— Сьвятлана, што было самым галоўным на сустрэчы?
— Самае галоўнае, што я адчула на гэтай сустрэчы: што Злучаныя Штаты Амэрыкі і асабіста прэзыдэнт Байдэн будуць зь беларусамі — і цяпер, калі ў нас адбываецца рэвалюцыя, паўстаньне супраць гвалту і беззаконьня, і потым пасьля новых выбараў таксама будуць стаяць плячо ў плячо зь беларусамі.
— Што Байдэн сказаў вам, беларусам, што паабяцаў?
— У нас было дастаткова шмат сустрэчаў на мінулым тыдні ў Вашынгтоне з дарадцамі спадара Байдэна, дэталі нашай супрацы абмяркоўваюцца там. Сустрэча з Байдэнам — гэты было найперш знаёмства з чалавекам, які выступае за дэмакратычныя зьмены ва ўсім сьвеце. Я пачула абяцаньне, што ЗША будуць працягваць ціснуць на рэжым і падтрымліваць беларусаў як толькі можна.
— Гэтая сустрэча не была анансаваная, але чакалася, што яна можа адбыцца. Як удалося яе арганізаваць? Натуральна, гэта вялікая праца вашай каманды...
— Насамрэч так. Гэтая сустрэча была вельмі важная, але яна не была самамэтай. Мы прыехалі ў ЗША не па фатаграфіі, а па вынік. Нашы просьбы абмяркоўваліся на папярэдніх сустрэчах, але гэта была ініцыятыва прэзыдэнта Байдэна запрасіць мяне ў Белы дом.
— Дзе ў Белым доме адбывалася сустрэча? Які быў фармат? Хто яшчэ прысутнічаў?
— Прысутнічаў Джэк Саліван і іншыя прадстаўнікі Белага дому. Сустрэча адбывалася ў пакоі Рузвэльта.
— Джо Байдэн на працягу доўгай палітычнай кар’еры выказваўся пра сытуацыю ў Беларусі. Як вам падалося, наколькі ён добра абазнаны ў сытуацыі ў Беларусі?
— Джо Байдэн — гэта прэзыдэнт, якому неабыякавы лёс Беларусі і беларусаў. Я перакананая, ён ведае сытуацыю, ведае пра гвалт, пра тысячы зьняволеных, а таксама ён ведае пра барацьбу беларусаў, якая не спыняецца. Ведае што ніхто не здаецца, што ўсе абʼяднаныя як ніколі раней, што дэмакратычныя сілы дзейнічаюць у адным кірунку, каб дамагчыся адной мэты. Няма ніякага спаборніцтва паміж дэмакратычнымі лідэрамі і партыямі, бо нас абʼядноўвае адно — імкненьне да новых выбараў.
— Што вы адчувалі як беларуска, як палітык, як жонка палітвязьня, як абраная дэмакратычная лідэрка?
— Гэта гістарычная сустрэча. Выходзячы зь Белага дому, я спрабавала прааналізаваць, што я адчуваю ў гэты момант. Розныя пачуцьці. Гэта і гонар, што мы, беларусы, настолькі ўразілі сьвет сваёй барацьбой, перакананасьцю ў тым, што мы ўсё роўна пераможам, усё роўна гэтаму рэжыму прыйдзе канец. Я адчувала радасьць ад таго, што я сустракаюся зь вялікім прэзыдэнтам, для якога асноўнай каштоўнасьцю зьяўляюцца правы чалавека і вяршэнства права. Мне было вельмі шкада, што ня ўсе беларусы маглі са мной разьдзяліць гэты момант. Я кажу пра тых, хто за кратамі, над кім цяпер праходзяць так званыя суды. І я расказала, што я адчуваю як маці, што я каля двух тыдняў без сваіх дзетак і вельмі сумую, але яны мне даруюць. Зьмяшаныя пачуцьці, які паміж сабой пераплятаюцца.
— Вы абое былі ў масках, хаця і прэзыдэнт Байдэн, і вы зрабілі прышчэпку ад каранавірусу. Гэта была дэманстрацыя, прыклад правілаў бясьпекі?
— У ЗША да ўчорашняга дня не было абавязковым нашэньне масак, але ўчора вырашылі зрабіць правілы больш жорсткімі з прычыны новага штаму каранавірусу.
— Натуральна, у вас няма часу зазірнуць у сацсеткі. Людзі масава перапошчваюць вашы фатаздымкі з Байдэнам, камэнтуюць візыт. Што б вы сказалі тым, хто ў Беларусі, хто вымушаны быў выехаць з краіны?
— Я хачу сказаць, што дэмакратычны сьвет з намі, але асноўная задача ляжыць на беларусах. Я ўдзячная кожнаму. Разумею, як цяжка, як страшна змагацца ў Беларусі. Дзякуй за тое, што знаходзіце спосабы і магчымасьці паказваць, што вы ёсьць, што вы не спыняецеся.
Бо пакуль у турме Саша Івулін, уся спартовая супольнасьць будзе працягваць барацьбу. Пакуль за кратамі Каця Андрэева, усе журналісты Беларусі будуць працягваць барацьбу. Пакуль Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч у турме, усе актывісты працягнуць гэты шлях. Пакуль Віктар Бабарыка, Маша Калесьнікава ў турме, усе бізнэсы і ІТ-кампаніі будуць стаяць плячо ў плячо і працягваць змагацца. Пакуль Максім Знак за кратамі, усе юрыдычныя службы адкрыта ці таемна ўсё роўна будуць на нашым баку.
Гэтая барацьба ня спыніцца, пакуль мы ня прыйдзем да новых, сумленных выбараў.