Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня маем права ні зьяжджаць, ні апускаць рукі, ні паміраць», — маці абвінавачанага ў тэрарызьме Ігара Аліневіча


Валянціна Аліневіч, фота 2018 году
Валянціна Аліневіч, фота 2018 году

Анархістаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава вінавацяць у зьдзяйсьненьні тэрактаў. Усе яны праходзяць па адной справе. Затрымалі іх усіх у канцы кастрычніка непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Цяпер яны ў СІЗА КДБ, так званай «Амэрыканцы».

Маці Ігара Аліневіча Валянціна расказала Свабодзе пра навіны ад сына і пра тое, як зьмянілася яе жыцьцё пасьля яго чарговага затрыманьня.

«Ягоная здольнасьць да самаахвяраваньня значна вышэйшая, чым здольнасьць да самазахаваньня»

«Калі пачула пра тое, што Ігара затрымалі, адразу ахапіў жах. Мы ж тады ня ведалі нейкіх падрабязнасьцяў. І, шчыра кажучы, ня ведаем іх дагэтуль. Вядома толькі тое, што паказвалі па дзяржаўным тэлебачаньні».

Пра затрыманьне сына Валянціна даведалася 29 кастрычніка пасьля званка з пагранзаставы.

«Сказалі, што Ігара ўзялі пры пераходзе беларуска-ўкраінскай мяжы. Быццам бы за некалькі кілямэтраў ад яе», — успамінае Валянціна.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Яна расказала, што ў сваім першым лісьце Ігар паведаміў, што ні пра што не шкадуе, што ён ня мог спакойна сядзець убаку за мяжой, «калі ў Беларусі адбываліся такія рэчы» (апошнія 5 год Ігар жыў у Польшчы. — РС).

«Дзьмітры Дубоўскі ў лісьце да сястры напісаў: „Калі нас везьлі [пасьля затрыманьня] у Менск, мы думалі, што ўжо не даедзем жывымі, што нас дзе-небудзь утопяць“», — кажа суразмоўца.

Валянціна прызнаецца — яна не магла ўявіць, што яе сын вырашыць вярнуцца ў Беларусь.

«Я яму толькі адзін раз сказала: „Ты ж ня ўздумай вяртацца. Таму што цябе возьмуць проста ў Берасьці“. Ён адказаў: „Мам, не, ні ў якім разе“. Тым больш пасьля таго, што ён перажыў (у 2010 годзе расейскія сілавікі затрымалі Аліневіча ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь. Яго абвінавацілі ў тым, што ён кінуў кактэйль Молатава на тэрыторыю амбасады Расеі ў Беларусі. Тады Ігару прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, аднак ён выйшаў на волю ў 2015 годзе паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаваньні. — РС)… Але яго здольнасьць да самаахвяраваньня аказалася значна вышэйшай, чым здольнасьць да самазахаваньня, — кажа Валянціна. — Як сказаў адзін зь яго сяброў: „Ігар такі чалавек, які ў буру, завею і сьнежныя заносы ідзе паперадзе ўсіх і пракладае сьцежку для тых, хто за ім“. Ёсьць такія людзі, як ён. І іх ня так ужо і мала, як паказаў мінулы год».

«Проста ў Ігара даволі вядомае прозьвішча. Мне расказвалі, што шмат людзей з Чэхіі, Польшчы, іншых краін кінулі працу, вучобу і вярнуліся ў Беларусь, і, магчыма, яны таксама цяпер у турмах. Думаю, там сёньня тысячы людзей».

«Лепшае, што сёньня можна зрабіць, — не баяцца»

Ігара Аліневіча і іншых фігурантаў ягонай справы праваабаронцы дагэтуль не прызналі палітвязьнямі. Валянціна Аліневіч лічыць, што рэальная колькасьць палітвязьняў значна большая за афіцыйную лічбу.

«Для мяне галоўнае ня форма, а сутнасьць. Ён жа сапраўды палітвязень. Вядома, я лічу несправядлівым, калі людзі, якія даюць інтэрвію беларускаму тэлебачаньню, ва ўсім раскайваюцца, чакаюць амністыі і хуткай магчымасьці напісаць прашэньне аб памілаваньні, маюць гэты статус, а мой сын і яго сябры — не, — кажа Валянціна. — Гэтая сытуацыя інсьпіраваная ня ўнутраным становішчам, а зьнешнімі сіламі, якія не разьбіраюцца ў нашай сытуацыі».

Дзьмітры Дубоўскі
Дзьмітры Дубоўскі

Успамінаючы леташнія падзеі ў краіне, Валянціна, кажа, што сэрцам хацела верыць у перамены, але розумам усьведамляла, што адбыцца яны змогуць ня так хутка.

Жанчына кажа, што цяперашняя сытуацыя ў Беларусі ня стала для яе дзівам.

«Вось цяпер шмат хто хапаецца за галаву і кажа: „Які жах!“. Раней яны не паглыбляліся ў тое, што адбывалася ў краіне, ня ведалі, на што здольная ўлада. А я гэта ўсё бачыла і разумела яшчэ 10 гадоў таму, — расказвае суразмоўца. — Сёньня ж усе мы, па сутнасьці, у засьценках».

«Хачу, каб ён быў у бясьпецы, але ў герояў зусім іншы лёс»

Валянціна расказала, што ў кантэксьце цяперашніх падзей у Беларусі яна часта ўспамінае паўстаньне Кастуся Каліноўскага, праводзячы тым самым паралелі паміж мінулым і сучаснасьцю.

«Памятаеце, як жанчыны хадзілі ўсе ў чорным, такім чынам выказваючы сваю салідарнасьць з інсургентамі, што пацярпелі паразу? Тады ж таксама ўсё забаранялі, як і нам цяпер забаронена насіць бел-чырвона-белае адзеньне і вывешваць свае сьцягі. Але яны не баяліся. І калі вы думаеце, што гэта ўсё было даўно, то ўспомніце, колькі беларусаў паехала на перапахаваньне Каліноўскага ў Вільню. Як гаворыцца, попел нашых герояў стукае ў нашыя сэрцы. І, можа, гэта высокія словы, але гэта праўда».

Валянціна Аліневіч называе сына героем, хоць і хацела б, «каб героямі былі іншыя дзеці».

«Але я разумею, што гэта мацярынскі інстынкт. Вядома, я хачу, каб ён быў у бясьпецы і г.д. Але ў герояў зусім іншы лёс. Дый як я магу трымаць яго пад спадніцай, калі ён такі? Яны ўсе ўжо дарослыя людзі і разумеюць, што робяць, — кажа Валянціна. — Героі не здаюць сваіх, ня сьведчаць ілжыва, маюць свае маральныя прынцыпы. Калі чалавек дзеля захаваньня свайго жыцьця пачынае пераступаць праз гэтыя нормы, то пра які гераізм можа ісьці гаворка?».

«Увесь сьвет не ўяўляе, што тут робіцца»

Сёньня, па словах Валянціны Аліневіч, новых дэталяў па справе яе сына і яго сяброў практычна няма.

«Наколькі я ведаю, сьледчыя дзеяньні не вядуцца. Тэрмін утрыманьня ім працягнулі да 29 жніўня. Пра ўмовы ў СІЗА яны ня маюць права пісаць у лістах наогул. Адвакатам трапіць у „амэрыканку“ цяпер вельмі складана, дый усе яны пад падпіскай аб неразгалошваньні».

Апошнім часам навіны зь СІЗА Валянціна даведваецца толькі ад сваякоў іншых зьняволеных. Напрыклад, калі стаіць у чарзе аддаць перадачу.

Турэмны малюнак Сяргея Раманава
Турэмны малюнак Сяргея Раманава

Жанчына расказала, што ў лісьце Ігар адзін раз абмовіўся, што распарадак у «амэрыканцы» стаў значна больш жорсткі.

«Пагоршыліся ўмовы ня толькі ў СІЗА КДБ, але і наогул ва ўсіх турмах. Увесь сьвет нават не ўяўляе, што тут робіцца, у якіх варунках утрымліваюць вязьняў. Пра іх фізычны і маральны стан мы можам толькі здагадвацца. Калі Ігара і яго сяброў уключылі ў сьпіс тэрарыстаў, іх пазбавілі магчымасьці атрымліваць грашовыя пераводы. Кнігі ім нельга перадаць, лісты і перадачы прымаюць толькі ад блізкіх і сваякоў…» — пералічвае абмежаваньні Валянціна Аліневіч.

Жанчына прызнаецца, што часам складалася ўражаньне, што перажыць усё, што адбываецца, проста немагчыма. Але яна падкрэсьлівае, што чалавек значна мацнейшы, чым можа здавацца.

«Ці Гасподзь, ці само жыцьцё ўкладае ў наш арганізм такія сілы, якія прымушаюць нас вытрымаць. Мы, бацькі, ня маем права ні зьяжджаць, ні апускаць рукі, ні паміраць»

Свой эмацыйны стан сама Валянціна сёньня апісвае словам «арэлі».

«То кажу сабе: „Перамога будзе за намі“, то закрадаецца ў сэрца смутак і туга. Але я дакладна ведаю, што і я, і мой сын, і большасьць беларусаў на баку дабра. Таму, якія б ні былі адступленьні, дабро павінна перамагчы. Калі і кроў, і плоць адмаўляюць, застаецца толькі адно — надзея. Вось ёю і жывём».

Што пішуць у лістах анархісты?

Ігар Аліневіч: «Час ідзе, у мяне нічога не адбываецца, таму воляй-няволяй заварочваесься на сваім уласным унутраным сьвеце і вечных пытаньнях быцьця. Зьнешні сьвет зводзіцца да ўспамінаў і лістоў ад бацькоў. Ёсьць яшчэ навіны, але яны зводзяцца да сьпіралі, якая ўсё вастрэй закручваецца на кожным вітку. Восень, зіма, лета… так што знаходжуся ў рэжыме сузіраньня, калі-небудзь гэтая сьпіраль скончыцца. Я веру, што ўсё будзе добра. Мы дзеці свайго часу, трэба працягваць жыць і верыць у ідэалы гуманізму!»

Турэмны малюнак Сяргея Раманава
Турэмны малюнак Сяргея Раманава

Дзьмітры Разановіч: «Сама па сабе турма ня страшная. Страшна, калі мы ў галаве ў сябе турму будуем са мноствам забарон і перашкод. І гэта настолькі нас скоўвае, што забабоны становіцца нармальнасьцю, спараджаючы ўсё новыя і новыя забабоны. А трэба ўсяго толькі знайсьці ў сабе сьмеласьць і разбурыць гэтыя муры, паглядзець на тую ці іншую праблему пад іншым вуглом. І толькі тады магчымыя перамены!»

Дзьмітры Дубоўскі: «Давайце пройдзем гэты шлях дастойна, не сумняваючыся і не спыняючыся ў сваіх памкненьнях да свабоды. Стварайце свае ўласныя сьветы і працягвайце барацьбу. Магчыма ўсё!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG