Прэзыдэнт Буш адказаў, што ён памятае Казуліна, што ў яго былі зь ім сустрэчы, што ён таксама сустракаўся з дачкой Казуліна, і што справа Казуліна яшчэ ня раз будзе ўздымацца. Гэта была адна з самых істотных праблемаў.

А ў прынцыпе мы абазначылі тры вэктары дапамогі па ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі. Гэта праблема інфармацыйнага забесьпячэньня й падтрымкі незалежных СМІ, гэта праблема палітвязьняў і праблема падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

Верасень 2008

У верасьні 2008 году, ужо вызваліўшыся з турмы, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Аляксандар Казулін быў запрошаны на прыём у Нью-Ёрку, які ў гонар крытыкаў урадаў краін-чальцоў ААН ладзілі Лора і Джордж Буш.

Сьнежань 2008

Беларускія блогеры — журналіст Аляксандар Класкоўскі і актывістка апазыцыі Вольга Казуліна — сустрэліся з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам — незадоўга да таго, як ён пакінуў Белы дом і саступіў месца Бараку Абаму.

Вольга Казуліна расказвала тады Свабодзе: «Гэта быў круглы стол, дзе бралі ўдзел чатыры блогеры з розных краінаў, а таксама мы з Аляксандрам, і мы размаўлялі на працягу гадзіны. Размаўлялі ня толькі пра СМІ, але і пра палітыку ЗША ў адносінах да Беларусі. Я падзякавала Бушу за тое, што ў яго была прынцыповая пазыцыя да Беларусі, бо толькі санкцыі ЗША нам дапамаглі вызваліць палітычных вязьняў, і майго бацьку ў тым ліку. Я выказала спадзяваньне, што Барак Абама будзе гэткім жа прынцыповым у дачыненьні да Беларусі, як і Джордж Буш».

Верасень 2015

Аляксандар Лукашэнка, які прыехаў у ЗША на Генэральную асамблею ААН, наведаў прыём, арганізаваны для гасьцей Асамблеі прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам. Там яны з сынам Мікалаем сфатаграфаваліся з прэзыдэнцкай сям'ёй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG