Адпаведнае рашэньне апублікаванае на сайце міністэрства.
Алег Сьліжэўскі ўжо ўваходзіць у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, куды яго ўнесьлі адразу пасьля выбараў як сябру ЦВК. У прычынах, празь якія ён патрапіў пад санкцыі, было зазначана:
«Парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў падчас выбараў 2020 году, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў».
Ён таксама быў у санкцыйных сьпісах ЗША і Эўразьвязу, уведзеных пасьля выбараў 2006 году ў шэрагу «ўрадоўцаў, адказных за фальшаваньне леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і разгон акцыяў апазыцыі». На той час ён быў начальнікам упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі.
Але, фігуруючы ў сьпісе службовых асобаў, на якіх распаўсюджваліся візавыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША, у сакавіку 2007-га Алег Сьліжэўскі наведваў Вену ў складзе беларускай дэлегацыі на нарадзе па чалавечым вымярэньні АБСЭ. У Вене ён тады расказваў пра інтэнсіўнае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі — пра 2000 зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, 17 палітычных партыяў, вялікую колькасьць прафсаюзаў.
У інтэрвію Свабодзе Алег Сьліжэўскі ў 2008-м так камэнтаваў, што знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе: «Тое, што гэтыя санкцыі ўвялі, ніяк не паўплывала на маё жыцьцё. Таму я да гэтага абыякава стаўлюся».
- На мінулым тыдні ЗША ўвялі санкцыі супраць 16 грамадзян Беларусі і 5 установаў.
- Сярод установаў пад санкцыямі, сярод іншых, апынуліся Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, Міністэрства ўнутраных спраў.
- У сьпісе грамадзян, якія трапілі пад санкцыі ЗША, у прыватнасьці: Іван Тэртэль — старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Андрэй Швед — генэральны пракурор, Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі.