Мінула больш за 10 дзён ад затрыманьня актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча, а яму дагэтуль ня выставілі абвінавачаньня. Пра гэта Свабодзе паведаміла маці актывіста Валянціна Аліневіч, якая спаслалася на зьвесткі ад адваката.
Таксама Валянціна Аліневіч расказала, што 9 лістапада яе выклікалі на допыт да сьледчага, які вядзе справу яе сына, яле яна адмовілася даваць паказаньні, спаслаўшыся на гарантаванае Канстытуцыяй права ня сьведчыць супраць сваякоў.
«І мой муж, якога таксама выклікалі на допыт, адмовіўся. Але з нас узялі падпіску аб неразгалошваньні акалічнасьцяў справы, хоць мы ня ведаем ніякіх дэталяў, акрамя таго, што само сьледзтва паведаміла празь дзяржаўную тэлевізію. Пацікавілася ў сьледчага, чаму яны разгаласілі акалічнасьці справы і на гэтай падставе майго сына ўжо запісалі ў тэрарысты, але адказ быў такі: вы ж ведаеце, што ў нашай краіне такое магчыма», — кажа Валянціна Аліневіч.
28 кастрычніка Памежны камітэт паведаміў пра затрыманьне на беларуска-ўкраінскай мяжы групы анархістаў. Пазьней стала вядома, што Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзьмітрыя Разановіча падазраюць у шэрагу падпалаў адміністрацыйных будынкаў і аўтамабіляў на тэрыторыі некалькіх раёнаў Беларусі. У прыватнасьці, называліся падпалы аўтамабіляў каля пракуратуры ў Салігорску і будынку ДАІ ў Мазыры. Колькі ўсяго эпізодаў у справе, невядома. Праваахоўнікі кажуць пра верагоднасьць абвінавачаньня затрыманых у тэрарызьме.
Паводле Валянціны Аліневіч, яе сын пацьвярджае, што браў удзел у пэўных дзеяньнях. «Мяркую зь ягоных словаў, якія ён перадаў нам. Прасіў прабачэньня за тыя турботы, што нам стварыў, але, сказаў, інакш ён зрабіць ня мог. Паводле ягоных слоў, яны сьвядома скарысталіся правам на паўстаньне, бо іншых спосабаў дамагчыся зьмены гэтага рэжыму народу не пакінулі», — кажа Валянціна Аліневіч.
Ігара Аліневіча трымаюць у СІЗА КДБ — «Амэрыканка»
«Пра ўмовы, як і пра магчымае зьбіцьцё, нічога ня ведаю, бо пакуль людзі там, пра гэта ўсе маўчаць. Магчыма, як выйдзе, даведаемся з новай кнігі, калі такую напіша. 9 лістапада зь ім бачыўся адвакат і сказаў, што ён выглядае нармальна, пра сьляды на твары і на целе нічога не казаў. Дагэтуль прынялі для сына адну перадачу з адзежай, а цяпер, праз 10 дзён, сказалі, што дазволяць перадаць і харчы. Ігар кажа, што прапусьціў дзень, калі можна было ўзяць кнігі ў бібліятэцы, але выправіць гэта. Вось і ўся пра яго інфармацыя. Пра іншых нічога ня ведаю», — сказала Валянціна Аліневіч.
Валянціна Аліневіч кажа, што да гэтага году яе сын ужо амаль 5 год жыў у Польшчы.
«Ведаю, што зарабляў на жыцьцё па-рознаму: і сваёй прафэсіяй, і іншай працай. У тое, што ён праходзіў нейкую тэрарыстычную падрыхтоўку ва Ўкраіне, як паведамляюць дзяржаўныя мэдыя, я ня веру. Ён не такі чалавек, каб дазваляць сабой маніпуляваць. Увесну ён зьбіраўся да нас прыехаць, пабачыцца, але пачаўся каранавірус, дый я яго адгаворвала, казала, што далей за мяжу яму не дадуць праехаць. У выніку ён так і не прыехаў. Тое, што ў канцы кастрычніка ён зь сябрамі аказаўся каля ўкраінскай мяжы, для мяне было зусім нечакана. Але цяпер я разумею, што хлопцы вырашылі гэтак падтрымаць тых, хто пратэстуе. Узгадалі пра партызанскія традыцыі беларускага народу і пачалі дзейнічаць. Далейшага будзем чакаць. За столькі гадоў змаганьня сына я зразумела, што для нас, бацькоў, самае горшае — гэта разгубіцца і страціць веру і надзею», — сказала Валянціна Аліневіч.
У 2010 годзе беларускія праваахоўнікі захапілі Ігара Аліневіча ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь. Пра гэта ён потым расказаў у сваёй кнізе. Аліневіча абвінавацілі ў тым, што ён кінуў кактэйль Молатава на тэрыторыю амбасады Расеі ў Беларусі, у выніку гэтых дзеяньняў быў пашкоджаны аўтамабіль амбасады.
Ігару Аліневічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, ён выйшаў на волю ў 2015 годзе паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаваньні і неўзабаве зьехаў у Польшчу.
«Яму перадалі, што тут яму жыцьця не дадуць, трэба зьяжджаць. Але цяпер ён вырашыў вярнуцца. Як ён гэта зрабіў, магу толькі здагадвацца», — кажа Валянціна Аліневіч.