Летась Анатоль Бокун ужо адседзеў 55 дзён за дзейнасьць у абарону працоўных.
«Затрыманьне адбылося ў 10:15. Узяў з сабой куртку, а таксама сабраную „трывожную торбу“, якая ў мяне заўжды з сабой. З Капыля павезьлі ў Салігорск, дзе пачалі складаць пратакол. Затрымлівалі нібыта паводле артыкулу 24.57 (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкай арганізацыі ці фонду), але пратакол склалі паводле 24.3 (непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы). Маўляў, калі прывезьлі ў РУУС, я адмаўляўся выходзіць з машыны, супраціўляўся. Справа ў тым, што па 24.57 мяне маглі затрымаць толькі на тры гадзіны, а тут на трое сутак», — расказаў Антатоль Бокун «Нашай Ніве».
Бокун удакладніў у міліцыянтаў, ці ёсьць у дворыку РАУС відэаназіраньне, каб праверыць, ці сапраўды ён адмаўляўся выходзіць з аўтамабіля. Тыя адказалі, што ёсьць, але запіс дэманстраваць адмовіліся, бо ў тэхнічнага супрацоўніка нібыта выходны дзень. У выніку час затрыманьня пазначылі як 11:20.
12 траўня адбыўся суд паводле артыкулу 24.23. Паколькі Анатоль Бокун прыцягваўся па ім не ўпершыню, судзілі па трэцяй частцы з найбольш магчымым тэрмінам — 30 сутак.
«Мая віна заключалася ў запісе відэазвароту да беларусаў, дзе я віншую людзей з Днём Волі. Запіс адбываўся 23 сакавіка, увагу грамадзкасьці я не прыцягваў, нічога не выкрыкваў. Але суд праходзіў стандартна, нічога новага».
Толькі 31 траўня прайшоў суд за «непадпарадкаваньне». Анатоль Бокун зазначае, што было шмат нестыковак і парушэньняў, але судзьдзя гэта праігнараваў. Да 1 чэрвеня ён знаходзіўся ў ІЧУ Салігорска, а ад 1 чэрвеня да вызваленьня — у Старых Дарогах.
«У нас у краіне нічога не мяняецца, там таксама. Мабыць, стала больш жорстка, у Салігорску зусім не выдавалі матрацаў, не аддавалі перадач. Палітычных болей не было. Кантынгент такі, што дома паскандаліў, і яго здалі ў міліцыю. Гэта не марское ўзьбярэжжа, дастаткова цяжка. Людзі, якія прайшлі праз калёніі і турмы, казалі, што гэта барак узмоцненага рэжыму і ў такі адпраўляюць за нейкія парушэньні».
Бокун кажа, што найбольш цяжка было існаваць без інфармацыі. Толькі адзін раз у камэру да яго трапіла газэта «Аргументы и факты». Тым ня менш нешта атрымлівалася пачуць і па радыё, напрыклад пра пасадку ў Менску самалёта Ryanair. Тады адразу падумаў, што кагосьці будуць здымаць з рэйсу, а каго менавіта, дазнаўся толькі празь некалькі тыдняў.
Бокун хвалюецца за свой пчальнік, ён пчаляр-пачатковец. Нават на судзе прасіў адкласьці пакараньне хоць бы да 20-х дзён траўня, калі скончыцца пэрыяд раеньня ў пчол. Мёд для яго — ледзьве не адзіная магчымасьць зарабіць.