Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены з турмы на Акрэсьціна расказаў, як там катуюць палітычных вязьняў


Аўтамабіль міліцыі ля турмы на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль міліцыі ля турмы на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

Перапоўненасьць камэр, сьпякота, адсутнасьць сродкаў гігіены, прагулак і душу. Як выглядаюць умовы ў менскім ізалятары.

Мянчук Аляксандар (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) вышаў з турмы на Акрэсьціна тыдзень таму і расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра тое, што цяпер адбываецца за кратамі.

За тое, што на вакне ягонай кватэры віселі бел-чырвона-белыя ўпрыгажэньні, судзьдзя пакараў мужчыну адміністрацыйным арыштам, аднак у залі яго не затрымалі. Прыйшлі па Аляксандра толькі празь некалькі месяцаў.

У міліцыі склалі пратакол затрыманьня, пасьля чаго часова зьмясьцілі ў камэру чакаць транспарту. Позна ўвечары прыехала машына, на якой разам зь іншымі, «непалітычнымі», даставілі ў ЦІП. З усіх затрыманых пасьцельную бялізну ня выдалі толькі Аляксандру. Таксама яму не дазволілі ўзяць нічога з падрыхтаваных загадзя рэчаў.

Аляксандра абшукалі і зьмясьцілі ў камэру, дзе ўжо сядзела вялікая колькасьць людзей. Па яго словах, камэры на Акрэсьціна дзеляцца на два тыпы: «палітычныя» і «звычайныя». Умовы ўтрыманьня і распарадак дня ў «палітычных» істотна адрозьніваецца ад афіцыйна замацаваных законам.

Камэры перапоўненыя

«Камэры перанаселеныя: на чатыры спальныя месцы зьмяшчаюць ад 16 да 20 чалавек. Памер самой камэры ня большы за чатыры на пяць крокаў, гэта значыць, на аднаго чалавека прыходзіцца 1-1,25 квадратнага мэтра. Ад перанаселенасьці ў сонечныя дні было вельмі душна, нават нягледзячы на тое, што для дадатковай вэнтыляцыі адчынялі акно і „кармушку“. Укладвацца спаць даводзілася на голых мэталічных ложках, на падлозе ці на лаўках. Матрацаў, падушак і пасьцельнай бялізны не выдавалі, а бязь іх ляжаць на „шконках“ было балюча», — расказаў былы вязень.

Самі «шконкі» зробленыя са звараных мэталічных палос, пустая адлегласьць паміж якімі была памерам каля 10 на 40 сантымэтраў. На іх спалі людзі, у якіх з сабой былі тоўстыя байкі ці курткі. Іх падкладвалі замест матраца. Большасьць спала на падлозе, падкладаючы пад галаву красоўкі замест падушкі. У выпадках, калі вольнага месца не заставалася, спалі на лаўках. На іх ляжаць было горш за ўсё празь невялікія памеры.

Сьвятло ўначы не выключаюць, будзяць

Каб прыглушыць сьвятло, многія нацягвалі на вочы мэдычныя маскі. Кожную ноч праводзіліся дзьве пераклічкі: арыштантаў будзілі і па прозьвішчах правяралі, ці ўсе на месцы. Па адчуваньнях Аляксандра, такія праверкі праводзілі прыблізна а першай гадзіне ночы і а чацьвёртай раніцы.

Не даюць сродкаў гігіены

Нязручнасьць арыштантам дастаўляла таксама адсутнасьць сродкаў гігіены. У камэры Аляксандра была палова цюбіка зубной пасты на ўсіх. Зубы чысьцілі альбо пальцам, альбо проста праціралі туалетнай паперай.

Казённае мыла выдавалі звычайна палову ці траціну кавалка на камэру на суткі. Ніводнай перадачы і ніводнага ліста нікому з сукамэрнікаў Аляксандра не аддалі.

Залівалі камэры хлёркай

Часам у камэры рабілі «вільготную прыборку»: зь сіняга вядра ў пакой вылівалі чатыры літры вады з хлёркай. Пасьля гэтага арыштанты залазілі на «шконкі», каб не таптацца па мокрай падлозе, а хтосьці адзін браў анучу і зьбіраў разьлітую вадкасьць у вядро.

Паводле Аляксандра, колькасьць ежы, якую давалі, дастатковая, аднак якасьць яе невысокая. Суму, якую за харчаваньне патрабуе пакрыць ЦІП, — 14,5 рубля за дзень, мужчына лічыць завышанай разы ў тры.

Ні душу, ні прагулак

Ні разу за гэты час не вадзілі ў душ, на шпацыр, не перадавалі перадач. «Памыцца» можна было толькі стоячы над унітазам і паліваючы сябе з бутэлькі. У суразмоўцы склалася ўражаньне, што ёсьць прапісаныя інструкцыі, як утрымліваць «палітычных» арыштантаў, якія спусьцілі зьверху для выкананьня, а супрацоўнікі ЦІП лічаць іх нормай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG