Пазоўнікі ўпэўненыя, што ўжываньне гэтага заканадаўства парушае артыкулы Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека.
Прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай неаднаразова заяўляў аб рашучасьці мэдыяарганізацыі працягваць працу ў Расеі: «РСЭ/РС падае сваёй аўдыторыі сумленныя навіны і збалянсаваную інфармацыю, для таго каб грамадзяне Расеі, як заўважыў адзін з нашых журналістаў, „не прывыкалі да няпраўды і не жылі ў хлусьні“».
Разам са скаргай Радыё Свабода прыняты і пададзены ў 2019 годзе пазоў The New Times і яго галоўнай рэдактаркі Яўгеніі Альбац, які тычыцца накладзенага на выданьне штрафу на 22 млн рублёў за тое, што «Роскомнадзору» не даслалі ў тэрмін інфармацыю аб замежным фінансаваньні.
Абедзьве скаргі ЭСПЧ аб’яднаў у адну справу і надаў ім прыярытэт, таму заяўнікі разьлічваюць на хуткі разгляд справы. Паводле некаторых ацэнак, суд можа вынесьці рашэньне ўжо ў наступным годзе.
ТАА «РСЭ/РС» прадстаўляе ў Расеі інтарэсы мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. У 2017 годзе яе расейскамоўныя праекты Міністэрства юстыцыі РФ унесла ў пералік СМІ — «замежных агентаў». Карпарацыя ня лічыць сябе «агентам», бо яе рэдакцыйная палітыка цалкам незалежная, а ўсе патрабаваньні расейскага заканадаўства выконваюцца.
У 2020 годзе «Роскомнадзор» запатрабаваў маркіраваць матэрыялы «замежных агентаў», аднак Радыё Свабода адмовілася выконваць гэтыя патрабаваньні, расцэньваючы іх як спробу ўмяшаньня ў рэдакцыйную палітыку і парушэньне Канстытуцыі Расеі. Пасьля гэтага на ТАА «РСЭ/РС» і яе гендырэктара Андрэя Шарага «Роскомнадзор» пачаў складаць пратаколы аб парушэньні маркіроўкі.
У суды накіравана 520 пратаколаў, агульная сума штрафаў ужо перавысіла 80 млн рублёў. Усе апэляцыі нязьменна застаюцца без задавальненьня. У траўні судовыя прыставы заблякавалі банкаўскія рахункі ТАА.