У чэрвені зьніжэньне склала 0,7% да траўня. Падзеньне рэальных пэнсіяў адбываецца на фоне разагнанай інфляцыі, паведамляе Zerkalo.io.
Калі ўзяць зьвесткі за апошнія 12 месяцаў, то рэальныя пэнсіі расьлі толькі ў ліпені, жніўні і сьнежні 2020 году, а ў астатнія месяцы — падалі. Рост быў зьвязаны з павышэньнем працоўных пэнсій у ліпені і сьнежні.
Сярэдні прызначаны памер пэнсій складае 483,4 рубля (у параўнаньні з траўнем гэты паказьнік не зьмяніўся). На канец чэрвеня ў Беларусі пражывала 2 мільёны 454,5 тысячы пэнсіянэраў.
Чыноўнікі ня першы год спрабуюць падняць суадносіны сярэдняй пэнсіі па ўзросьце і сярэдняй зарплаты да 40%, але выканаць гэта калі і ўдаецца, дык толькі ў асобныя месяцы.
У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва раней расказалі, што фінансаваньне пэнсій і дапамог са сродкаў бюджэту фонду ў студзені-чэрвені рабілі своечасова і ў поўным аб’ёме. Выдаткі фонду склалі 9 мільярдаў 334,1 мільёна рублёў, а даходы — 9 мільярдаў 486,2 мільёна рублёў. Субвэнцыі з рэспубліканскага бюджэту былі за гэты пэрыяд на ўзроўні 829,2 мільёна рублёў.