Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША абмеркаваў з кіраўніцай Агенцтва глябальных мэдыя ЗША ціск Масквы на Радыё Свабода


Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе
Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен выказаў заклапочанасьць у сувязі з намаганьнямі расейскіх уладаў, накіраванымі на спыненьне дзейнасьці Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Расеі на падставе закону аб «замежных агентах», паведаміў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс

6 красавіка Блінкен сустрэўся з часовай выканаўцай абавязкаў кіраўніцы Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) Келу Чао. Суразмоўцы абмеркавалі ролю незалежных мэдыя ў захаваньні і прасоўваньні дэмакратычных прынцыпаў ва ўсім сьвеце.

У апошнія месяцы Масква ўвяла абавязковае патрабаваньне пазначаць усе расейскамоўныя матэрыялы указаньнем на статус «замежнага агента». Адмова ад выкананьня гэтага патрабаваньня цягне за сабой штраф або крымінальны перасьлед журналістаў Радыё Свабода і «Голасу Амэрыкі», якія працуюць у Расеі. Мэта такога ціску — прымусіць замаўчаць галасы незалежных рэпартэраў, адзначаецца ў заяве, распаўсюджанай Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША.

Расейскі рэгулятар «Роскомнадзор» за апошнія месяцы выставіў расейскай службе РСЭ/РС штрафныя санкцыі на суму каля 1 мільёна даляраў, налічыўшы ў яе працы каля 400 парушэньняў закону аб «замежных агентах».

Прэзыдэнт радыёкарпарацыі Джэймі Флай раней заявіў, што нягледзячы на судовы перасьлед і ціск Крамля, РСЭ/РС не пакіне сваю аўдыторыю ў Расеі, якая пашыраецца. «Нас, РСЭ/РС, ня спыняць спробы паўплываць на нашу рэдакцыйную незалежнасьць і падарваць здольнасьць дастукацца да чытачоў, гледачоў і слухачоў у той момант, калі расейскае грамадзтва адчувае вострую патрэбу ў аб’ектыўнай і незалежнай інфармацыі». Папулярнасьць РСЭ/РС няўхільна расьце: у прыватнасьці, у 2021 годзе сайты расейскай службы Радыё Свабода рэгіструюць больш за 16 мільёнаў наведаньняў за месяц.

Радыё Свабода і яго рэгіянальныя праекты, тэлеканал «Настоящее время», а таксама яшчэ некалькі падразьдзяленьняў РСЭ/РС былі ўключаныя ў сьпіс «СМІ – замежных агентаў» у канцы 2017 году. Рэдакцыі, унесеныя ў пералік міністэрства, абавязаныя даваць фінансавыя справаздачы аб сваёй дзейнасьці і пэўным чынам маркіраваць свае публікацыі.

РСЭ/РС выконвае сфармуляваныя ў 2017 годзе патрабаваньні расейскага заканадаўства аб СМІ – «замежных агентах», аднак ацэньвае дзеяньні расейскіх уладаў у гэтым кірунку як «небясьпечныя намаганьні, накіраваныя на перасьлед журналістаў, як крокі да таго, каб грамадзяне Расеі атрымлівалі толькі ўхваленую Крамлём інфармацыю».

Кіраўніцтва РСЭ/РС неаднаразова адзначала, што статус РСЭ/РС не дапускае палітычнага і цэнзурнага ўмяшаньня ў рэдакцыйную палітыку зь якога б то ні было боку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG