21 чэрвеня ЭЗ зацьвердзіў чарговы пакет санкцый. У сьпіс трапілі два буйныя прамысловыя гіганты: МАЗ і БелАЗ. Глядзім, ці карысталася попытам іхная прадукцыя ў краінах ЭЗ.
Грузавыя аўтамабілі
Летась Беларусь прадала грузавікоў у краіны ЭЗ на 4,1 мільёна даляраў. Асноўныя пакупнікі ў ЭЗ — Польшча, Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія.
Але ўсё ж найбольш грузавых аўтамабіляў Беларусь прадавала і прадае ў Расею — на $342 млн за год, Індыю — на $83,5 млн за год, Украіну — $57,2 млн.
Самазвалы
Кар’ерных самазвалаў летась Беларусь прадала ў ЭЗ на 3,3 мільёна даляраў. Гэта толькі 10 адзінак. Агулам жа за год у розныя краіны Беларусь прадала 435 адзінак гэтай тэхнікі. З краін ЭЗ самазвалы куплялі Польшча, Баўгарыя.
Найбольш самазвалаў купляла Расея (на $106 млн), Індыя (на $83 млн), Узбэкістан (на $55 млн).
Украіна пакуль не далучалася да новых санкцый ЭЗ, але летась там купілі беларускіх самазвалаў на $13,7 млн.
Што цяпер з МАЗам і БелАЗам
Чысты прыбытак МАЗу за мінулы год — 142 тысячы рублёў, годам раней былі чыстыя страты на 497 тысяч рублёў. Па кароткатэрміновых абавязаньнях завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, за год гэты доўг вырас на 300 тысяч рублёў. Гэта вынікае з дадзеных адзінага парталу фінансавага рынку.
Па доўгатэрміновых пазыках завод вінен 487 мільёнаў рублёў, за год доўг вырас на 33 мільёны рублёў.
Чысты прыбытак БелАЗу за мінулы год — 30 мільёнаў рублёў, годам раней было 265 мільёнаў рублёў. То бок за год чысты прыбытак скараціўся ў 8 разоў. Колькасьць пэрсаналу скарацілася на 571 чалавека за год.
Па кароткатэрміновых абавязаньнях завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, па доўгатэрміновых — 394 мільёны рублёў.