Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія незалежныя прафсаюзы атрымалі прэмію «за абарону правоў у апошняй дыктатуры Эўропы»


Адзін зь лёзунгаў незалежных прафсаюзаў, архіўнае фота
Адзін зь лёзунгаў незалежных прафсаюзаў, архіўнае фота

17 чэрвеня ў онлайн-фармаце адбылося ўганараваньне Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго сяброўскіх арганізацый у якасьці ляўрэата міжнароднай прэміі імя Артура Свэнсана.

Старшыня арганізацыі Аляксандар Ярашук адзначыў падчас цырымоніі, што надзвычай ганарыцца прысуджэньнем такой узнагароды незалежным прафсаюзам краіны.

«Мы разумеем, што наша барацьба за свабоду і дэмакратыю, за тое, каб прынесьці свабоду працоўным нашай краіны, пакуль не завяршылася посьпехам, — цытуе яго агенцтва БелаПАН. — Справа, пачатая ў жніўні мінулага году, калі многія нашы сябры выйшлі на страйкі, змагаліся за тое, каб насталі перамены, каб мы сталі жыць ва ўмовах дэмакратыі, — пакуль яшчэ мы перамогі не дасягнулі. Але хачу запэўніць: мы абавязкова гэта зробім і апраўдаем узнагароду, якую лічым толькі авансам».

Па словах Аляксандра Ярашука, за савецкім часам і ў сучаснай Беларусі прафсаюзы служылі ўтылітарным інтарэсам палітычных партый і кіроўных рэжымаў. Аднак на пачатку 1990-х невялікая група людзей стварыла першыя незалежныя суполкі, якія ў 1993 годзе аб’ядналіся ў БКДП. Яны змаглі пайсьці сваім шляхам і несьлі прынцыпы незалежнага прафсаюзнага руху.

Прэмія Артура Свэнсана прысуджана незалежнаму прафсаюзнаму руху Беларусі ў красавіку за «бясстрашную барацьбу за дэмакратыю і асноўныя правы прафсаюзаў у апошняй дыктатуры Эўропы».

«Беларусь лічыцца адной з найгоршых краін у сьвеце ў пляне парушэньня правоў працоўных, — сказана на сайце прэміі. — Праваабарончыя арганізацыі на працягу многіх гадоў выказвалі заклапочанасьць зьнікненьнямі апанэнтаў, гвалтам з боку міліцыі і адсутнасьцю свабоды слова і асацыяцый. Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі ўзяць пад кантроль незалежныя прафсаюзы, ускладніць уступленьне ў іх шэрагі, яны не здаваліся і працавалі дзеля сваіх чальцоў».

Камітэт прэміі адзначыў, што на фоне «відавочна сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году сытуацыя ў Беларусі стала яшчэ горшай». Апазыцыя ва ўсіх яе формах зазнала на сабе жорсткасьць сілавікоў, яе прадстаўнікоў садзілі ў турмы і перасьледавалі.

У аргкамітэце заявілі, што пасьля падзеньня рэжыму і пры фармаваньні новага палітычнага і эканамічнага ладу краіны актыўны прафсаюзны рух, незалежны ад палітычных уладаў, будзе мець вырашальнае значэньне ў стварэньні грамадзтва, якое служыць пераважнай большасьці.

Міжнародная прэмія Артура Свэнсана заснавана нарвэскім прафсаюзам Industri Energi, які аб’ядноўвае работнікаў нафтавай, хімічнай, лясной прамысловасьці, мэталюргіі і фармацэўтыкі. Грашовая частка складае 500 тысяч кронаў (блізу 60 тысяч даляраў). Палова сумы ўручаецца непасрэдна пераможцу, другая частка ідзе на прафсаюзныя праекты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG