Да такой высновы прыйшлі экспэрты падчас падрыхтоўкі штогадовага Глябальнага індэксу правоў Міжнароднай канфэрэнцыі прафсаюзаў (ITUC).
У антырэйтынгу дзяржаў з найгоршымі ўмовамі для працоўных у 2021 годзе — Банглядэш, Беларусь, Бразылія, Калюмбія, Эгіпет, Гандурас, М‘янма, Філіпіны, Турэччына і Зымбабвэ.
«Урады і працадаўцы выкарыстоўвалі пандэмію для эксплюатацыі людзей — узмацнялі сачэньне, парушалі пагадненьні, звальнялі рабочых, блякавалі і запалохвалі прафсаюзы, зьвярталіся да гвалту і забойстваў», — адзначаецца ў справаздачы Міжнароднай канфэрэнцыі прафсаюзаў.
Сёлета істотна ўзрасла колькасьць краін, якія перашкаджалі рэгістрацыі прафсаюзаў, — ад 89 летась да 109 зараз. А лік краін, дзе свабода слова і сходаў была абмежаваная, павялічыўся з 56 у 2020 годзе да 64 у гэтым.
Асноўныя высновы Міжнароднай канфэрэнцыі прафсаюзаў:
- Беларусь і М’янма ўвайшлі ў дзясятку найгоршых краін для працоўных
- Працоўныя зазнавалі адвольныя арышты і затрыманьні ў 68 краінах
- Працоўныя зазнавалі гвалт у 45 краінах
- Прафсаюзныя актывісты забітыя ў шасьці краінах: Бразыліі, Калюмбіі, Гватэмале, М’янме, Нігерыі і Філіпінах
- Працоўныя ня мелі доступу да правасудзьдзя або мелі абмежаваны доступ да яго ў 65% краін сьвету.
Восьмае выданьне Глябальнага індэксу ацэньвае 149 краін паводле ступені выкананьня правоў працоўных.