Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў прэцэдэнт з Вэнэсуэлай». Як Офіс Ціханоўскай хоча замарозіць 950 млн эўра для Беларусі ад МВФ


Алесь Аляхновіч
Алесь Аляхновіч

Міжнародны валютны фонд можа выдзеліць для Беларусі 950 мільёнаў даляраў крэдыту. Гэта адбываецца ў рамках дапамогі краінам сьвету ў барацьбе з наступствамі пандэміі. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай намагаецца заблякаваць гэтыя сродкі, пакуль у Беларусі не адбудуцца сумленныя выбары.

Як патлумачыў Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях эканамічных рэформаў Алесь Аляхновіч, крэдыт ад МВФ — гэта не заслуга рэжыму ў Беларусі, а агульная праграма фонду ў разьмеркаваньні $650 мільярдаў паміж усімі краінамі – чальцамі гэтай арганізацыі.

Цяпер Офіс Сьвятланы Ціханоўскай намагаецца заблякаваць выплату крэдыту. У гісторыі такія выпадкі ўжо былі, кажа Аляхновіч.

«Быў прэцэдэнт, калі Вэнэсуэле была замарожаная выплата SDR. Галасаваньне аб праграме адбудзецца ў жніўні. Мы спадзяёмся і працуем над гэтым, каб выплату, якая магла б адбыцца ў верасьні, замарозілі, пакуль у Беларусі не адбудуцца новыя свабодныя выбары і пакуль ня будзе новай дэмакратычнай улады».

Грошы ў рамках гэтай праграмы МВФ выдзяляюцца як разьвітым краінам, так і краінам, якія разьвіваюцца, незалежна ад кантынэнту. З сытуацыяй у Беларусі, з палітыкай ці эканомікай, гэта ніяк не зьвязана. Сродкі выплачваюцца не наяўнымі грашыма, а штучным плацежным сродкам. У скароце ён называецца SDR; па сутнасьці, гэта запіс на банкаўскім рахунку.

Як Офіс Ціханоўскай працуе з МВФ?

Кожная краіна мае ў МВФ сваю долю, адпаведна, і свайго прадстаўніка. Паводле Аляхновіча, каманда Ціханоўскай цяпер у кантакце з прадстаўнікамі МВФ ад ЗША, Польшчы, Літвы і іншых эўрапейскіх краінаў.

«Мы спрабуем даводзіць нашую пазыцыю. У амэрыканскім Акце аб дэмакратыі ў Беларусі, які ў сьнежні мінулага году падпісаў тагачасны прэзыдэнт Трамп, была інструкцыя, што ЗША мусяць абмежаваць супрацу міжнародных фінансавых арганізацый зь сёньняшняй нелегітымнай беларускай уладай. Мы гэтую пазыцыю даводзім да ЗША і прадстаўнікоў ЭЗ, якія не прызнаюць выбараў у Беларусі, што іх прадстаўнікі ў МВФ павінны галасаваць супраць выдзяленьня грошай для Беларусі», — кажа Аляхновіч.

Што, калі не атрымаецца з МВФ?

Калі сума ў SDR выдзяляецца нейкай краіне, то гэта яшчэ ня значыць, што з гэтымі грашыма можна прыйсьці ў банк і расплаціцца. SDR можна памяняць на адну зь пяці асноўных валютаў сьвету: даляр ЗША, эўра, брытанскі фунт, японскую ену і кітайскі юань.

«Абменам SDR на цьвёрдую валюту займаецца цэнтральны банк кожнай краіны. Калі з МВФ не атрымаецца, то трэба спрабаваць замарозіць абмен SDR на цьвёрдую валюту», — кажа дарадца Ціханоўскай.

На што канкрэтна пойдуць гэтыя грошы, залежыць ад таго, хто кантралюе патокі. Ніякіх абмежаваньняў ад МВФ не існуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG