Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры прайшлі дэбаты «Сытуацыя ў Беларусі: пагроза для ўсёй Эўропы»


Паседжаньне ПАРЭ, ілюстрацыйнае фота.
Паседжаньне ПАРЭ, ілюстрацыйнае фота.

Разьвіцьцё падзеяў вакол інцыдэнту з самалётам Ryanair абмяркоўвалася падчас дэбатаў «Сытуацыя ў Беларусі: пагроза для ўсёй Эўропы», якія правяла 23 чэрвеня ў францускім Страсбуры Парляменцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ).

Дэпутат ад Літвы: «Канцэнтрацыйны лягерам у цэнтры Эўропы»

«Дзяржаўны тэрарызм у Беларусі становіцца пагрозай для ўсёй Эўропы, у прыватнасьці для сумежных краін, — заявіў літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс. — Мы ня ведаем, якім чынам выкарыстаць усе дэмакратычныя магчымасьці, каб супрацьстаяць незаконнаму рэжыму Лукашэнкі, які накіраваны супраць сваіх грамадзян і супраць ўсёй Эўропы», — цытуе яго БелаПАН.

Ён таксама адзначыў, што беларускія ўлады стварылі штучную сытуацыю на мяжы зь нелегальнымі мігрантамі. Падобнымі дзеяньнямі дэстабілізуецца сітуацыя ва ўсёй Эўропе, падкрэсьліў эўрадэпутат. Акрамя таго, Эмануэліс Зінгерыс заклікаў падтрымліваць палітвязьняў, якія застаюцца ў турмах.

«Павінны прайсьці свабодныя выбары. Там цяпер дыктатура, якой ня было пасьля Другой сусьветнай вайны і „чорных палкоўнікаў“ у Грэцыі. Вельмі важна выйсці з тупіку. Складваецца адчуваньне, што мы ня можам нічога зрабіць з гэтым канцэнтрацыйным лягерам у цэнтры Эўропы. Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, але мы павінны паклапаціцца пра дэмакратычную будучыню беларускага народа, які патрабуе дэмакратыі. Важна патрабаваць правядзеньня датэрміновых выбараў у Беларусі».

Дэпутат ад Польшчы: «Дзяржаўнае пірацтва»

Польскі дэпутат Аляксандар Поцей адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, а інцыдэнт з самалётам Ryanair ён назваў «дзяржаўным пірацтвам, якое ідзе насуперак з усімі міжнароднымі правіламі і нормамі».

«Тысячы людзей — чальцы апазыцыі, журналісты і проста грамадзяне — апынуліся ў турмах, многія зь іх вымушаныя пакінуць краіну. Цяпер на літоўскай мяжы аказалася вельмі шмат нелегальных мігрантаў. І гэта пагроза для ўсёй шэнгенскай зоны, для ўсіх нас. Мы павінны дапамагчы беларускаму народу здабыць свабоду. Я перакананы, што ўжо ў хуткім часе гэтак жа, як мы 30 гадоў таму, беларусы змогуць вызваліцца ад дыктатуры».

Дэпутат ад Украіны: Парушэньне Чыкагскай канвэнцыі

Украінскі дэпутат Дзьмітры Наталуха прапанаваў стварыць спэцыяльную рабочую групу ў ПАРЭ, якой будзе даручаны маніторынг становішча з правамі чалавека ў Беларусі. І адзначыў, што сытуацыя з самалётам Ryanair зьяўляецца парушэньнем Чыкагскай канвэнцыі, а гэта падстава для таго, каб разглядаць дзеяньні беларускіх уладаў, як пірацтва.

Дэпутат ад Ісляндыі: «Небясьпечны прэцэдэнт»

Яго падтрымаў ісьляндзкі дэпутат Олафур Гунарсан, які лічыць, што інцыдэнт з самалётам зьяўляецца парушэньнем усіх працэдур грамадзянскай авіяцыі.

«Прымусовае зьмяненьне маршруту самалёта дзеля таго, каб затрымаць апанэнтаў рэжыму, непрымальнае. Неабходна, каб улады Беларусі неадкладна вызвалілі тых, каго яны зьнялі з самалёта і кінулі ў турму. Інакш гэта стане небясьпечным прэцэдэнтам. Неабходна аказаць адпаведны ціск на ўлады. Давайце не будзем забываць, што ў апошнія гады неаднаразова пасажырскія самалёты станавіліся мішэнню ў канфліктах, што прыводзіла да жудасных наступстваў і небясьпекі для жыцьця пасажыраў».

Дэпутат ад Вялікай Брытаніі: «Лукашэнка ня выйграў на прэзыдэнцкіх выбарах»

Брытанскі дэпутат Тоні Лойд адзначыў, што апазыцыя павінна быць у парлямэнце, а не за кратамі.

«Сьвет лічыць, што Лукашэнка ня выйграў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах. Гаворка пра фальсыфікацыі вынікаў. Рэакцыя міжнароднай супольнасьці мусіць быць адназначнай, санкцыі павінны быць ўзмоцненыя. Калі такія абуральныя падзеі адбываюцца, міжнародная супольнасьць павінна рэагаваць».

Дэпутат ад Расеі: «Рыхтаваўся пераварот з забойствам прэзыдэнта»

Некалькі выступоўцаў выказаліся ў падтрымку беларускіх уладаў, сярод іх — расейскі дэпутат Сяргей Кісьляк. Ён перакананы, што ў Беларусі «рыхтаваўся пераварот з забойствам прэзыдэнта».

«Не магу адагнаць адчуваньня, што сама пастаноўка пытаньня пра пагрозу Эўропе ад Беларусі і тон, які задаюць ініцыятары, прымушаюць нашу арганізацыю зноў уцягвацца ў дыскусіі эпохі постпраўды. Усе аргумэнты пабудаваныя альбо на скажэньні, альбо на поўнай адсутнасьці тлумачэньняў прычын таго, як на самой справе разьвіваецца сытуацыя ў Беларусі. А яна такая, што звонку яе спрабуюць разгайдаць шляхам падтрымкі апазыцыі, якая гастралюе па эўрапейскіх сталіцах».

Дэпутат ад Азэрбайджану: «Мы знаходзімся практычна ў стане вайны»

Дэпутат Самэд Сэідаў з Азэрбайджану лічыць, што цяпер пераважаюць радыкальныя меркаваньні. Ён прапанаваў «наведаць Беларусь і паглядзець, што там адбываецца знутры».

«Усе мы ведаем, да чаго прыводзяць санкцыі — да разрыву ўсіх адносінаў зь Беларусьсю. На сёньня мы знаходзімся практычна ў стане вайны — эканамічнай, ідэалягічнай, культурнай. А нам неабходна ісьці шляхам перамоваў. Я заклікаю Раду Эўропы знайсьці сілы, мудрасьць і пачаць перамовы. Важна гаварыць зь людзьмі, якія жывуць у Беларусі, і гэта адзіны шлях, які дазволіць прадухіліць трагедыю. Мы павінны дыстанцыявацца ад пасьпешлівых рашэньняў, якія прынясуць пакуты ўсёй Эўропе».

Па выніках праведзенай дыскусіі ніякіх рэзалюцый ПАРЭ прымаць не плянуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG