Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самы дурны праект Расеі». Чым «Паўночны паток — 2» небясьпечны для Беларусі?


Дарожны знак паказвае кірунак да выхаду на бераг газаправоду Nord Stream 2 у Любміне, на паўночным усходзе Нямеччыны, 2020 г.
Дарожны знак паказвае кірунак да выхаду на бераг газаправоду Nord Stream 2 у Любміне, на паўночным усходзе Нямеччыны, 2020 г.

Хто і навошта прыдумаў ідэю газаправоду «Паўночны паток»? Чаму вакол яго так шмат рознагалосьсяў? Што ён азначае для Беларусі і рэгіёну? Пра ўсё гэта ў тлумачалцы Свабоды.

Што такое «Паўночны паток»?

Гэта назва газаправоду па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну. Пра яго будаўніцтва дамовіліся ў 2005 годзе Ўладзімер Пуцін і тагачасны канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр. Апошні празь некалькі месяцаў увайшоў у кіраўніцтва кампаніі, якая будавала «Паўночны паток».

  • Першы трубаправод (Nord Stream) зь дзьвюма ніткамі быў цалкам здадзены ў эксплюатацыю ў 2012 годзе. Яго марскі адрэзак склаў 1224 кілямэтры, што робіць яго найдаўжэйшым марскім газаправодам у сьвеце. У год ён здольны перасылаць з расейскага Выбаргу ў нямецкі Грайфсвальд 55 мільярдаў кубамэтраў газу.
  • Будаўніцтва другога газаправоду — «Паўночнага патоку — 2 (Nord Stream 2) — пачалося ў 2018 годзе. Ён, як і першы, складаецца зь дзьвюх нітак такой самай прапускной здольнасьці ў год — 55 мільярдаў кубамэтраў газу. Але пачынаецца другі газаправод ня ў Выбаргу, а ў Усьць-Лузе.

Каму належыць «Паўночны паток»?

Першы трубаправод — уласнасьць кампаніі Nord Stream AG, акцыі якой належаць «Газпрому» (51%), нямецкім канцэрнам E.ON-Ruhrgas i BASF-Wintershall (па 15,5%), а таксама нідэрляндзкай кампаніі Gasunie i францускай GdF (па 9%).

«Паўночны паток — 2» належыць кампаніі Nord Stream 2AG. Яе адзіны акцыянэр — расейскі «Газпром».

Чаму вакол будаўніцтва «Паўночнага патоку— 2» шмат рознагалосьсяў?

  • Эканоміка

Сёньня з Расеі ў Эўропу праходзіць 13 трубаправодаў, якія перасылаюць каля 250 мільярдаў кубамэтраў газу. Ключавую ролю ў гэтым адыгрываюць Ямальскі газаправод (празь Беларусь і Польшчу) і «Братэрства» (праз Украіну і Славаччыну). Краіны, празь якія газ перасылаецца ў ЭЗ, зарабляюць на яго транзыце. «Паўночны паток — 2» моцна аслабляе іх пазыцыю.

Калі Расея захоча, то можа абмежаваць транзыт газу па зямлі, і ў выніку Беларусь, Польшча, Украіна страцяць даход ад транзыту.

У 2020 годзе Ўкраіна, напрыклад, зарабіла 3 мільярды даляраў на транзыце 50 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу. Менавіта такі аб’ём газу ў год здольны перасылаць «Паўночны паток — 2».

  • Палітыка

Расея можа, напрыклад, цалкам або часова спыніць пастаўкі па любым з напрамкаў, каб пакараць Беларусь ці Ўкраіну за неляяльнасьць або з мэтай палітычнага ціску. Менавіта таму шэраг экспэртаў называюць «Паўночны паток» геапалітычнай зброяй. Сёньня Маскву стрымлівае тое, што калі спыніць пастаўкі, скажам, у Беларусь, газ не атрымаюць кліенты ў заходняй Эўропе. У гэтым сэнсе «Паўночны паток» здымае з Расеі магчымыя рызыкі перад фінальнымі атрымальнікамі газу на Захадзе. Бо калі газ пастаўлены ў Нямеччыну, адтуль яго без праблем можна пераслаць у іншыя краіны Эўразьвязу.

  • Газавая залежнасьць Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы

«Паўночны газаправод — 2» істотна павышае залежнасьць краін Эўразьвязу ад расейскага газу. І гаворка зусім не пра Нямеччыну. Расейскі газ адтуль без праблемаў можа перасылацца па газаправодзе EUGAL, які зьвязвае Балтыйскае мора з Польшчай і Чэхіяй.

Кліенты «Газпрому» ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе атрымаюць газу столькі, колькі захочуць, і па ніжэйшай цане, бо труба абмінае транзытныя краіны. Сам «Газпром» ацэньвае, што пастаўкі праз «Паўночны паток — 2» будуць на 20% таньнейшыя, чым празь Беларусь або Ўкраіну.

Якімі могуць быць наступствы таго, што Эўропа акажацца залітая расейскім газам? Гэта перакрые доступ на рынкі рэгіёну для канкурэнтаў расейскага гіганта. Краіны, якія апошнім часам шукаюць шляхі дывэрсыфікацыі паставак, страцяць эканамічныя стымулы для праектаваньня альтэрнатыўных трубаправодаў і пошуку новых пастаўшчыкоў.

  • Экалёгія

Абаронцы прыроды неаднаразова заяўлялі пра катастрафічныя наступствы будаўніцтва трубы на дне Балтыкі. Неаднойчы былі спробы заблякаваць будаўніцтва «Паўночнага патоку», як першага, так і другога, менавіта з прычыны магчымых наступстваў для навакольнага асяродзьдзя. Найбольш непакою выклікала магчымая аварыя трубаправоду. Аднак інвэстары праекту здолелі пераканаць кантрольныя органы ЭЗ і асобных краін, праз чые воды пракладзеная труба, што пры будаўніцтве выконваюцца ўсе неабходныя правілы, а тэхналёгія газаправоду максымальна бясьпечная.

Пры чым тут Беларусь?

Празь Беларусь газ перасылаецца па газаправодзе «Ямал — Эўропа» магутнасьцю 32,9 мільярда кубамэтраў на год. Па гэтай трубе газ транзытам транспартуецца ў Польшчу, а затым у Нямеччыну, а таксама ў Літву, Украіну.

Працягласьць беларускага ўчастка «Ямал-Эўропа» — 575 км. Раней яго эксплюатаваў «Белтрансгаз», але пасьля продажу яго ў канцы 2011 году «Газпрому» гэты ўчастак і пяць кампрэсарных станцый на ім эксплюатуе яго даччынае прадпрыемства — «Газпром трансгаз Беларусь».

У 2010 годзе транзыт газу празь Беларусь складаў каля 50 мільярдаў кубамэтраў, а ўжо ў 2019-м плянавалася 39 мільярдаў. А летась «Газпром» апублікаваў кантракт з ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» на транзыт газу ў Эўропу ў 2021 годзе, зь якога вынікае, што да канца гэтага году транспартаваньне паліва празь Беларусь значна скароціцца. Зьніжэньне паставак выпадзе на апошні квартал, калі пачынаецца новы газавы год. Агулам гэта звыш 29 мільярдаў кубамэтраў. Колькі Беларусь страціць ад зьмяншэньня транзыту, невядома, бо гэта камэрцыйная таямніца. Паводле экспэртаў, на якіх спасылаюцца naviny.by, краіна зарабляе на транзыце каля 350 млн даляраў у год.

Расейскаму «Газпрому» ў Беларусі належыць і былая беларуская газатранспартная сыстэма «Белтрансгаз». Некаторыя экспэрты лічаць, што менавіта той факт, што Расея валодае транзытнымі трубамі ў Беларусі, не дазволіць ёй адмовіцца ад перасылкі газу празь Беларусь.

Што пра «Паўночны паток» казалі ўлады Беларусі?

Яшчэ ў 2007 годзе, калі будаўніцтва «Паўночнага патоку» яшчэ ня скончылася, Аляксандар Лукашэнка назваў яго «самым дурным праектам Расеі» і прапанаваў збудаваць другую нітку «Ямал-Эўропа» празь Беларусь.

У 2010 годзе ён назваў трубу па дну Балтыкі «стратным праектам», а беларускі адрэзак транзыту — «самым зручным і кароткім».

У 2017 годзе ў інтэрвію Financial Times міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў:

«Мы не выступаем судзьдзямі ў гэтай сытуацыі. Мы ня можам ацаніць, ці зьяўляецца яна пазытыўнай або нэгатыўнай. Вядома, мы разумеем, што „Паўночны паток — 2“ будзе праходзіць на поўнач ад Беларусі. Тым ня менш мы гатовыя даць усе неабходныя гарантыі, што Беларусь зьяўляецца надзейным партэрам у забесьпячэньні бесьперабойных паставак паліўна-энэргетычных рэсурсаў з Расеі ў Эўропу».

Прапускная здольнасьць газаправоду «Паўночны паток» і трубаў празь Беларусь і Ўкраіну
Прапускная здольнасьць газаправоду «Паўночны паток» і трубаў празь Беларусь і Ўкраіну

Чаму супраць «Паўночнага патоку» выступалі ЗША?

21 сьнежня 2019 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў законапраект, у якім былі прапісаныя санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2». У дакумэнце гаварылася, што абмежавальныя захады могуць быць уведзеныя супраць кампаній, якія былі задзейнічаныя ў будаўніцтве газаправоду, а таксама кіраўнікоў гэтых кампаній. Швайцарская кампанія Allseas, якая займалася пракладкай трубаправоду, абвясьціла аб прыпыненьні работ. У кастрычніку 2020 году Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што санкцыі будуць прымяняцца ня толькі да трубаўкладчыкаў, але і да іншых кампаніяў, якія аказваюць розныя паслугі трубаўкладчыкам.

Амэрыканскімі санкцыямі супраць «Паўночнага патоку — 2» былі задаволеныя Польшча, Украіна і краіны Балтыі. Дональд Трамп не хаваў, што ЗША зацікаўленыя прадаваць Эўропе свой звадкаваны газ.

Але санкцыі ЗША, як лічаць экспэрты, наўрад ці спынілі б будаўніцтва газаправоду, хоць і маглі яго замарудзіць. «Паўночны паток — 2» і так быў ужо амаль гатовы. На мінулым тыдні, пасьля візыту ў Вашынгтон Ангелы Мэркель, ЗША адмовіліся ад санкцыяў супраць трубаправоду па дне Балтыкі. Вашынгтон і Бэрлін заявілі пра гарантыі Ўкраіне ў выпадку газавага ціску з боку Масквы, пра інвэстыцыі ў альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі і пра дапамогу з дывэрсыфікацыяй.

Аднак Дзярждэпартамэнт ЗША папярэдзіў, што Злучаныя Штаты пакідаюць за сабой права ўвесьці санкцыі супраць Расеі ў сувязі з газаправодам «Паўночны паток — 2», нягледзячы на дасягнутае зь Нямеччынай пагадненьне.

Як успрынялі рашэньне ЗША ва Ўсходняй Эўропе?

Міністры замежных спраў Украіны — Дзьмітро Кулеба і Польшчы — Зьбігнеў Раў выступілі супраць дамовы Нямеччыны і ЗША аб расейскім газаправодзе.

На іхную думку, адмова ад спробаў спыніць запуск газаправоду «Паўночны паток — 2» пагаршае крызіс і стварае «дадатковыя палітычныя, ваенныя і энэргетычныя пагрозы для Ўкраіны і Цэнтральнай Эўропы ў цэлым». У заяве гаворыцца, што працяг будаўніцтва газаправоду дазваляе Расеі «аказваць дэструкцыйны ўплыў на сытуацыю бясьпекі ў Эўропе, паглыбляе рознагалосьсі паміж дзяржавамі — удзельніцамі NATO і ЭЗ».

Прадстаўнікі ўладаў Беларусі за апошні год пра «Паўночны паток — 2» не выказваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG