Экс-старшыня парлямэнту Літвы Вітаўтас Ландсбергіс даў інтэрвію DELFI TV, у якім выказаўся і адносна сытуацыі ў Беларусі.
На пытаньне пра сцэнар для будучыні Беларусі Ландсбергіс адказаў, што ўсё будзе так, як скажа прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін:
«Усе сцэнары ў руках у Пуціна. Што абярэ Пуцін, тое і будзе. Пабачым. Можа, яшчэ падтрымае Лукашэнку, пакуль Захад дазволіць сябе дурыць. Захад увесь час дураць, нібыта ёсьць нейкі Лукашэнка. Няма яго, ёсьць халоп Пуціна, пуцінскі халоп у Менску, які робіць тое, што яму кажуць або дазваляюць, і ня болей. Я ня ведаю, ці дазволілі б зьбіць самалёт, але пагражаць, выкрадаць самалёт дазволілі, і за гэта не адказвае Лукашэнка, за гэта адказвае Пуцін, бо вайсковыя самалёты, якія ахоўваюць мяжу, — гэта расейскія самалёты, якія па дамове ахоўваюць межы Беларусі. Гэтыя верталёты — з Расеі. Усе прыкідваюцца дзіцячым садком, паколькі нязручна згадваць пра Пуціна», — кажа Ландсбергіс.
На пытаньне, наколькі рэальныя пляны аб’яднаньня Расеі і Беларусі, Ландсбергіс адказаў наступным чынам:
«Лукашэнка ўліп, калі падпісаў нейкую паперку. На самой справе гэтыя паперкі ня маюць ніякай юрыдычнай сілы, але для такіх начальнікаў, як Пуцін, юрыдычная сіла ня мае ніякага значэньня, галоўнае — сіла і факт. Калі прымуць рашэньне, што палітычных нязручнасьцяў і стратаў будзе болей, чым карысьці, тады і забяруць, зробяць напалову губэрню, можа, захаваецца назва Беларусь. Тут усё разьвіваецца вельмі хутка».
Ландсбергіс заўважыў, што беларусы пакуль не паказалі сваёй гатоўнасьці змагацца за свабоду. «Але што такое беларускае грамадзтва, і на што здольная яго думка? Паводле апытаньняў, калі яны надзейныя, можа, і так, — беларускае грамадзтва не настроенае змагацца за незалежнасьць. Увесь час гавораць толькі пра тое, што Лукашэнка недастаткова добры, лепш замяніць яго «Шукаленкам» (так у інтэрвію.— РС).
На пытаньне, ці можа ў плянах Пуціна быць набліжэньне да Балтыі празь Беларусь, Ландсбергіс сказаў, што ў гэтым няма ніякіх сумневаў:
«Вядома. Празь Беларусь будуць браць краіны Балтыі. З аднаго боку, Літву шантажуюць бомбай у Астраўцы, Лукашэнка ўжо абмовіўся, што прастору трэба абараняць, бо тэрарысты могуць напасьці на Астравец. Беларусь зачынілася, але яна яшчэ наблізіць свае базы, вайскоўцаў да мяжы, каб абараняцца ад літоўскіх тэрарыстаў. Бо яны ўсё робяць па старых мадэлях, калісьці адпрацаваных у Маскве. Яны самі тэрарысты, але складаюць сьпісы тэрарыстаў, і вось у такі сьпіс трапіў Пратасевіч, што зь ім рабіць — трэба судзіць і, можа, прысудзіць сьмяротнае пакараньне — там учынена самаўпраўства, гэта краіна тэрору, там няма пра што гаварыць. Няма дзяржавы, ёсьць дзьве зьлепленыя дзяржавы, начальнік сядзіць у Маскве», — кажа Ландсбергіс.
«Я бачу нагоду для страху ў Літве, — перакананы экс-кіраўнік літоўскага парлямэнту. — Страху, які можа прымусіць слухаць тых, хто кажа — трэба прыстасавацца, ня трэба нікога злаваць, калі Расея чагосьці патрабуе. А можа, запатрабуе, каб амэрыканскія самалёты ў Зокняй (літоўская авіябаза. — РС) ня лёталі, паколькі гэта вялікая пагроза для Расеі. Такое пачнецца, і я баюся, што могуць разглядаць, асабліва калі амэрыканцы з гэтым пагодзяцца. Дый незразумела, якім будзе вынік сустрэчы Байдэна з Расеяй, незразумела, для чаго патрэбная гэтая сустрэча. Амэрыцы яна не патрэбная. Пуціну патрэбная, але яны ўсё так зрабілі, што запрашае Байдэн. Вядома, гэта будзе прадстаўлена як прабачэньні. Там сядзіць забойца, а ты хочаш зь ім па-сяброўску гаварыць. Гэта значыць, што на самой справе ён не забойца, і ты згодны з гэтым, ён роўны табе ва ўсіх адносінах. Я думаю, Байдэн павінен перагледзець сьпіс сваіх дарадцаў, якія яму такое прапануюць. Гэта відавочна выгадна Пуціну».
На пытаньне, ці ня трэба перагледзець нацыянальныя інтарэсы бясьпекі і абароны, Ландсбергіс заўважыў, што гэта важна.
«Па-першае, Расея там (у Беларусі) ёсьць і цяпер, гэта толькі пытаньне назвы. А ад каго трэба абараняцца і каго абараняць, дык абараняць трэба нашых жыхароў. Бо абвешчаныя прысуды, абвінавачваньні ў адрас літоўскіх судзьдзяў, якія адважыліся судзіць грамадзянаў Расеі за забойства 13 студзеня (1991. — РС). Вынесены прысуд; напрыклад, калі выкрадуць, кудысьці павязуць і там будуць судзіць літоўскіх судзьдзяў, можна толькі ўявіць, які лёс іх чакае, гэта як Пратасевіч зь ягонай дзяўчынкай. Што зь імі робяць, ніхто ня ведае. І гэта дазволена, паколькі ўмешвацца нельга. А ўва што нельга ўмешвацца? У пытаньні чалавечнасьці. Даўно было сказана, што няма межаў, якія абараняюць сувэрэнітэт тырана. Тыран ёсьць тыран. Здымаць перад ім капялюш і прасіць прабачэньня, што мы дазваляем сабе выказваць заклапочанасьць? Гэта дзіцячы садок», — кажа Ландсбергіс.
На пытаньне, ці можа Пуцін зь нейкай прычыны ахвяраваць Лукашэнкам, Ландбергіс адказаў, што такая карта ў Пуціна ёсьць. «Можа, Лукашэнка — запасная карта, раптам Пуцін стане вельмі добрым, тады санкцыі за вайну ў Украіне адменяць. Можа, запатрабуе наўзамен вывесьці амэрыканцаў з краінаў Балтыі. Што хочаш можа запатрабаваць, калі ёсьць падатлівы матэрыял, які саступае».
«Заўсёды ёсьць выхад, — перакананы Ландсбергіс. — Трэба быць гатовым да абароны. Украіна павінна быць гатовая абараняцца сама, Амэрыка ня стане на яе абарону. Пра гэта, мабыць, ужо дамовіліся, а можа, і была такая цана, што амэрыканцы больш не перашкаджаюць і ўхваляюць Nord Stream. Бо гэта адбылося, і некаторыя калегі думаюць: калі Пуцін наўпрост не нападае на Кіеў і не прыбірае войска цалкам, а толькі трохі, што ён атрымаў наўзамен? І вось адразу ж Nord Stream — добры праект, мы ня супраць. Можа, гэта і ёсьць тая цана. Але калі можна атрымліваць такія зьніжкі, якія зьмяняюць палітыку ЗША, гэта зацьвярджаецца Кангрэсам і дэкрэтамі былога прэзыдэнта, значыць, шмат што можна аддаць».
Паводле Ландсбергіса, вельмі шмат сыгналаў дае сустрэча Байдэна і Пуціна. «Я думаю, што камунікацыя павінна быць вельмі зразумелая. Трэба разумець, што мы маем справу зь вялікім тэрарызмам і тэрарыстычным рэжымам у Маскве, а Менск — толькі філіял, але празь яго можна весьці праверкі. Такой праверкай можа быць сустрэча Байдэна і Пуціна, калі на ёй выкажуць пажаданьне вярнуць захопленых людзей, асудзяць такія дзеяньні, а ў адказ скажуць — гэта ня мы», — сказаў Ландсбергіс.
Днямі міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў, што цяпер небясьпечна ўсім, хто знаходзіцца ў Беларусі — ня толькі апазыцыянэрам, якія знайшлі прытулак у Літве.
«Усё можа быць. Вядома, павінен быць выбар. Можа, ДДБ (Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы. — РС) парупіцца, можа, ёсьць асаблівыя паўнамоцтвы, дадатковыя рэсурсы для аховы людзей. А што адбываецца на мяжы — шмат запушчаных момантаў. Можа, ня думалі, што тэрарызм будзе так прагрэсаваць, але ён гэта робіць, бо Лукашэнка ня бачыць іншага шляху ці ня можа прыдумаць. Тут яму прасьцей даць па галаве — і гатова», — сказаў прафэсар.
Паводле яго слоў, у Пуціна ёсьць таемная карта, калі ён захоча, то выкарыстоўвае яе супраць Лукашэнкі.
«Ім (Пратасевічу і Сапезе) цяпер таксама могуць казаць: чаго ляцелі? Таму, як звычайна кажуць, што ніхто ня думаў, што яны могуць пераступіць гэтую рысу. Яны перакрочаць якую заўгодна рысу, калі вырашаць, што гэта на карысьць, гэта трэба і дасьць эфэкт. Эфэкт ёсьць. Я думаю, што ён шкодны для Беларусі як краіны, для жыхароў, але наўрад ці ён на шкоду Лукашэнку, пакуль Пуцін не захоча яго „зьняць“. Калі б хацеў, то выкарыстаў бы супраць яго. Сказаў бы: вось які гэты Лукашэнка, што ён нарабіў, а я нічога ня ведаў, зараз я ад яго адракуся. У яго можа быць і такая карта ў кішэні», — лічыць Ландсбергіс.