Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камэры ў „амэрыканцы“ перапоўненыя, арыштанты ляжаць на „верталётах“». Што новага ў справах затрыманых анархістаў


СІЗА КДБ
СІЗА КДБ

23 красавіка маці палітвязьня Ігара Аліневіча аднесла яму перадачу, дзеля чаго адстаяла ў чарзе ў будынку КДБ больш за гадзіну. Валянціна Аліневіч падзялілася тым, што ўбачыла і пачула.

«Людзей у чарзе было больш, чым раней. Пакуль стаялі, пачалі размаўляць, і па выніку зрабіла выснову, што там зьявілася шмат новых вязьняў. Некаторыя казалі, што іх сваякоў прывезьлі не зь Беларусі, але адкуль дакладна, канечне, я не распытвала. Яшчэ некаторыя людзі казалі, што ў іх камэры перапоўненыя, сядзіць больш, чым ложкаў, а значыць, выкарыстоўваюць дошкі — гэтак званы „верталёт“, які ўдзень хаваюць пад ложкам», — расказала Валянціна Аліневіч.

Яе сына, анархіста Ігара Аліневіча, вінавацяць у зьдзяйсьненьні тэрактаў — некалькіх нападаў на аўтамабілі і будынкі сілавікоў. Ігар Аліневіч праходзіць па адной справе зь Дзьмітрыем Дубоўскім, Дзьмітрыем Разановічам і Сяргеем Раманавым. Анархістаў затрымалі ў кастрычніку мінулага году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Маці Ігара Аліневіча ня ведае, калі справа будзе завершаная і пойдзе ў суд. Паводле яе зьвестак, сьледчыя дзеяньні з удзелам яе сына ўжо больш як месяц не праводзіліся.

«Сваякам дагэтуль нічога ня кажуць, а з адвакатаў узялі падпіску аб неразгалошваньні. Дакладна ведаю, што Ігару ды іншым вязьням СІЗА КДБ, якія праходзяць па артыкуле аб тэрарызьме, забаранілі перасылаць на рахунак грошы, і цяпер яны нічога ня могуць прыкупіць у краме з бытавых рэчаў ці з прадуктаў. Але Ігар аскет, для яго гэта нічога ня значыць. Ён з пачатку году адмовіўся ад ужываньня мяса, а нядаўна і ад цукру ды мучнога. Вольны час бавіць тым, што шмат чытае. Большая праблема ў тым, што да яго не даходзяць лісты сяброў і незнаёмых людзей, якія яго падтрымліваюць — толькі ад сваякоў. І то ня ўсе. Гэта робіцца наўмысна», — мяркуе Валянціна Аліневіч.

Паводле Валянціны Аліневіч, яе сына нядаўна перавялі ў іншую камэру, разьлічаную на чатырох чалавек, а вязьняў у ёй пяць. «Плошча камэры недзе 6 квадратных мэтраў. Вось уявіце, як там можна жыць? Хіба толькі існаваць. Але настрой у сына такі, што ён не шкадуе, што летась вярнуўся на радзіму і далучыўся да пратэстаў. Паўтарае, што ня мог стаяць убаку».

Дзьмітрый Дубоўскі: «Ведаю навіны пра Навальнага»

Пра падобны настрой у свайго брата расказала і Юлія Дубоўская. Анархіст Дзьмітрый Дубоўскі праходзіць па адной справе зь Ігарам Аліневічам. Паводле Юліі, яму таксама не даходзяць лісты ні ад кога, акрамя сваякоў.

«На 23 лютага да яго цудам прарвалася паштоўка ад незнаёмай жанчыны — першая за час зьняволеньня. Гэта ўсё. А вось ад Дзімы ў красавіку прыйшоў ліст. Ён там выказваецца пра тое, чаму вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да акцый анархістаў. Піша, што гэта „быў ягоны асабісты выбар, не дараваў бы сабе бязьдзеяньня“. Дадае, што „жнівеньскія падзеі і барацьба ў Беларусі сталі для іх трыгерам“. Відаць, мае на ўвазе тыя ўчынкі, за якія іх зьбіраюцца судзіць» — кажа Юлія Дубоўская. Юлія таксама ня ведае, калі будзе суд па справе яе брата ды іншых анархістаў. Зь яе словаў, адвакаты прыблізна казалі пра травень ці чэрвень, але дакладных зьвестак ніхто ня мае.

Яшчэ Юліі Дубоўскай вядома зь ліста брата, што яго цяпер трымаюць у чатырохмеснай камэры, дзе ёсьць тэлевізар. «Брат напісаў, што аднекуль ведае пра падзеі ў Расеі вакол Аляксея Навальнага», — дадала Юлія Дубоўская.

Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага ды іншых двух фігурантаў справы беларускія праваабаронцы дагэтуль не прызналі палітвязьнямі, але, як кажуць у праваабарончым цэнтры «Вясна», трымаюць іх справу «на трывалым кантролі».

Камэра, дзе сядзіць Мікалай Дзядок, адмовілася ад БТ

А вось анархіст Мікалай Дзядок, якога трымаюць у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і абвінавачваюць, сярод іншага, у стварэньні пагрозы нацыянальнай бясьпецы, адмовіўся ад прагляду тэлевізара. Пра гэта расказаў бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.

«Уся ягоная камэра № 13 гэтак вырашыла. Сказалі, што ня хочуць глядзець тэлевізар, бо ня хочуць гэтага ўзьдзеяньня дзяржаўнай прапаганды. Шмат чытае кніг, атрымлівае газэту „Новы час“. Лісты ад сваякоў прыходзяць, а вось ад сястры зь Нямеччыны — не прапускаюць», — расказаў Дзядок-старэйшы.

Мікола Дзядок
Мікола Дзядок

Раней Мікалай Дзядок прабыў 9 дзён у карцары за тое, што падчас прагулкі ў турэмным дворыку адгукнуўся словам «Жыве» на вокліч невядомага яму вязьня «Жыве Беларусь». Ці не атрымліваў яшчэ якіх спагнаньняў?

Бацька Мікалая Дзядка кажа, што дакладна ў карцар сын больш не трапляў. «У Мікалая ёсьць праблемы са здароўем, але ведаю, што яму цяпер аказваюць больш сур’ёзную мэдычную дапамогу. Мы часта скардзіліся на недахоп такой дапамогі, ён таксама скардзіўся, і вось, відаць, падзейнічала. А з усім астатнім ён спраўляецца сам, яго не зламаюць», — кажа пра сына Дзядок-старэйшы.

Аляксандар Дзядок ведае, што ўтрыманьне ягонага сына пад вартай нядаўна працягнулі яшчэ на месяц — да 11 траўня.

Емяльянаў і Комар: «Шмат чытаюць і маральна не здаюцца»

У беларускіх вязьніцах адбываюць пакараньні анархісты, якія ў 2019 годзе кінулі кактэйль Молатава ў будынак СІЗА на Валадарскага. Гэта Мікіта Емяльянаў, асуджаны на 4 гады зьняволеньня, і Іван Комар, якому прысудзілі 3,5 года.

Зь лістоў дамоў Мікіты Емяльянава маці Анастасія зрабіла выснову, што ён недаядае.

«Мікіту ж трымаюць у „крытай“ турме, на строгім рэжыме, харчовых перадач туды ўвогуле не прымаюць. А тое, што з прычыны ковіду дазволілі перадаваць яблыкі ці апэльсіны — праблему не вырашае, бо яму патрэбны бялок. А кормяць там, відаць, дрэнна. Што з гэтым рабіць — ня ведаю. Скаргі не дапамагаюць. Таксама яму адмовілі ў мэдычных пасылках», — кажа Анастасія.

Летась у чэрвені Мікіту Емяльянава зьмясьцілі на 3 гады ў «крытую» Магілёўскую турму паводле рашэньня адмысловага суду. Вязень-анархіст адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй ды «станавіцца на шлях выпраўленьня», яго ў калёніі каралі карцарам.

Але ў лістах дамоў, паводле маці, Мікіта Емяльянаў ні на што ня скардзіцца, паведамляе, што «шмат чытае і маральна не здаецца».

Анархіст Іван Комар адбывае пакараньне ў калёніі № 17 у Шклове. Летась паведамлялася, што Іван абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасьці зь сябрам Мікітам Емяльянавым ды іншымі палітвязьнямі.

Нядаўна маці Мікіты Емяльянава атрымала ад Івана ліст. Паводле жанчыны, сябра яе сына «ў нармальным настроі, на здароўе ня скардзіўся, напісаў, што зь ім усё добра. Настрой у яго добры», — адзначыла жанчына. Але Анастасія Емяльянава дадала такую дэталь: яна атрымала ад Івана Комара ліст пад нумарам 2, а ліст пад нумарам 1 да яе так і не дайшоў. «Значыць, ён мог напісаць нешта такое, што цэнзура палічыла немагчымым для перадачы на волю», — мяркуе Анастасія Емяльянава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG