Урад будзе выбіраць «адэкватныя захады рэагаваньня», заявіў Раман Галоўчанка.
«Зараз адпаведная служба вывучае тэкст санкцый у дачыненьні да нашых грамадзян і прадпрыемстваў. Выбіраем найбольш адэкватныя захады рэагаваньня з таго набору, які мы выпрацавалі і пра які даводзілі сыгнал нашым партнэрам. Думаю, не за гарамі той час, калі мы гэтыя рашэньні прымем».
Ён заявіў, што ўвядзеньне санкцый «дыскрэдытуе палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі». На яго думку, «дэкляраваць пры гэтым місію дзеля беларускага народу па меншай меры цынічна і беспрынцыпова».
Фармулёўкі Эўразьвязу перад санкцыямі супраць МАЗу і БелАЗу Галоўчанка назваў «дзікімі». Па яго словах, людзі, якія ўводзілі санкцыі, не ўяўляюць, што адбываецца ў краіне.
21 чэрвеня Эўразьвяз вырашыў увесьці санкцыі супраць 78 беларускіх фізычных асоб і 8 арганізацый з прычыны сытуацыі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Пад санкцыі, у прыватнасьці, падпалі міністар абароны Віктар Хрэнін, міністар транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, намесьнік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў. Акрамя іх, пад санкцыі падпалі і члены сям’і Аляксандра Лукашэнкі — яго сын Дзьмітры Лукашэнка і нявестка Лілія Лукашэнка.
Акрамя Эўразьвязу, санкцыі ўвялі Злучаныя Штаты супраць 16 грамадзян Беларусі і 5 установаў. Да санкцыяў далучыліся таксама Вялікая Брытанія і Канада.