Магчымае ўвядзеньне Эўразьвязам сэктаральных санкцый у дачыненьні беларускіх калійных угнаеньняў прывядзе да дэфіцыту хлёркалію на глябальным рынку і росту сусьветных цэнаў на харчы, заявілі «Інтэрфаксу» ў «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК).
Там адзначылі, што на долю беларускага калію прыпадае больш за 20% сусьветнага экспарту. Абмежаваньне такога значнага аб’ёму паставак прывядзе да рэзкага росту цэнаў на гэты від угнаеньняў, а як наступства вырастуць цэны на прадукты харчаваньня ва ўсім сьвеце, лічаць у прэс-службе БКК.
«Штучнае стварэньне рэзкага дэфіцыту калію на рынку падарве асновы міжнароднай харчовай бясьпекі, гарантавана запаволіць працэс разьвіцьця сусьветнай сельскай гаспадаркі і нанясе сур’ёзную шкоду мільярдам звычайных людзей па ўсім сьвеце», — гаворыцца ў заяве.
У прэс-службе таксама нагадалі, што, паводле прагнозу IFA (Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў мінэральных угнаеньняў), дэфіцыт калію на глябальным рынку захаваецца да 2050 году.
У БКК таксама заявілі, што «абсалютная большасьць краін ня мае ўласных запасаў калію, і абмежаваньне яго паставак прывядзе да зьніжэньня ці нават спыненьня ўнясеньня яго ў глебу ў найбольш адчувальных рэгіёнах сьвету».
Эўразьвяз у рамках санкцый мае намер забараніць транзыт і імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі. Пакет санкцый ахоплівае сем сэктароў эканомікі, у ліку якіх і гандаль беларускімі ўгнаеньнямі. Рашэньне чакаецца 24 чэрвеня.